Полацкая епархія

Праасвяшчэнны ФЕАДОСІЙ (Більчанка Павел Захаравіч), Епіскап Полацкі і ГлыбоцкіПравячы архіерэй: Праасвяшчэнны ФЕАДОСІЙ (Більчанка Павел Захаравіч), Епіскап Полацкі і Глыбоцкі

Нарадзіўся 24 снежня 1943 г. у г. Батумі ў сям’і ваеннаслужачага. Па нацыянальнасці – украінец. У 1960—1964 гг. вучыўся ў Харкаўскім электрамеханічным тэхнікуме, атрымаў спецыяльнасць тэхніка па электраабсталяванню прамысловых прадпрыемстваў і ўстановак. З 1964 г. працаваў у Інстытуце нізкіх тэмператур Акадэміі навук УССР. У 1965—1970 гг. вучыўся на вячэрнім аддзяленні Харкаўскага педагагічнага інстытута. У 1965 г. пераведзены на працу ў Інстытут радыёфізікі і электронікі Акадэміі навук УССР на пасаду інжынера. У1967 –1970 гг. працаваў у Кіеўскім аддзяленні інстытута “Энэргасець”.

У 1970 г. прыняты на І курс Маскоўскай Духоўнай Семінарыі. Летам 1971 г. здаў экзамены за ІІ курс і быў залічаны на ІІІ курс Семінарыі. З 1973 да1978 г. праходзіў курс навучання ў Маскоўскай Духоўнай Акадэміі. Пасля заканчэння Акадэміі прызначаны памочнікам Інспектара Маскоўскай Духоўнай Акадэміі і Семінарыі і выкладчыкам гамілетыкі ў Семінарыі. У 1983 г. пераведзены на пасаду старшага памочніка Інспектара МДА і С. З 1986 па 1997 гг. паслядоўна займаў пасады памочніка інспектара па завочнаму сектару, памочніка рэктара па прадстаўнічай рабоце, начальніка харчовай службы МДА і С. З 1996 г. выкладаў гамілетыку ў Маскоўскай Духоўнай Акадэміі.

10 жніўня 1997 г. адбылася хіратонія ў епіскапа Полацкага і Глыбоцкага.

Кафедральнымі саборамі епархіі з’яўляюцца Полацкі Богаяўленскі і Глыбоцкі Свята-Ражджаства-Багародзіцкі.

З гісторыі Полацкай епархіі

Полацкі кафедральны Свята-Богаяўленскі сабор Старажытны Полацк лічыцца калыскай хрысціянства, духоўным цэнтрам беларускіх земляў. Полацкая епіскапская кафедра, якая знаходзілася ў юрысдыкцыі Кіеўскіх мітрапалітаў, узнікла ў 992 г., а першы вядомы епіскап Полацкі Міна згадваецца ў летапісах пад 1105 г. Межы старажытнай Полацкай епархіі ўключалі тэрыторыю Полацкай зямлі, якая ў XIII ст. уключала вялікую тэрыторыю з гарадамі Полацк, Віцебск, Мінск, Друцк, Ізяслаў, Лагойск, Слуцк, Наваградак, Орша, Лукомль. Полацкія епіскапы мелі вялікі аўтарытэт, які распаўсюджваўся не толькі на царкоўнае, але і дзяржаўнае жыццё княства. У царкоўнай іерархіі яны займалі другое месца пасля Кіеўскіх мітрапалітаў і лічыліся вышэйшымі па аўтарытэту за іншых епіскапаў. Ужо ў X—XI стт. тут будуюцца храмы, найбольш старажытная царква Багародзіцы згадваецца пад 1007 г, а самы вядомы з полацкіх храмаў — саборны храм св. Сафіі, часткова (у перабудаваным выглядзе) захаваўся да нашых дзён. Полацкія храмы і манастыры былі цэнтрамі асветніцтва і кніжнасці. Тут падвізалася прападобная Еўфрасіння, што “яко луча солнечная просветила землю Полоцкую”. У Спаса-Еўфрасіннеўскай царкве захоўваўся да XIII ст. крыж Еўфрасінні Полацкай, які глыбока ўшаноўваўся і дасёння ўшаноўваецца беларусамі.

Пасля ўзвышэння ВКЛ у XIV –XV стт. палітычнае значэнне Полацка пачынае паступова змяншацца. Цэнтр царкоўнага жыцця перамяшчаецца ў Навагрудак, сталіцу ВКЛ. Пасля ўзнікнення мітрапалічай кафедры ў Навагрудку полацкія епіскапы больш не з‘яўляліся адзінымі прадстаўнікамі Праваслаўнай Царквы ў дзяржаве. Але аўтарытэт Полацка заставаўся высокім. У 1411 г. Полацкая епархія атрымлівае статус архіепіскапіі, а полацкія архіепіскапы Сімяон (у 1481г.) і Іона (1492 г.) абіраліся на мітрапалічую кафедру ў Навагрудку.

Духоўнымі цэнтрамі Полацкай архіепіскапіі былі манастыры, якіх у сярэдзіне 16 ст. у Полацку налічвалася 15, у Віцебску –2, у Мсціславе —3.

Пасля стварэння Рэчы Паспалітай, якая а’яднала ВКЛ і Польскае каралеўства, у кіруючых колах новага дзяржаўнага ўтварэння ўзнікла ідэя неабходнасці кансалідацыі на духоўна-рэлігійным узроўні. З гэтай мэтай кіруючыя колы Рэчы Паспалітай, натхнёныя прадстаяцелем Заходняй царквы папам рымскім, вярнуліся да ідэі царкоўнай уніі. Полацкі епіскап Герман Загорскі быў сярод тых епіскапаў, якія на Брэсцкім саборы 1596 г. падтрымалі падпісаную ў Рыме унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Найбольш актыўная частка праваслаўнага насельніцтва Полацка арганізавалася ў брацтва, якое мела мэтай абарону веры продкаў і правоў адзінаверных.

Полацкія храмы і манастыры трапілі ў склад Полацкай уніяцкай епархіі, якая ахоплівала Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы. Полацкія уніяцкія епіскапы іменаваліся архіепіскапамі Полацкімі, епіскапамі Віцебскімі і Мсціслаўскімі, Аршанскімі, Магілёўскімі і ўсяе Беларусі. Найбольшай рэўнасцю ў насаджэнні уніі адрозніваўся Полацкі архіепіскап Іясафат Кунцэвіч, які здзекваўся нават з целаў пахаваных па праваслаўнаму абраду палачанаў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.