Пінская епархія

Аднак наступленне уніятаў працягвалася, цэрквы запячатвалісся, або пераводзіліся ў унію, а праваслаўныя святары разганяліся. Вымушана пакінуў Пінск і епіскап Аўраамій. На месцы Лешчанскага манастыра, адабранага ў праваслаўных, быў адчынены пазней піцейны дом. Прымусова быў пераведзены ў унію Свята-Варварынскі манастыр. У 1635 кароль Уладзіслаў IV граматай забараніў пінскаму магістрату прымаць у Пінск праваслаўных манахінь, якія хацелі заснаваць тут новы манастыр. Архімандрыт Лешчанскага манастыра Елісей Плецянецкі і пратапоп Дзімітраўскай царквы Фёдар разам з многімі святарамі за супраціўленне уніі былі пазбаўлены сану. У 1668 г. уніяцкім стаў Лешчанскі Ражджаства-Багародзіцкі манастыр, у 1743 г. уніятамі былі захоплены Купяціцкі Свята-Увядзенскі і Новадворскі Успенскі манастыры.

 

 

У 1794—95 гг. многія уніяцкія прыходы добраахвотна вярнуліся ў Праваслаўе і падпарадкаваліся новастворанай Мінскай праваслаўнай епархіі. У 1839 г. пры епіскапе Пінскім, вікарыі Літоўскай епархіі Міхаіле Галубовічы, завяршылася справа далучэння былых уніятаў да Праваслаўнай царквы.

Пінскі павет быў самым вялікім па колькасці прыходаў у Мінскай епархіі — на пяць благачынніцкіх акруг было 82 прыходы. У самім Пінску дзейнічаў мужчынскі другакласны Свята-Богаяўленскі манастыр з чатырма насельнікамі, а таксама Свята-Фёдараўскі сабор з чатырма прыпіснымі цэрквамі. У прыгарадзе Пінска Лешчы дзейнічала прыходская Свята-Успенская царква, да якой быў прыпісаны Свята-Праабражэнскі храм. 29.5.1800 г. у Пінск быў пераведзены Петра-Паўлаўскі манастыр з Мінска, размешчаны ў будынку былога кляштара езуітаў і названы Богаяўленскім 1-га класа манастыром. У 1848 г. сюды з Лядзінскага манастыра было пераведзена і духоўнае вучылішча. Да 1875 г. у Пінску быў жаночы Варварынскі манастыр, пераведзены ў Мінск у 1874 годзе.

У 1889 г. на сродкі прыхаджан была пабудавана Свята-Аляксандра-Неўская царква ў в. Лышча, дзе праславілася цудамі і шматлікімі ацаленнямі ікона Божае Маці Лышчанская. З 1995 г. ікона зноў вярнулася на сваё месца ў адноўлены вернікамі (пасля разбурэння ў 1962 г.) Свята-Аляксандра-Неўскі храм.

У студзені 1904 г. пры царкве Пінскага духоўнага вучылішча было заснавана праваслаўнае брацтва ў імя Казанскай іконы Божай Маці. Яно налічвала 76 дзейных членаў і 14 ганаровых і ставіла сваёй мэтай дапамагаць выхаванцам вучылішча ў матэрыяльных патрэбах, а таксама ў “разумовым, рэлігійна-маральным і эстэтычным развіцці”. У гэты час былі адкрыты духоўныя вучылішчы ў Пінску і Парычах.

У 1914 г. у Пінску было 6 праваслаўных цэркваў, 3 касцёлы, 1 сінагога. Сярод жыхароў горада праваслаўных было 7499 (для параўнання: стараабрадцаў – 22, каталікоў – 3917, пратэстантаў – 175, магаметан – 10, іудзеяў – 28063.

Пасля заканчэння савецка-польскай вайны і заключэння Рыжскай мірнай дамовы Пінская праваслаўная епархія была адноўлена ў складзе Палескай епархіі Польскай праваслаўнай аўтакефальнай царквы. У 1920 г. Маскоўскі Патрыярх Ціхан архіепіскапам Палескім паставіў Панцеляімана (Ражноўскага) з тытулам “Пінскі і Навагрудскі”. Але ў 1922 г. з-за непрыняцця некананічнай аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Польшчы, ён быў пазбаўлены кафедры і жыў на пакоі ў Жыровіцкім манастыры. Яго пераемнікам стаў архіепіскап Аляксандр (Іназемцаў), які заставаўся на кафедры да 1944 г.

З пачаткам Другой сусветнай вайны Палессе з Пінскам, Мазыром і Брэстам было далучана да рэйхскамісарыяту Украіны. Архіепіскап Аляксандр прысутнічаў на саборы ў Луцку (1941), дзе была створана Украінская Праваслаўная аўтакефальная царква. Пасля вызвалення тэрыторыі ад акупацыі Пінская епархія вярнулася ў кананічнае падначаленне Маскоўскай Патрыярхіі.

З 1945 да 1952 г. Пінскай епархіяй кіравалі епіскапы: Анісіфор (Панамароў; 1945—46), Данііл (Юзвюк; 1946—50), Паісій (Абразцоў; 1950—52). Пасля гэтага епіскапы на Пінскую кафедру не прызначаліся.

У жніўні 1980 г. рашэннем Свяцейшага Патрыярха Пімена было ўтворана Пінскае вікарства. Вікарным епіскапам з тытулам “Пінскі” быў прызначаны Афанасій (Кудзюк), які ў 1984 г. быў перамешчаны на Пермскую кафедру. У 1987 г. быў прызначаны новы Пінскі вікарны епіскап. Ім стаў уладыка Канстанцін (Хоміч), цяпер архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі. У студзені 1990 г. адбылося ўзнаўленне Брэсцкай епархіі, у выніку падзялення Брэсцкай вобласці на Пінскую і Брэсцкую епархіі і ліквідацыі Пінскага вікарства. Пінская епархія зацверджана ў 1989 г.

Сучасны стан епархіі

Епархія ўключае тэрыторыю 8 адміністратыўных раёнаў Брэсцкай вобласці, складаецца з 8 благачынных акругаў – Баранавіцкай, Ганцавічцкай, Іванаўскай, Івацэвіцкай, Лунінецкай, Ляхавіцкай, Пінскай, Столінскай.

У канцы 1999 г. у Пінскай епархіі налічвалася 147 абшчын, службы Божыя адпраўляліся ў 147 храмах. Акрамя таго дзейнічаюць 34 часоўні. Пастырскае служэнне нясуць 128 свяшчэннікаў, 5 дыяканаў.

На тэрыторыі епархіі дзейнічае:  

Свята-Варварынскі Пінскі манастыр. Створаны ў 1521 г., дзейнасць узноўлена з 1993 г.Настаяцельніца манастыра манахіня ЕКАЦЯРЫНА (Раманчук Наталля Мікалаеўна). Усяго насельніц 5 — 1 манахіня, 4 паслушніцы.

Адрас: 225710 Брэсцкая вобласць, г. Пінск, вул. Горкага 23, тэл.: (01653) 5-17-00.

Дом міласэрнасці ў г. Пінску апякаюць гарадское духавенства і насельніцы Св.-Варварынскага жаночага манастыра. Сястрынства створана пры Пінскім Свята-Варварынскім кафедральным саборы.


Адрас епархіяльнага ўпраўлення:

 226710, Пінск Брэсцкай вобл., вул. Першамайская, 15.

Тэл.: (01653) 5-18-42, 5-17-00


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.