Магілёўская епархія

У 2-й палове 17 ст. Магілёў, у адрозненне ад іншых гарадоў, заставаўся пераважна праваслаўным. Але і тут умацоўвала свае пазіцыі каталіцкая царква, каталіцкія ордэны заснавалі свае кляштары ў Магілёве і Бялынічах. У 1692 г. кароль Рэчы Паспалітай выказаў намер гвалтоўна перавесці магіляўчан у унію, калі яны не зробяць гэта добраахвотна. У 1747—1750 гг. магілёўскай кафедрай валодалі уніяты, што прывяло да значнага скарачэння колькасці прыходаў. У 1755 г. была нават спроба зачыніць кафедру. Зацверджаныя польскім каралём праваслаўныя епіскапы падвяргаліся пераследу, які працягваўся да 1772 г. Пасля пераходу Кіеўскай мітраполіі пад юрысдыкцыю Маскоўскай Патрыярхіі (1685) магілёўскіх епіскапаў прызначала Масква, але зацвярджаліся яны, як і раней, каралямі Рэчы Паспалітай.

 

 

Нягледзечы на складаныя, часам трагічныя абставіны, на Магілёўскай зямлі працягвалі існаваць значныя цэнтры праваслаўя: Баркалабаўскі (1626), Аршанскія Богаяўленскі (1632) і Успенскі (1631), Буйніцкі Свята-Духаўскі (1633), Мазалаўскі Увазнясенскі (1665) манастыры. Акрамя таго, да стварэння Мінскай епархіі Магілёўскай кафедры падначальваліся фактычна ўсе праваслаўныя манастыры, якія існавалі на беларускіх землях. Магілёў з’яўляўся адным з буйнейшых цэнтраў кнігадрукавання, мастацтва гравюры і іконапісу.

Надзвычай вялікую працу па адстойванні правоў вернікаў, па вяртанню Праваслаўнай царкве былога аўтарытэту здзейсніў свяціцель Георгій (Каніскі; 1717—1759; памяць 13/26 лютага; 24 ліпеня/6 жніўня), выдатны царкоўны і грамадскі дзеяч, пастаўлены на Магілёўскую кафедру ў 1755 г. Яго стараннем ў Магілёве былі адкрыты друкарня і духоўная семінарыя, дзе ў канцы 18 ст. навучалася ад 100 да 400 асоб. Адраджаліся многія прыходскія храмы і манастыры, прымусова далучаныя да уніі або рыма-каталіцтва. Пасля спачыну свяціцель быў пахаваны ў Магілёўскім Спаскім кафедральным саборы. Кананізаваны Праваслаўнай царквой у 1993 годзе.

У 1774 г. пасля далучэння Магілёва да Расіі Магілёўская праваслаўная епархія уключала, акрамя Магілёва, Оршу, Мсціслаў, Рагачоў, Гомель. З заснаваннем у 1793 г. Мінскай епархіі і аднаўленнем старажытнай Полацкай епархіі Магілёўская скарацілася да межаў Магілёўскай губерні, з 1833 г. называлася “Магілёўская і Мсціслаўская”.

На працягу 1830-х –1840-х гг. адбывалсая паступовае вяртанне уніятаў да Праваслаўя. Архіепіскап Магілёўскі Гаўрыіл (Гарадкоў) пісаў у 1836 г., што за два гады каля 35 тыс. уніятаў падначаленай яму епархіі вярнулася ў Праваслаўе. З 1883 г. пачалі выходзіць “Магілёўскія епархіяльныя ведамасці” (выдаваліся да 1917 г.)

У 1892 г. у епархіі было 1360 царкоўна-прыходскіх школ, 6 двухкласных царкоўна-настаўніцкіх школ, у якіх навучалася больш за 30 500 чалавек. У 1907 г., паводле дадзеных Магілёўскай духоўнай кансісторыі, у епархіі было 846 цэркваў, 14 манастыроў (8 мужчынскіх і 6 жаночых), пастырскае служэнне здзяйснялі 590 святароў, пры цэрквах працавала 556 царкоўных бібліятэк.

У 1897 г. створана епархіяльнае сховішча старажытнасцей, якое ў 1904 г. пераіменавана ў царкоўна-археалагічны музей. Царкоўна-археалагічны музей і духоўнае вучылішча былі створаны ў Мсціславе.

У 1917—18 г. амаль усе манастыры Магілёўшчыны былі зачынены. Пачаліся акцыі па канфіскацыі царкоўнай маёмасці, пераследаванне і рэпрэсіі святарства. У 1920—30-я гг. епархіяй кіравалі абнаўленцы, якія стварылі ў 1924 г. Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. У сярэдзіне 1930-х гг. яе прыходы перайшлі пад юрысдыкцыю кананічнай Мінскай епархіі. Жорсткая антырэлігійная палітыка савецкай улады ў 1930-я гг. фактычна спыніла дзейнасць Магілёўскай праваслаўнай епархіі. Органы ДПУ стварылі гучную справу “Аб контррэвалюцыйнай царкоўна-паўстанцкай арганізацыі ў Магілёўскім, Чавускім, Слуцкім, Віцебскім, Бешанковіцкім і іншых раёнах БССР”, па якой было беспадстаўна прыцягнута 79 чалавек. Да 1936 г. у Магілёве з 18 было закрыта 15 храмаў, у Шклоўскім раёне, дзе было 25 цэркваў, не засталося ніводнай.

У сакавіку 1942 г. епархія была адноўлена ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Епіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім быў Філафей (Нарко). Пасля вайны епіскапы на Магілёўскую кафедру не пастаўляліся. У выніку антырэлігійнай палітыкі ў Магілёўскай вобласці было зачынена да 1985 г. 49 цэркваў, засталося дзейнічаць 22.

Сучасны стан епархіі

Магілёўская епархія зноў зацверджана ў 1989 г. Ахоплівае тэрыторыю 21 адміністратыўнага раёна Магілёўскай вобласці, складаецца з 3-х благачынных акруг – Бабруйскай, Магілёўскай і Мсціслаўскай. У канцы 1999 г. у Магілёўскай епархіі налічвалася 68 абшчын, службы Божыя адпраўляліся ў 65 храмах. 8 абшчын адпраўлялі богаслужэнні ў малітоўных дамах, дзейнічае 1 часоўня. Пастырскае служэнне нясуць 48 свяшчэннікаў, 3 дыяканы.

На тэрыторыі епархіі дзейнічае:

  Свята-Мікольскі Магілёўскі манастыр. Заснаваны ў 1636 г., дзейнасць узноўлена з 1991 г. Настаяцельніца манастыраігумення ЯЎГЕНІЯ(Валашчук). Усяго насельніц 17 – 1 ігумення, 6 манахінь, 5 інакінь, 5 паслушніц.

Адрас: 212020 г. Магілёў, вул. Т. Сурты 19, тэл.: (0222) 22-83-30, 25-36-62.

 Пры Магілёўскім саборы Трох Свяціцеляў створана брацтва ў імя свц. Георгія Каніскага, пры Свята-Мікалаеўскім манастыры дзейнічае сястрынства Жанчын-міраносіц.

Нядзельныя школы дзейнічаюць пры ўсіх гарадскіх храмах і пры некаторых сельскіх.

Выдаюцца газеты: «Могилевские Епархиальные Ведомости», «Верую» (г. Бабруйск, Свята-Духаўскі прыход), «Православный церковный календарь» (Магілёў).


Адрас епархіяльнага ўпраўлення:

212001, Магілёў, зав.Крупскай, 16-1.

Тэл.: (0222) 25-34-33, 23-79-27.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.