Полацкая епархія

Праваслаўнае насельніцтва ВКЛ у выніку царкоўнай уніі засталося фактычна без сваіх архіпастыраў. Праваслаўная іерархія была адноўлена толькі ў 1620 г. па благаславенні Патрыярха Іерусалімскага Феафана. На Полацкую епархію быў пастаўлены архіепіскап Мялецій Сматрыцкі, які жыў у Віленскім Свята-Духавым манастыры, але шмат зрабіў для абароны правоў праваслаўных Полаччыны. Ва ўмовах узмоцненых пасля забойства Іясафата Кунцэвіча пераследаў праваслаўных, ён спрабаваў актыўна, але безспаспяхова, займацца прымірэннем праваслаўных і уніятаў.

 

 

Пасля канчыны Мялеція Сматрыцкага Полацкая епархія вярнулася ў падначаленне уніяцкай іерархіі. У гэты ж час дзякуючы намаганнем уплывовай праваслаўнай шляхты, Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы і заступніцтва Расіі, праваслаўныя Рэчы Паспалітай дамагліся юрыдычнага права на свабоду веравызнання. У гэты час праваслаўным былі вернуты Спаса-Праабражэнскі храм, Барыса-Глебскі і Богаяўленскі манастыры і Сафійскі сабор у Полацку, Свята-Троіцкі (Маркаў) манастыр у Віцебску, у Оршы заснаваны Куцеінскія Богаяўленскі мужчынскі і Успенскі жаночы манастыры.

Пераважная колькасць храмаў і манастыроў знаходзілася ў уніі. Полацк на працягу 243 гадоў быў кафедральным горадам уніяцкіх епіскапаў. Аплотам уніі сталі базыльянскія манастыры, якіх у Полацкім і Віцебскім ваяводстве налічвалася 11. Моцны ўплыў на царкоўнае жыццё аказвалі каталіцкія ордэны — езуітаў, дамініканаў, францысканаў і бернардзінцаў, якія мелі тут касцёлы і кляштары (езуіты мелі і сваю навучальную ўстанову — калегіум).

Пасля I падзелу Рэчы Паспалітай да Расіі адышла частка полацкіх земляў, у выніку Полацкая і Віцебская правінцыі ўвайшлі ў склад Пскоўскай епархіі, а ў 1796 – у новаствораную Беларускую епархію з цэнтрам у Віцебску. У 1795 г. па ініцыятыве расійскай імператрыцы Екацярыны II была ліквідавана Полацкая уніяцкая епархія, але яе пераемнік імператар Павел I спрыяў аднаўленню уніяцкіх кафедр, у тым ліку і ў Полацку. У 1821 г. у Полацкай уніяцкай епархіі, межы якой распаўсюджваліся на Віцебскую і Магілёўскую губерні, налічвалася 438,6 тыс. прыхажан, 481 прыходскіх цэркваў, 21 манастырскіх. У 1837 г. уся грэка-уніяцкая іерархія была прыведзена ў падначаленне Св. Сіноду РПЦ, але дзякуючы дзейнасці уніяцкіх епіскапаў Іраклія Лісоўскага, Іаана Красоўскага і Васілія Лужынскага засталіся дзве уніяцкія епархіі – Беларуская і Літоўская. У Беларускую ўвайшлі і уніяцкія прыходы Віцебскай і Магілёўскай губерняў.

Праваслаўныя прыходы падпарадкоўваліся адноўленай у 1833 г. Полацкай праваслаўнай епархіі. Першым епіскапам быў пастаўлены Смарагд (Крыжаноўскі), які быў прыхільнікам хуткага звароту уніятаў у Праваслаўе. Межы Полацкай епархіі распаўсюджваліся на тэрыторыю Віцебскай, Віленскай і Курляндскай губерняў. У 1834 г. да епархіі належала каля 100 цэркваў і 6 манастыроў. У горадзе Полацку было толькі тры праваслаўныя храмы — Сваята-Мікалаеўскі, Свята-Пакроўскі і Спаса-Праабражэнскі, у Віцебску – Благавешчанская, Успенская, Мікалаеўская і турэмная цэрквы. Юрыдычнае завяршэнне ўз’яднання уніятаў з праваслаўнымі адбылося на саборы грэка-уніяцкіх епіскапаў у Полацку 12 лютага 1839 г., на якім было прынята рашэння аб далучэнні уніятаў да Рускай Праваслаўнай Царквы. Паводле Акта полацкага сабора да Праваслаўнай царквы было далучана каля 1,5 млн. чалавек. Пачалося паступовае вяртанне Праваслаўя да становішча пераважнай канфесіі. З дапамогай дзяржавы вялося актыўнае будаўніцтва і асвячэнне новых і раней існуючых храмаў. Пры епіскапе Полацкім і Віленскім Васілію Лужынскім (да 1848 г.) адбылося аднаўленне Спаса-Праабражэнскага манастыра, заснаванага прп. Еўфрасінней Полацкай. Сюды, у Спаса-Праабражэнскі храм быў перанесены яе старажытны крыж. У 1848 г. была пабудаваная цёплая трапезная царква, асвячаная ў гонар прп. Еўфрасінні. У 1939 г. для падрыхтоўкі маладых святароў Полацкай епархіі былая уніяцкая духоўная семінарыя была ператворана ў праваслаўную (у 1856 г. пераведзена ў Віцебск).

У бытнасць епіскапа Аляксандра (Заккіса) у межах Свята-Праабражэнскага манастыра, дзякуючы найперш старанню настаяцельніцы ігуменні Яўгеніі Гаваровіч, быў пабудаваны новы Крыжа-Уздзвіжанскі сабор. Пасля завяршэння будаўніцтва манастыр набыў абноўлены і ўладкаваны выгляд.

У канцы 19 ст. у епархіі дзейнічалі 6 духоўных вучылішчаў, з 1896 у Віцебску працаваў царкоўна-археалагічны музей. Ішло актыўнае будаўніцтва новых цэркваў. На мяжы 19—20 стт. у Полацкай епархіі налічвалася 309 царкоўных прыходаў, 813 царкоўна-прыходскіх школ, 602 школы пісьменнасці. У горадзе Полацку налічвалася разам з дамовымі 9 цэркваў – Свята-Мікалаеўскі кафедральны сабор, Сафійскі сабор, Свята-Іаана-Багаслоўская, Архангела Міхаіла, Аляксандра Неўскага, Пакроўская, Свята-Духава, Мікалаеўская ў кадэцкім корпусе і Мікалаеўская пры настаўніцкай семінарыі, Спаса Нерукатворнага пры духоўным вучылішчы цэрквы. У Віцебску разам з дамовымі налічвалася 35 храмаў, з іх дзве царквы і адна часоўня ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Пры епіскапе Серафіме ў 1910 г. адбылося ўрачыстае перанясенне мошчаў прп. Еўфрасінні з Кіева ў Полацк. З вялікім шанаваннем яе мошчы былі пакладзены ў Спаса-Праабражэнскім храме манастыра, засноаваннага самой прападобнай у сярэдзіне 12 ст.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Полацкай епархіі налічвалася 310 царкоўных прыходаў, 546 храмаў (з улікам дамовых, прыпісных, на могілках) і 235 часовень. Дзеці праваслаўных прыхажан навучаліся ў 442 царкоўна-прыходскіх школах, пры цэрквах было 297 бібліятэк.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.