Навагрудская епархія

Аднак праваслаўнае насельніцтва Наваградчыны аказала сур‘ёзнае супраціўленне уніі. Прадстаўнік Наваградскага ваяводства Аляксандр Палубенскі браў удзел у саборы праціўнікаў уніі, які засядаў у Брэсце ў 1596 г. адначасова з уніяцкім. Вядомы факт непадпарадкавання жыхароў Наваградка уніяцкаму мітрапаліту Іпацію Пацею ў 1599 г., на што апошні ўстанавіў тут сваю ўладу “гвалтом и рукою свецкой збройною”.

 

 

 

 

Наваградцы мелі цесныя сувязі з Віленскім Свята-Духавым брацтвам, якое праз сваіх братчыкаў з мясцовых гараджан аказвала падтрымку праваслаўным, у тым ліку манастырам у Цэпры і Снове. З дапамогай гэтага ж брацтва ў Наваградку была закладзена новая Свята-Троіцкая праваслаўная царква, пасля таго, як саборны пратапоп Канстанцін і мясцовае духавенства адмовіліся падпарадкавацца уніяцкаму мітрапаліту.

Найбольшай актыўнасцю ў насаджэнні уніі на Наваградчыне вызначыўся Вельямін Руцкі, ураджэнец в. Рута каля Наваградка, якому папа Рымскі ставіў у заслугу прыцягненне на бок уніі каля 2 мільёнаў праваслаўных. Ён лічыўся генералам ордэна базыльян, заснаваў некалькі базыльянскіх манастыроў на Наваградчыне, якія падпарадкоўваліся непасрэдна пракурору Рымскай папскай курыі. У пач. 17 ст. уніяцкімі сталі манастыры ў Лаўрышаве і Цэпры. Лаўрышаўская Успенская царква была збудавана ў 1768 г. як уніяцкая.

Адначасова на Наваградчыну ішло актыўнае пранікненне каталіцкіх ордэнаў. У 17—пач.18 ст. тут з’явіліся касцёлы і кляштары францысканцаў, езуітаў, дамініканаў, баніфратараў.

У перыяд аднаўлення праваслаўнай іерархіі і пастаўлення на Кіеўскую кафедру мітрапаліта Іова Барэцкага (1620 г.) яму прыходзілася жыць у Кіеве пад аховай запарожскіх казакаў, а ў Наваградку знаходзіўся яго насмеснік, які кіраваў праваслаўнымі манастырамі ў Заходняй Беларусі (ваяводствы Наваградскае, Віленскае і Троцкае). У 1623 г. пры царкве Святога Духа было створана Свята-Духаўскае брацтва і друкарня пры ім. Брацтва выступіла ў падтрымку праваслаўнага архіепіскапа Полацкага Мялеція Сматрыцкага, які жыў у Віленскім Свята-Духавым манастыры і шмат рабіў для абароны правоў праваслаўных усяго Вялікага княства Літоўскага.

У 1635 г. кароль польскі Уладзіслаў IV сваёй граматай забараніў “з мэтай супакаення народа” праваслаўным у Наваградку мець свае цэрквы і адпраўляць публічныя набажэнствы”. К канцу 17 ст. праваслаўная шляхта, якая падвярганлася не толькі рэлігійнай, але і палітычна-прававой дыскрымінацыі, паступова перайшла да уніі або каталіцтва. Уніятам стаў і былы актыўны абаронца праваслаўных наваградскі ваявода Фёдар Скумін-Тышкевіч.

­У канцы 18 ст. у Навагрудку было 3 уніяцкія цэрквы, 5 касцёлаў і 6 манастыроў. Уніяцкая мураваная царква была збудавана Храптовічамі ў Шчорсах.

Лацінізацыя базыльянскага ордэна і уніяцкай царквы ў цэлым прывяла да апазіцыі “белага” духавенства і расколу ў асяроддзі уніяцкай іерархіі. Пачаўся рух за рэформу уніяцкай царквы, за вяртанне “ўсходняга абраду і праваслаўнага богаслужэння”.

Пасля III падзелу Рэчы Паспалітай Навагрудчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Навагрудак стаў павятовым цэнтрам Гродзенскай (з 1801), Мінскай (1842 г.) губерняў. Уніяцкія цэрквы і манастыры падпарадкоўваліся створанай па загаду імператара Паўла I у 1798 г. Брэсцкай уніяцкай епархіі. Месцапрабываннем Брэсцкага уніяцкага епіскапа Іясафата Булгака быў Навагрудак. Ён жа заснаваў Лаўрышаўскую духоўную семінарыю пры базыльянскім манастыры для падрыхтоўкі уніяцкага духавенства.

Праваслаўныя цэрквы Навагрудчыны ў царкоўна-адміністратыўным сэнсе падначальваліся праваслаўнай Мінскай епархіі (з 1798 г.), якая сярод іншых уключала Лідскае, Любчанскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Слонімскае благачынні. У 2-й палове 19 ст. праваслаўным была вернута Навагрудская Барыса-Глебская царква, якая мела два прыпісныя храмы. У верасні 1876 г. у прысутнасці 10 тысяч вернікаў архіепіскап Мінскі Аляксандр асвяціў адрамантаваны Свята-Барыса-Глебскі храм, які пасля 1839 г. з саборнага быў ператвораны ў прыходскую царкву.

У 1839 г. былы касцёл францысканцаў пасля забароны ордэна быў пераасвячаны ў праваслаўную Свята-Мікалаеўскую царкву. Навагрудскі Барыса-Глебскі і Лаўрышаўскі базыльянскія манастыры былі скасаваны. Праваслаўным была перададзена і Успенская царква ў Лаўрышаве, асвячаны цэрквы ў Шчорсах, Ізве, Ятры, Нягневічах, Паўберазе, Руце, Суляцічах, Ваўкавічах, Уселюбе. У 1870 г. Навагрудскае благачынне мела 22 прыходы, Любчанскае — 10. Пры новых прыходах адчыняліся царкоўна-прыходскія школы. У 1843 г. у Навагрудскім павеце іх налічвалася 29, з 1284 вучнямі.

З 1921 г., паводе Рыжскай дамовы, Навагрудчына аказалася ў складзе Польшчы. Уваходзіла ў склад Гродзенскай епархіі Праваслаўнай аўтакефальнай царквы. Нягледзечы на канстытуцыйныя гарантыі роў насці канфесій, многія цэрквы і манастыры былі зачынены або перададзены на патрэбы дзяржавы. Адабрана была і аддадзена католікам знакамітая “Мураванкаўская” царква ў Лідскім павеце.

У 1939 г. пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Гродзенскі епіскап Сава (Саветаў) выехаў за мяжу. Епіскапскую кафедру ўзначаліў архіепіскап Панцеляіман (Ражноўскі), з тытулам “ Пінскі і Навагрудскі”.

У 1942—44 Навагрудская епархія існавала ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Епіскапам Навагрудскім быў прызначаны Веніямін (Навіцкі) з тытулам “Навагрудскага і Баранавіцкага”. У Навагрудку пачалі працаваць курсы па падрыхтоўцы свяшчэннаслужыцеляў. Летам 1944 г. з прыбліжэннем лініі фронту БАПЦ перастала існаваць, і ўсе яе епархіі перайшлі ў падначаленне Маскоўскай Патрыярхіі. У пасляваенны час Навагрудчына ўваходзіла ў склад Мінскай епархіі.

Сучасны стан епархіі

Навагрудская епархія створана ў 1992 г. з часткі Мінскай епархіі. Уключае тэрыторыю 9 адміністратыўных раёнаў Гродзенскай вобласці, складаецца з 7 благачынных акругаў – Дзятлаўскай, Іўеўскай, Карэліцкай, Лідскай, Навагрудскай, Паўночнай і Слонімскай. У канцы 1999 г. у Навагрудскай епархіі налічвалася 85 абшчын, службы Божыя адпраўляліся ў 108 храмах. 2 абшчыны адпраўляюць богаслужэнні ў малітоўных дамах, акрамя таго дзейнічаюць 2 часоўні. Пастырскае служэнне нясуць 75 свяшчэннаслужыцеляў, 3 дыяканы.

На тэрыторыі епархіі дзейнічаюць:

 Свята-УспенскіЖыровіцкі стаўрапігіяльны манастыр, створаны ў 1470 г. Намеснік манастыра епіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый (Апалько). Усяго насельнікаў 35 — 2 архімандрыты, 4 ігумены, 5 іераманахаў, 1 свяшчэннік, 2 іерадыяканы, 1 дыякан, 1 манах, 4 інакі, 15 паслушнікаў.

У епархіі дзейнічае сястрынства ў імя Жыровіцкай цудатворнай іконы Божай Маці пры Свята-Успенскім Жыровіцкім мужчынскім манастыры. Усяго насельніц 27 — 8 манахінь, 9 інакінь, 10 паслушніц.

Асветніцкае і сацыяльнае служэнне здзяйсняе сястрынства ў імя св. прападобнай Еўфрасінні, ігумені Полацкай пры Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборы г. Ліда.

Выдаюцца газеты: “Новогрудские Епархиальные Ведомости” (з 06.01.1998 г.), «Жыровіцкая абіцель» (багаслоўска-літаратурна-мастацкі лісток)  выдаецца ў Свята-Успенска Жыровіцкім манастыры.


Адрас епархіяльнага ўпраўлення::

231882, Жыровіцы Гродзенскай вобл.

Слонімскага р-на, вул. Савецкая, 57.

Тэл.: (0156) 29-65-86, 29-66-48, 29-66-38.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.