Тураўская епархія

Праасвяшчэнны ПЁТР (Карпусюк Віктар Пятровіч), епіскап Тураўскі і МазырскіПравячы архіерэй: Праасвяшчэнны ПЁТР (Карпусюк Віктар Пятровіч), епіскап Тураўскі і Мазырскі.

Нарадзіўся 5.01.1959 г. у г.Брэсце. Па нацыянальнасці – беларус. Пасля сканчэння сярэдняй школы і службы ў Савецкай Арміі паступіў на вучобу ў Маскоўскую Духоўную Семінарыю (Загорск; 1979 – 1982 гг.). У 1980 г. прыняты ў лік насельнікаў Троіца-Сергіевай Лаўры. У 1982—1986 гг. працягваў вучобу ў Маскоўскай Духоўнай Акадэміі, адначасова рукапаложаны ў іпадыякана Свяцейшага Патрыярха. У 1986—1991 гг. нёс паслушанне пры Маскоўскай Патрыярхіі.

 15.04.1989 г. адбылася іерэйская хіратонія. 16.06.1989 г. прыняў манашаскі пострыг. У 1990 г. узведзены ў сан архімандрыта. 1991—1992 гг. – эканом Троіца-Сергіевай Лаўры у Загорску. У 1992 г. — будаўнік і духаўнік стаўрапігіяльнага Крыжаўздзвіжанскага жаночага манастыра ў Дамадзедаве Маскоўскай вобласці.

24.07.1992 г. адбылася хіратонія ў епіскапа. З 1992 г. – епіскап Тураўскі і Мазырскі.

З гісторы Тураўскай епархіі

Мазырскі кафедральны сабор Арыстраціга Міхаіла Згодна з царкоўным паданнем, першыя місіянеры, што неслі святло Хрыстовай ісціны, маглі з‘явіцца ў Тураве яшчэ да хрышчэння Кіева, бо епархія славянскага першанастаўніка св. роўнаапостальнага Мяфо-дзія распасціралася да берагоў Прыпяці, а вучні яго па рэках Гарыні і Случы з Валыні заходзілі ў зямлю яцвягаў. Другім цэнтрам распаўсюджання хрысціянства быў Кіеў, адкуль паходзілі і першыя вядомыя нам тураўскія князі, нашчадкі роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра.

З канца 10 ст. Тураў стаў палітычным і рэлігійна-культурным цэнтрам княства. У час княжэння ў Тураве Святаполка (988—1015), з удзелам яго жонкі грачанкі Варвары, у Тураве хрысціянская вера значна пашырылася, будаваліся драўляныя цэрквы, быў заснаваны, згодна з паданнем, жаночы манастыр, які знаходзіўся на месцы пазнейшага паселішча Чарніцы. Ёсць ускосныя згадкі пра мужчынскі манастыр у Старажоўцах. Неаспрэчным сведчаннем высокай духоўнай культуры старажытнага Турава з‘яўляецца пергаментнае Евангелле 11 ст., знойдзенае ў 1866 г. у тураўскай Спаса-Праабражэнскай царкве. У 12 ст. на гарадзішчы быў узведзены вялікі мураваны храм, дзе, відаць, пакоіліся і першыя тураўскія епіскапы. Пазней мураваная царква была пабудавана і ў вакольным горадзе. Аб распаўсюджанні хрысціянства сведчаць знойдзеныя на тураўскім гарадзшчы унікальныя свінцовыя рэльефныя абразкі Прасвятой Багародзіцы і Святых, бронзавая іконка 13 ст., а таксама шматлікія каменныя крыжы, знойдзеныя ў Тураве і навакольных вёсках. Яны сімвалізавалі адданасць новай веры і глыбока ўшаноўваліся мясцовым насельніцтвам. У час росквіту Тураўскага княства ў Тураве налічвалася 80 цэркваў.

Тураўская епіскапская кафедра была заснавана ў 1005 г. і з’яўляецца другой па старажытнасці сярод праваслаўных епіскапій на Беларусі. Таксама як і Полацкія, Тураўскія епіскапы пастаўляліся на сваю кафедру Кіеўскімі мітрапалітамі. Апошнія знаходзіліся ў кананічным падпарадкаванні Канстанцінопальскіх Патрыярхаў. У сінодзіку Варварынскага манастыра, які ў 19 ст. знаходзіўся ў Старажоўскай царкве, запісаны імёны 23-х тураўскіх архіерэяў, якія займалі Тураўскую кафедру на працягу 11—16 ст. Гэта Сімяон, Ігнацій, Іаакім, Георгій, Кірыл І (1114—1126), Іаакім II (з 1144), Іаан (з 1146), Кірыл ІІ св. (1130—1182), св. Лаўрэнцій (да 1150). У сінодзіку згадваюцца імёны Васілія, Данііла, Цімафея, Дзімітрыя, Дзіянісія, Яфрэма, Насона, Ісаакія, Яфрэма II, Ціхана, пра якіх звестак не захавалася.

Тэрыторыя Тураўскай епархіі распаўсюджвалася на вялікую тэрыторыю з наступнымі цэнтрамі княжэння: Заслаўе, Саламярэцк, Мінск, Пінск, Мазыр, Клецк, Навагрудак, Перасопецк, Свіслач, Лагойск, Сцяпанск, Барысаў, Слуцк. У 1241 г. кафедра была перанесена ў Пінск, тытул правячых архіерэяў быў «Тураўскі і Пінскі». Імёны епіскапаў з 1182 да 1390 г. нам невядомы; магчыма, быў час, што епіскапская кафедра часова не была занята, і архіпастырскую апеку над турава-пінскай паствай здзяйснялі мітрапаліты Кіеўскія і ўсяе Русі. Таму ў сінодзіку названы імёны мітрапалітаў Пятра, Аляксія, Кіпрыяна, Іоны.

Двое з Тураўскіх свяціцеляў — епіскапКірыл ІІ і яго пераемнік епіскап Лаўрэнцій — атрымалі царкоўнае праслаўленне і былі прылічаны Праваслаўнай Царквою да ліку святых угоднікаў Божых. Асабліва глыбока ўшаноўваецца мясцовымі жыхарамі епіскап Тураўскі, свяціцель Кірыл, дзень памяці якога (28 красавіка/11 мая) традыцыйна з‘яўляецца духоўным і дзяржаўным святам усяго Палесся.

У 12 ст. жыў прападобны Марцін (памяць 27 чэрвеня/10 ліпеня), Тураўскі затворнік, удастоены яўлення яму цудатворцаў Барыса і Глеба ў тураўскім Барыса-Глебскім манастыры.

У 2-й палове 12 ст. Тураўскае княства, распаўшыся на больш дробныя ўдзелы, паступова страціла сваю былую магутнасць. У 1241 г. у выніку спусташальнага набегу татараў Тураў, у якім налічвалася каля 50 цэркваў і манастыроў, быў дашчэнту спалены. У сінодзіку Варварынскага манастыра былі імёны іерэяў, якія загінулі ў час татарскага пагрому.

У канцы 13 – пач. 14 ст. Тураў увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага, належаў князю Свідрыгайлу, у 15 ст. — Глінскім, у 16—17 ст — Астрожскім. У канцы 16 ст. у Тураве, як сведчаць некаторыя крыніцы, было 80 цэркваў, працягваў дзейнічаць старажытны Барыса-Глебскі манастыр.

У Мазыры вядомы Яснагорскі манастыр, які згадваецца ў 1404 г., і Петра-Паўлаўскі 15 ст. У 1552 г. тут дзейнічалі цэрквы: замкавая Святога Спаса (на Спаскай гары), Спаса-Праабражэнская, Прачысценская і ў гонар свяціцеля і цудатворцы Мікалая («на паркане»). У 16 ст. быў праваслаўны прыход у Жыткавічах.

Па вялікай веры праваслаўным былі яўлены цудатворныя іконы Божай Маці — Конкавіцкая, Васькоўская ў Мазырскім павеце; Беласорацкая цудатворная ікона свяціцеля Мікалая ў Рэчыцкім павеце.

У акце падпісання Брэсцкай уніі 1596 г. прымаў удзел і епіскап Пінскі і Тураўскі Ляонцій Пяльчыцкі, пасля чаго праваслаўная Пінска-Тураўская епархія перастала існаваць. Але праваслаўныя жыхары Тураўшчыны і Піншчыны адмовіліся падпарадкавацца уніятам і дабіліся пастаўлення ў Тураў праваслаўных епіскапаў, якія дзейнічалі адначасова з уніяцкімі. У 1620 г. Іерусалімскім патрыярхам Феафанам на Турава-Пінскую кафедру быў пастаўлены грэк Аўраамій, епіскап Стагонскі.

Дакументы сведчаць, што да канца 18 ст. у Тураве і бліжэйшых прыходах амаль не было уніяцкіх цэркваў. У Тураве было створана брацтва і адкрыта школа пры манастыры. Вялікую падтрымку праваслаўным аказваў князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі, які пабудаваў тут царкву і заснаваў школу.

У 1609 г. князем Адамам Вішнявецкім і яго жонкаю Аляксандрай Хадасевіч былі заснаваныя Спаса-Праабражэнскі мужчынскі і Свята-Благавешчанскі жаночы манастыры ў Сялец-Брагіне.

Пасля аднаўлення Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі (1633), да мітрапалічай епархіі адносіліся праваслаўныя цэрквы і манастыры Тураўшчыны.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.