Навагрудская епархія

Праасвяшчэнны ГУРЫЙ (Апалько Мікалай Пятровіч), епіскап Навагрудскі і Лідскі. Правячы архіерэй: Праасвяшчэнны ГУРЫЙ (Апалько Мікалай Пятровіч), епіскап Навагрудскі і Лідскі.

Нарадзіўся 30 мая 1956 г. у пасёлку Льнозавод (цяпер в.Калектыўная) Полацкага раёна Віцебскай вобл. Па нацыянальнасці – беларус. У 1971—1975 гг. вучыўся ў Віцебскім інструментальным тэхнікуме (закончыў са спецыяльнасцю “тэхнік-тэхнолаг па апрацоўцы метала рэзаннем). У 1975—1979 гг. – працаваў па спецыяльнасці рабочым на прадпрыемствах горада Полацка.

У 1979—1982 гг. праходзіў курс навучання ў Маскоўскай Духоўнай Семінарыі, а ў 1982—1986 гг. вучыўся ў Маскоўскай Духоўнай Акадэміі. Кандыдат багаслоўя. У 1984 г. залічаны да браціі Свята-Троіца-Сергіевай Лаўры. У 1985 г. прыняў манашаскі пострыг з імем Гурый і ў гэтым жа годзе рукапаложаны ў сан іерадыякана. 18 снежня 1985 г. рукапаложаны ў сан іераманаха. 9 жніўня 1986 г. залічаны ў лік браціі Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. У верасні 1986 г. прызначаны казначэем Жыровіцкага манастыра. З 21 красавіка 1987 г. – благачынны Жыровіцкага манастыра, а 6 чэрвеня 1989 г. адначасова назначаны інспектарам Мінскай Духоўнай Семінарыі.

4 сакавіка 1990 г. узведзены ў сан архімандрыта. 6 сакавіка 1990 г. прызначаны намеснікам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра з вызваленнем ад пасады інспектара семінарыі.

4 жніўня 1996 г. хіратанісан у епіскапа з тытулам «Навагрудскі і Лідскі». Адначасова з’яўляецца намеснікам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Кафедральнымі саборамі епіскапа з‘яўляюцца Навагрудскі Свята-Мікалаеўскі сабор і Свята-Міхайлаўскі сабор у Лідзе.

З гісторыі Навагрудскай епархіі

Навагрудскі кафедральны Свята-Мікалаеўскі саборНавагрудак заснаваны ў 1044 г. вялікім князем Кіеўскім Яраславам Мудрым, знаходзіўся спачатку пад уладай Кіева, затым быў у залежнасці ад Галіцка-Валынскіх князёў. Таму і хрысціянства, верагодна, прыйшло на Наваградчыну з гэтых земляў, якія былі значнымі духоўнымі цэнтрамі таго часу.

Да 12 ст. адносіцца заснаванне праваслаўнай царквы ў гонар «новаяўленых мучанікаў» свв. князёў Барыса і Глеба, якія адразу пасля канчыны глыбока шанаваліся на нашых землях. Гэта была мураваная царква з фрэскавым роспісам.

Навагрудак пачынаючы з 13 ст. паступова набываў рысы палітычнага духоўнага цэнтра Вялікага княства Літоўскага. У гэты час ён быў развітым і добраўпарадкаваным горадам з багатай культурай.

Каля Наваградка ўзнік найбольш старажытны праваслаўны манастыр на беларускіх землях – Лаўрышаўскі (13—19 стт.), заснаваны, паводле Іпацьеўскага летапісу, у перыяд хрысціянізацыі гэтых земляў вялікім князем Войшалкам, у манашастве прападобным Елісеем Лаўрышаўскім (памяць 23/5 лістапада). Да гэтага прападобны тры гады жыў у Палонінскім манастыры на Валыні, а затым разам з манахамі гэтага манастыра заснаваў манастыр на радзіме. У 13—16 стт. Лаўрышаўскі манастыр быў адным з найбольш значных цэнтраў Праваслаўя на беларускіх землях, тут вялося летапісанне, працаваў скрыпторый, была бібліятэка старажытных рукапісаў і школа.

У канцы 14—пач. 15 г. быў грунтоўна ўмацаваны Наваградскі замак. У першай палове 14 ст. у замку была ўзведзена мураваная царква Прасвятой Багародзіцы. У 14 ст. пры Барыса-Глебскай царкве быў заснаваны мужчынскі манастыр, які стаў рэзідэнцыяй Літоўска-Наваградскіх мітрапалітаў.

Апрача таго ёсць згадкі пра існаванне ў Навагрудку старажытных Свята-Троіцкай, Пятніцкай, Свята-Мікалаеўскай, Свята-Сімяонаўскай і Іаанаўскай цэркваў. У 14 ст. была ўзведзена мураваная праваслаўная царква ў Лідскім замку. У 1622 г. быў заснаваны Крыжаўздзвіжанскі мужчынскі манастыр у Цэпры. Суцяшэннем і ўмацаваннем веруючых была Вальнянская цудатворная ікона Божай Маці ў Навагрудскім павеце.

Прычынамі таго, што Навагрудак стаў духоўным і адміністрацыйным цэнтрам Праваслаўнай царквы ў Вялікім княстве Літоўскім сталі наступныя падзеі. Пасля таго, як у 1300 г. мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Максім пакінуў разбураны татарамі Кіеў і перанёс сваю рэзідэнцыю ва Уладзімір (за Маскву), паўстала пытанне аб царкоўным упраўленні тэрытарыяльна і палітычна ўзмоцненага Вялікага княства Літоўскага, на тэрыторыі якога пражывала значная колькасць хрысціянізаванага насельніцтва на чале са сваёй царкоўнай іерархіяй. Падпарадкаванне мітрапалітам, якія жылі ва Уладзіміры (пазней у Маскве) было недапушчальным для вялікіх князёў Літоўскіх, якія знаходзіліся з Маскоўскай дзяржавай у пастаянным суперніцтве.

Літоўская мітраполія была ўпершыню ўтворана ў 1316 г. па ініцыятыве вялікага князя Гедыміна і па благаславенні Канстанцінопальскага Патрыярха Іаана Гліка, які ў місіянерскіх мэтах праявіў зацікаўле-насць да распаўсюдждання хрысціянства на землях, дзе былі яшчэ ачагі язычніцтва. Першым Літоўска-Наваградскім мітрапалітам быў Феафіл (1315—1330), грэк. У той час межы Літоўска-Наваградскай мітраполіі распаўсюджваліся на епархіі Полацкую і Тураўскую, да яе належалі таксама цэрквы на Галічыне, Валыні і Падоллі, калі там не было свайго епіскапа. Мітрапаліт Феафіл прысутнічаў у Канстанцінопалі на пасяджэннях патрыяршага Сінода ў 1317, 1327 і 1329 гг.

Пасля канчыны мітрапаліта Феафіла Патрыярх Канстанцінопальскі не прызначыў яму пераемніка і названыя епархіі вярнуліся пад уладу мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Феагноста.

Ініцыятарам аднаўлення асобнай Літоўска-Наваградскай мітраполіі быў вялікі князь Альгерд, які працягваў суперніцтва з Масквою за права агульнарускага цэнтра. На вакантную кафедру Канстанцінопальскім Патрыярхам Філафеем быў пастаўлены Раман (1354—1362). Згодна з “Рагожскім летапісцам» (15 ст.), Раман паходзіў з цвярскіх баяраў і прыходзіўся сваяком князю Альгерду па жонцы — цвярской князёўне Ульяне.

У гады праўлення мітрапаліта Рамана ішло актыўнае храмабудаўніцтва, закладка новых манастыроў. Былі збудаваны царква Багародзіцы і замкавая царква ў Наваградку.

Час праўлення мітрапаліта Рамана на Літоўска-Наваградскай кафедры суправаджаўся непаразуменнямі з мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі Аляксіем (1354—1378), кафедра якога была ў Маскве. Яны былі пастаўлены на мітрапалічыя кафедры адначасова (або з розніцай у некалькі месяцаў), і паўнамоцтвы іх ад пачатку не былі размежаваныя. Літоўскія мітрапаліты лічылі сваёю кафедрай Кіеў, гэтым жа тытулам — «мітрапаліт Кеўскі» — карысталіся і маскоўскія мітрапаліты. Канстанцінопальскі Сабор 1356 г. устанавіў тэрыторыю Літоўска-Наваградскай мітраполіі ў межах Полацка, Турава, Наваградка і Малой Русі — Уладзімірскай, Луцкай, Холмскай, Галіцкай і Пярэмышльскай епархій, а пасля ўваходу ў склад ВКЛ Бранскага княства – і Бранска-Чарнігаўскай епархіі. Спрэчным заставаўся Кіеў. У 1361 г. Патрыярх накіраваў сваіх паслоў для расследавання справы, якая, аднак, была спынена ў сувязі са смерцю мітрапаліта Рамана.

Пасля смерці мітрапаліта Рамана Патрыярх Каліст зноў не прызначыў асобнага мітрапаліта для ВКЛ, аднавіўшы еднасць мітраполіі ўсяе Русі. Вялікі князь Альгерд звяртаўся да Кансцінопальскага Патрыярха з просьбай узвесці на мітрапаліта Літоўскага патрыяршага пасланніка, іераманаха Кіпрыяна. У 1375 г. мітрапалітам «Малой Русі і Літвы», быў пастаўлены Кіпрыян які, дзякуючы ўмелай тактыцы, змог прымірыць два бакі і быць адначасова архіпастырам праваслаўных Маскоўскай і Літоўскай Русі. Хоць жыў ён стала ў Маскве, але часта наведваўся да сваёй паствы ў Літоўска-Беларускую дзяржаву.

Наступны мітрапаліт Кіеўскі і Усяе Русі Фоцій, які жыў у Маскве, зноў не адпавядаў палітычным інтарэсам ВКЛ. Тады вялікі князь Вітаўт, не маючы на тое дазволу Патрыярха Канстанцінопальскага, дабіўся прызначэння на Літоўска-Наваградскую кафедру свайго кандыдата – Грыгорыя Цамблака (1365? –1419?), які быў рукапаложаны ў мітрапаліта на саборы 8-і праваслаўных епіскапаў Вялікага княства Літоўскага ў 1415 г. Кандыдатура Грыгорыя Цамблака не была зацверджана ў Канстанцінопалі, але ён нёс пастырскае служэнне згодна апостальскаму правілу і ўвайшоў у гісторыю царквы як цвёрды прыхільнік праваслаўнай веры, бліскучы прапаведнік, аўтар шматлікіх «слоў» і «павучанняў».

Наступны мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі — Ісідар, быў прыхільнікам Фларэнційскай уніі 1439 г. і не затрымаўся надоўга ні ў Маскве, ні ў Наваградку. Затое яго пераемнік на мітраполічай кафедры – мітрапаліт Іона змог атрымаць падтрымку і ў Маскве, і ў Вялікім княстве Літоўскім, якія ў той час знаходзіліся ў міралюбных адносінах. Аднак у гэты час уніяцкі патрыярх Грыгорый Мамас рукапалажыў у сан мітрапаліта «Кіеўскага і ўсяе Русі» Грыгорыя Балгарына, прызначэнне якого было зацверджана папам Рымскім. Па распараджэнню караля пачалося гвалтоўнае падпарадкаванне праваслаўных епіскапў, духавенства і манашаства «рымскаму мітрапаліту». Пад ціскам вярхоўнай свецкай улады праваслаўныя епіскапы вымушаны былі прызнаць уладу Грыгорыя, але народ працівіўся уніі. Застаўшыся без падтрымкі народа, мітрапаліт адрокся ад уніі і ў 1472 г. вярнуўся да Праваслаўя. Праз год ён памёр і быў пахаваны ў Навагрудку.

З часу праўленя мітрапаліта Грыгорыя Балгарына адбылося канчатковае раздзяленне Кіеўскай мітраполіі на дзве – Літоўска-Наваградскую і Маскоўскую. Прычым, Маскоўскія мітрапаліты адмовіліся ад тытула «Кіеўскі» і сталі называцца «мітрапалітамі Маскоўскімі і ўсяе Русі», а Літоўска-Наваградскія па традыцыі называлі сябе «мітрапалітамі Кіеўскімі і ўсяе Русі», хоць працягвалі жыць у Наваградку (з 16 ст. у Вільні) і ў Кіеве бывалі рэдка.

З 16 ст. Навагрудак заставаўся другім кафедральным горадам. У 1519 г. на падмурку старажытнай царквы 12 ст. фундацыяй князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага была ўзведзена новая Барыса-Глебская царква. У 1568 г. у Навагрудку было 10 цэркваў і 1 касцёл.

Пасля раздзялення на дзве мітраполіі на Кіеўскую (Літоўска-Наваградскую) кафедру пастаўляліся мітрапаліты Захарыя Капысценскі (+ 1427 г.), Місаіл (+1480 г.), Спірыдон, Сімеон (+1488), Іона Глезна (+1494), Макарый (1495—1497), Іосіф I Баўгарыновіч (1498—1501), Іона II Солтан (1507—1521), Іосіф (1522—1534), Макарый II (1534—1555), Сільвестр Бялькевіч (1556—1567), мітрапаліт Іона Пратасевіч-Астроўскі (1568—1577), Ілья Куча (1576—1579), Анісіфор Дзявочка (пазбаўлены кафедры ў 1588), Міхаіл Рагоза (1588—96 ). Сярод іх былі сапраўдныя пастыры, адданыя служыцелі Царкве і народу Божаму, як мітрапаліт Іона Пратасевіч-Астроўскі, так і выпадковыя асобы, што шукалі сабе кар’еры ці маёмасці. Апошняму спрыяла антыправаслаўная скіраванасць заканадаўства Рэчы Паспалітай, права патранату, распаўсюджаная практыка ўмяшальніцтва дзяржавы і свецкіх асоб у справы Царквы. Крызісны стан царкоўных інстытутаў стаў прыдатнай глебай для унійных настрояў. Апошні праваслаўны мітрапаліт Міхаіл Рагоза і стаў галоўным удзельнікам Брэсцкага уніяцкага сабора 1596 г. і першым уніяцкім мітрапалітам.

Такім чынам, былая праваслаўная Літоўска-Наваградская кафедра стала уніяцкай. Пачалося насаджэнне уніі, захват праваслаўных храмаў і манастыроў. Рэзідэнцыяй уніяцкіх Літоўска-Наваградскіх мітрапа-літаў быў Барыса-Глебскі базыльянскі манастыр, заснаваны пры аднайменнай царкве ў 1628 г. Уніяцкія мітрапаліты насілі тытул мітрапалітаў «Кіеўскіх і Галіцкіх».

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.