Гродзенская епархія

Праасвяшчэнны АРЦЕМІЙ (Кішчанка Аляксандр Анатольевіч), епіскап Гродзенскі і ВаўкавыскіПравячы архіерэй: Праасвяшчэнны АРЦЕМІЙ (Кішчанка Аляксандр Анатольевіч), епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі.

Нарадзіўся 25 красавіка 1952 г. у Мінску, у сям’і служачага. Па нацыянальнасці – украінец. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі (1969—1973 гг.). Служыў у Савецкай Арміі (1973—1975 гг.). У 1976—1979 гг. вучыўся ў Ленінградскай Духоўнай семінарыі, у 1979—1982 гг. – у Ленінградскай Духоўнай Акадэміі.

21 лютага 1982 г. рукапаложаны ў сан дыякана, у гэтым жа годзе прыняты ў Мінскую епархію і прызначаны на пасаду дыякана Свята-Аляксандра-Неўскай царквы г. Мінска. У 1984 г. рукапакладзены ў сан іерэя Свята-Аляксандра-Неўскай царквы г. Мінска. У 1993 г. узведзены ў сан протаіерэя. Кіраваў нядзельнай школай пры Свята-Аляксандра-Неўскай царкве і выкладаў “Асновы Праваслаўя” і “Катэхізіс” на Багаслоўскім факультэце пры Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэце.

3 студзеня 1996 года пастрыжаны ў манцію з імем Арцемій у імя вмч. Арцемія (памяць 20/2 лістапада). 3 лютага 1996 г. узведзены ў сан архімандрыта. 4 лютага 1996 г. хіратанісан у епіскапа з тытулам “Гродзенскі і Ваўкавыскі”. Кафедральнымі саборамі епархіі з`яўляюцца Свята-Пакроўскі ў Гродне і Свята-Мікалаеўскі ў Ваўкавыску.

З гісторыі Гродзенскай епархіі

Гродзенскі кафедральны Свята-Пакроўскі саборУ Гародні, адным са старажытных беларускіх гарадоў, і на Гарадзеншчыне пра распаўсюджанне хрысціянства і існаванне праваслаўных цэркваў вядома з 11 ст. Згодна з Кіеўскім Пацерыком, Горадзен, Наваградак, Ваўкавыск адносіліся да Кіеўскай мітраполіі і былі «ў паслушанні» Тураўскай епіскапіі. Найбольш старажытныя Гарадзенскія храмы — Ніжняя (пабудавана ў 1130-я гг.) і Верхняя цэрквы (канец 13—сярэдзіна 14 ст.), якія разам з яшчэ некалькімі цэрквамі-крэпасцямі атачалі Стары і Новы замкі. У 12 ст. былі пабудаваны Прачысценская царква на Падзамчышчы, дзе пазней быў базыльянскі манастыр, а таксама Уваскрасенскі храм (2-я палова 12 ст.). У 12 ст. мураваны храм быў пабудаваны ў Ваўкавыску.

Гісторыя храма ў гонар св. князёў Барыса і Глеба на высокім беразе Нёмана, што захаваўся да нашага часу, сведчаць пра вялікую любоў і шанаванне гарадзенцамі сваіх святыняў. Барыса-Глебская (Каложская) царква была ў 1180-х гг. закладзена гарадзенскім князем Мсціславам у гонар святых заступнікаў яго забітых братоў. Утрыманне храма і манастыра пры ім адбывалася дзякуючы патранату мясцовага знатнага роду – Богуш-Багавіцінавічаў. З 17 ст. тут знаходзілася цудадзейная Каложская ікона Божае Маці. Пасля таго, як царкоўны будынак часткова разбурыўся, у 1853 г. ікону перамясцілі ў мужчынскі Барыса-Глебскі манастыр, дзе яна знаходзілася да Першай сусветнай вайны..

У 15 ст. акрамя названых у Гародні дзейнічалі Свята-Мікалаеўская, Свята-Сімяонаўская, Свята-Троіцкая, Крыжаўздзвіжанская цэрквы. У пач. 16 ст. пры Прачысценскай царкве (згарэла ад пажару каля 1654 г.), быў заснаваны жаночы Ражджаства-Багародзіцкі манастыр, які аднавіў сваю дзейнасць у наш час.

Рэшткі храма 12 ст. знойдзены ў Ваўкавыску. Да 14 ст. адносіцца ўзвядзенне замкавай царквы ў Лідзе. К канцу 16 ст. наГарадзеншчыне дзейнічала даволі густая сетка праваслаўных храмаў. Вялікім аўтарытэтам карысталіся Супрасльскі Благавешчанскі і Заблудаўскі Успенскі манастыры, заснаваныя Аляксандрам і Грыгорыем Хадкевічамі ў 15 ст. (цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча), а таксама Голдаўскі (Лідскага павету) і Свята-Успенскі ў Жыровічах (16 ст.).

Ад прыняцця хрысціянства Гарадзенскія землі, як і ўсе беларускія, былі ў падначаленні Кіеўскіх мітрапалітаў, а з 14 ст. цэрквы і манастыры адносіліся да заснаванай Літоўска-Навагрудскай мітраполіі з цэнтрам у Наваградку.

Брэсцкая царкоўная унія 1596 г. прынесла вялікія нягоды і страты Праваслаўнай Царкве. Мітрапалічая кафедра ў Наваградку перайшла да уніяцкага мітрапаліта, адбываўся гвалтоўны захоп праваслаўных епіскапій. Праваслаўнае насельніцтва як магло змагалася за веру сваіх продкаў. Яшчэ да прыняцця уніі праваслаўныя Навагрудка аб‘ядналіся пад началам ваяводы Фёдара Скуміна-Тышкевіча, які хадайнічаў перад каралём аб скліканні сабора праваслаўнага духавенства і міранаў для асуджэння епіскапаў-адступнікаў. Земскія паслы ад Наваградка на генеральным сейме 1596 г. у Варшаве звярталіся з просьбай да караля аб пазбаўленні названых епіскапаў кафедр і заяўлялі, што не дапусцяць у сваіх памесцях іх духоўнай улады. Аднак пры падтрымцы каралеўскай улады пачалося актыўнае насаджэнне уніі з уціскам праваслаўных. Манастыры, цэрквы і царкоўная маёмасць гвалтоўна перадаваліся уніятам. Пасля універсалу новага караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV (1633 г.) аб вяртанні праваслаўным некаторых цэркваў і манастыроў сярод 19 вернутых храмаў была і царква Святога Спаса ў Лідзе.

На працягу 2-й паловы 16 і ў 17 ст. на тэрыторыі Гарадзеншчыны каталіцкія ордэны актыўна засноўвалі свае касцёлы, кляштары, навучальныя установы. Адначасова уніяцкі ордэн базыльянаў заснаваў Гарадзенскі жаночы манастыр Ражджаства Багародзіцы; пры былой праваслаўнай Прачысценскай царкве (1720), Наваградскі Барыса-Глебскі (1632), Мірскі (1705), Дарэўскі (1713). Праваслаўнымі заставаліся толькі Свята-Ануфрыеўскі Яблачынскі і Голдаўскі манастыры.

Канец 18 ст. прывёў унію да цеснага збліжэння з лацінствам, што выклікала незадавальненне самаго уніяцкага (белага) духавенства. Гэта было пачаткам крызісу і распадзення уніяцкай царквы.

З 1765 г. уніяцкія храмы і манастыры Гродзенскай губерні адыйшла да створанага Брэсцкага уніяцкага епіскапства, якое першапачаткова адносілася да Уладзімірскай епархіі, а з 1798 г. дзейнічала як самастойнае. У 1798 – 1828 гг. епіскапам Брэсцкім з рэзідэнцыяй у Навагрудку быў Іясафат Булгак, ураджэнец Слонімскага павета, які рабіў захады па вяртанні ў унію прыходаў, якія пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшлі да Праваслаўя. У пачатку 19 ст. у Гродне не было ніводнага праваслаўнага храма. Па просьбе вернікаў у 1804 г. фарны касцёл, апусцелы пасля пажару, быў пераўтвораны ў Сафійскі сабор. У 1843 г. быў заснаваны Гродзенскі праваслаўны Ражджаства-Багародзіцкі жаночы манастыр.

Пасля стварэння па ініцыятыве уніяцкага мітрапаліта Іраклія Лісоўскага мітрапалічай епархіі з цэнтрам у Вільні, епархія Брэсцкая скарацілася да памераў Гродзенскай губерні, Беластоцкай вобласці і Слуцкага, Пінскага, Мазырскага і Рэчыцкага паветаў Мінскай губерні. У гэты час месцапрабываннем архіепіскапа быў Жыровіцкі манастыр.

Па загаду імператара Паўла I ў 1828 г. замест епархій Луцкай, Брэсцкай, Віленскай і Полацкай былі створаны дзве епархіі – Літоўская і Беларуская. У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяцкія прыходы Гро-дзенскай і Віленскай губерняў, а таксама Беластоцкай вобл., паўночных паветаў Валынскай і Падольскай губерняў. Епіскапам утворанай Літоўскай епархіі быў пастаўлены Іосіф Сямашка, будучы арганізатар Полацкага сабора 1939 г.

У 1828 г. на аснове павятовага вучылішча была заснаванаЖыровіцкая духоўная семінарыя, першым рэктарам якой быў прызначаны Антоній (Зубко), які з 1833 г. стаў епіскапам Брэсцкім, вікарыем Літоўскай уніяцкай епархіі. З 1848 г. рэзідэнцыя вікарыя Літоўскай епархіі – епіскапа Брэсцкага і Гродзенскага размяшчалася ў Гродзенскім Барыса-Глебскім манастыры. У 1840 г. у Гродзенскай губерні ўжо налічвалася 304 храмы.

Гродзенская праваслаўная епархія ўтворана ў 1900 г. з часткі Літоўскай праваслаўнай епархіі. Правячы архіерэй меў тытул «епіскап Гродзенскі і Брэсцкі». У 1900—1901 гг. у Гродзенскай губерні налічвалася 654 царквы, 4 манастыры, 1296 царкоўных школ. Праваслаўныя складалі пераважную частку насельніцтва (896914 чал. на 1600000 усяго насельніцтва). У1904 —1915 гг. у Гродне дзейнічаў царкоўна–археалагічны камітэт, які займаўся зборам, вывучэннем і папулярызацыяй царкоўнай пісьмовай і матэрыяльнай культуры. Быў створаны музей («сховішча старажытнасцей»), які размяшчаўся ў памяшканні Барыса-Глебскага манастыра. Пра вынікі дзейнасці царкоўна-археалагічнага камітэта сістэматычна пісалася ў «Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях».

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.