Пінская епархія

Праасвяшчэнны СТЭФАН (Корзун Ігар Пятровіч), епіскап Пінскі і ЛунінецкіПравячы архіерэй: Праасвяшчэнны СТЭФАН (Корзун Ігар Пятровіч), епіскап Пінскі і Лунінецкі.

Нарадзіўся 25.02.1944 г. у в. Карзуны Чэрвенскага раёна Мінскай вобл. Па нацыянальнасці – беларус. У 1958—1962 гг. вучыўся ў саўгасагаспадарчым тэхнікуме ў Мар’інай Горцы Мінскай вобл. З 1962—1963 гг. працаваў аграномам саўгаса “Рассвет” Пастаўскага раёна. У 1963—1966 гг. служыў у Савецкай Арміі, пасля чаго ў 1966—1968 гг. быў кіраўніком вытворчага ўчастка саўгаса “Светач”. У 1969—1972 гг. – аграном Смілавічскай школы-інтэрната.

У 1972—1975 гг. вучыўся ў Маскоўскай Духоўнай Семінарыі, у 1975—1979 гг. у Маскоўскай Духоўнай Акадэміі і аспірантуры. Кандыдат багаслоўя.

9.01.1978 г. прыняў манашаскі пострыг. 6.11.1978 г. адбылася іерэйская хіратонія. У 1979 г. – прыняты ў лік браціі Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра і прызначаны благачынным манастыра. У 1987 г. – намеснік Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра. З 1989 г. – рэктар Мінскай Духоўнай Семінарыі пры Жыровіцкім манастыры.

4.03.1990 г. адбылася хіратонія ў епіскапа. З 1990 г. – епіскап Пінскі і Лунінецкі. Кафедральнымі саборамі епархіі з’яўляюцц Пінскі Свята-Варварынскі і Лунінецкі Свята-Крыжаўздзвіжанскі.

З гісторыі Пінскай епархіі

Пінскі кафедральны Свята-Варварынскі саборПінск, як сведчаць гістарычныя крыніцы, узнік у апошняй трэці 11 ст. як адзін з гарадоў Тураўскай зямлі. Прападобны Нестар-летапісец згадвае яго пад 1097 г. Найстаражытнейшай царквой у Пінску была Свята-Фёдараўская, збудаваная ў гонар нябеснага апекуна Пінска св. мучаніка Фёдара Цірана(памяць 17 лютага/1 сакавіка і ў суботу першага тыдня Вялікага посту). Археалагічныя знаходкі сведчаць, што ў 12 ст. хрысціянства тут было дастаткова пашыраным. Найбольш цікавай знаходкай з’яўляецца абразок Спаса Эмануіла (дзіцяці), знойдзены на Пінскім гарадзішчы. Самы старажытны з вядомых праваслаўных манастыроў быў Свята-Раджаства-Багародзічны, заснаваны ва ўрошчышчы Лешча каля Пінска (упершыню згадваецца ў дакументах пад 1263 г.). У 1340 г. князь Пінскі Георгій, унук вялікага князя літоўскага Гедыміна аддаў манастыру востраў паміж рэчкамі Пінай, Струменем і Арэчыцай. У ХVI ст. дабрачынцамі манастыра былі князі Пінскія Фёдар Іванавіч, Георгій Яраславіч, Андрэй і Багдан Вяляціцкія.

У 1241 г. у выніку спусташальнага набегу татараў Тураў, у якім налічвалася каля 50 цэркваў і ма настыроў, быў дашчэнту спалены. Епіскапскую кафедру вымушаны былі перанесці з Турава ў Пінск, што размяшчаўся непадалёку. Епіскап з таго часу пачаў іменавацца Тураўскім і Пінскім. Месцазнаходжаннем яго стаў старажытны Свята-Ражджаства-Багародзічны (Лешчанскі) манастыр. У 14 ст. епархія тройчы знаходзілася ў юрысдыкцыі Галіцкай мітраполіі, а пасля яе скасавання – у Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай).

У 15—16 ст. Пінск стаў цэнтрам праваслаўнай Турава-Пінскай епархіі. Тут вяліся хронікі, перапісваліся богаслужбовыя і душакарысныя кнігі. Вядома таксама, што ў час сабору епіскапаў у Наваградку (1415) з нагоды абрання асобнага Літоўска-Наваградскага мітрапаліта Пінскі епіскап Яўфімій (Акушка) ужываў адносна сябе тытул “епіскап Пінскі і Тураўскі”. Можна меркаваць, што гэта было сведчаннем абвяшчэння Пінскай епіскапіі пераемніцай старажытнай Тураўскай епархіі. Крыжовай царквою Пінскіх архіерэяў была Свята-Успенская ў Лешчанскім манастыры.

Усяго ў Пінску да сярэдзіны 16 ст. налічвалася 16 праваслаўных храмаў, па епархіі – больш за 200. У той жа час у Пінску быў толькі адзін касцёл.

Дзімітраўскі кафедральны сабор, мураваны з чатырма прыдзеламі, які размяшчаўся на тэрыторыі замка, знішчаны ў час пажараў 1648 і 1654 гг. Свята-Афанасьеўская драўляная царква была збудавана таксама на замчышчы і згарэла разам з Дзімітраўскай. Свята-Мікольская, мураваная, размяшчалася на Старым рынку. Драўляная Спаская царква, якая таксама размяшчалая ў межах вакольнага горада, была разбурана ў 1-й палове 17 ст. пры будаўніцтве езуіцкага касцёла. Свята-Сімяонаўская царква была збудавана на сродкі пінскай княгіні Марыі Алелькавіч у памяць пра яе мужа Сімяона Алелькавіча, была разбурана пры будаўніцтве езуіцкага касцёла і калегіі. Свята-Фёдараўская царква была ўзведзена ў гонар нябеснага апекуна Пінска вмч. Фёдара Цірана. Акрамя названых у Пінску дзейнічалі цэрквы Архангела Міхаіла, Свята-Троіцкая, Свята-Сцяфанаўская, Свята-Ільінская, Свята-Уваскрасенская, Юр`еўская, Свята-Успенская (галоўны архіерэйскі храм Лешчанскага манастыра), Свята-Духаўская (цёплая царква гэтага ж манастыра), Свята-Варварынская манастырская.

У 16—17 стт. у епархіі былі манастыры: Дзятлавіцкі, Дубайскі, Купяціцкі Свята-Увядзенскі, заснаваны ў 1629 г. Апалоніяй Войнай на месцы з’яўлення Купяціцкай іконы Божае Маці, Пінскія Богаяўленскі і Лешчанскі, Новадворскі, Мазырскі Яснагорскі, Морацкі, Тураўскі Барыса-Глебскі мужчынскія і Пінскі Варварынскі, Мазырскі Параскева-Пятніцкі, Тураўскі Варварынскі жаночыя.

Заснавальнікамі Пінскага Свята-Варварынскага манастыра, што знаходзіўся ў межах вакольнага горада, былі старажытныя пінскія князі. Вядома, што ў 1521 г. манастыр быў нанова адбудаваны Пінскім князем Фёдарам Яраславічам.

Непадалёку ад Пінска ў мястэчку Купяцічы ў 1182 г. была цудоўным чынам яўлена цудатворная ікона Прасвятое Багародзіцы, якая атрымала назву “Купяціцкая” (святкаванне 15/28 лістапада). У 1630 г. на месцы яўлення Купяціцкай іконы Божае Маці быў заснаваны Свята-Увядзенскі мужчынскі манастыр, дзе ў 1620-30-я гг. падвізаліся святыя зямлі Беларускай – прпмчч. Афанасій Філіповіч (Брэсцкі) і Макарый, ігумен Пінскі. Купяціцкая ікона Божае Маці, якая цяпер знаходзіцца ў Кіеўскім Сафійскім саборы, з`яўляецца самай старажытнай сярод цудатворных ікон, яўленых на беларускай зямлі.

У выніку падпісання Брэсцкай царкоўнай уніі Літоўска-Наваградская праваслаўная мітраполія сваё існаванне спыніла. Пад юрысдыкцыяй уніяцкага свяшчэннаначалля апынуўся і епіскап Пінскі Лявонцій Пялчыцкі, які падпісаў акт Брэсцкай уніі і заняў Пінскую кафедру ў якасці уніяцкага архіерэя. Але Пінска-Тураўская уніяцкая епархія да канца 17 ст. была самай малалікай па колькасці вернікаў, у 1664 г. налічвала толькі 10 прыходскіх цэркваў. Праваслаўныя актыўна выступілі ў абарону праайцоўскай веры.

У 1614 г. на сродкі шляхцянкі Яніны Галабурдзінай і Пінскага праваслаўнага брацтва ў горадзе была ўзведзена Богаяўленская царква. Сюды перасяліліся манахі з перададзенага уніятам Лешчанскага манастыра. У 1633 г. брацтва дамаглося ў караля Уладзіслава IV дазволу на будаўніцтва манастыра, школы пры ім і шпіталю. Манастыр з Богаяўленскай царквой быў пабудаваны ў канцы горада непадалёк ад Цярлецкаўшчыны. У 1647 г. манастыр згарэў, але ў 1650-я гг. быў адбудаваны, абнесены агароджай. Богаяўленскі манастыр заставаўся праваслаўным і ў 17 стт., быў у гэты час адным з нешматлікіх цэнтраў Праваслаўя на Беларусі. Ігумены манастыра духоўна апякалі праваслаўныя прыходы на тэрыторыі Пінскай уніяцкай епархіі. Манастыр згарэў пасля моцнага пажару 1799 г., і ўжо больш не аднаўляўся. На месцы манастыра некаторы час заставалася капліца і могілкі.

У 1620—32 гг. пасля ўзнаўлення Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі ўдавалася на некаторы час аднавіць Пінскую праваслаўную епархію, якая існавала паралельна з уніяцкай. Вядома, што Патрыярх Іерусалімскі Феафан у 1620 г. удзельнічаў у хіратоніі епіскапа Пінскага Аўраамія Стагонскага, які, ў 1625 г. благаславіў прпмч. Макарыя, архімандрыта Канеўскага, пазней ігумена Пінскага, на іначаства ў Купяціцкім манастыры.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.