Тураўская епархія

Большыя ўплывы унія і рыма-каталіцтва мелі ў Мазыры. У 17 ст. тут былі пабудаваны тры каталіцкія касцёлы, дзейнічала езуіцкая місія са школай. У 1720 г. быў заснаваны базыльянскі Сухавіцкі манастыр у Мазырскім павеце.

 

 

Разам з тым, у пачатку 18 ст. у Мазырскай пратапопіі працягвалі дзейнічаць 50 праваслаўных цэркваў. Але ў 1747 г. мазырскі пратапоп Фёдар Савіцкі з горыччу паведамляў, што з 50 цэркваў пад яго апекаю засталося толькі 7.

Нягледзечы на цвёрдае стаянне ў веры, да канца 18 ст. усе праваслаўныя храмы ў старажытным Тураве разам з начыннем былі перададзены уніятамі.

Пасля II падзелу Рэчы Паспалітай Тураў увайшоў у склад Расіі. Са стварэннем праваслаўнай Мінскай епархіі ў 1793 г. тэрыторыя былой Турава-Пінскай епархіі перайшла ў падпарадкаванне Мінскіх архіерэяў, якія зацвярджаліся Св. Сінодам РПЦ. Віктар Садкоўскі, першы епіскап новастворанай кафедры, арганізаваў шэсць праўленняў на чале з выбранымі пратапопамі, у тым ліку Петрыкаўскае, Мазырскае і Тураўскае. У гэты час ішоў паступовы пераход уніятаў у Праваслаўе. У 1797 г. у Мазырскім павеце было 20 уніяцкіх прыходаў, Пінскім – 54, Рэчыцкім –11.

У 19 ст. Тураў быў цэнтрам воласці Мазырскага павета, належаў Салагубам. У канцы 19 ст. у Тураве былі Спаса-Праабражэнская, Свята-Іллінская, Ражджаства-Багародзіцкая, Свята-Мікалаеўская, Петра-Паўлаўская, Усясвяцкая цэрквы. Пасля пажару 1834 г. засталіся толькі Спаса-Праабражэнская, Свята-Іллінская і царква Усіх Святых на могілках.

Спаса-Праабражэнская царква пабудавана ў 1800 г. на пагосце Заяцелле на сродкі прыхажан. У драўлянай царкве быў трох’ярусны іканастас са старажытнымі іконамі, магчыма, з былой царквы Ражджаства Багародзіцы, што размяшчалася даўней на гэтым жа пагосце. Тут захоўваўся сінодзік з імёнамі Тураўскіх епіскапаў.

Свята-Іллінская царква, пабудаваная ў 1856 г. на сродкі казны, была драўляная з аднаярусным іканастасам. У гэтай царкве нёс пастырскае служэнне на працягу 39 гадоў протаіерэй Сімяон Лісіцкі, аматар мясцовай гісторыі, аўтар кнігі “Тураў і Тураўшчына”. Спачыў у Тураве 14.03.1890.

У ваколіцах Турава у 19 ст. былі цэрквы Архангела Міхаіла ў Людзяневічах, Крыжаўздзвіжанская ў Верасніцы, Свята-Сцяфанаўская ў в. Пагост, Ражджаства-Багародзіцкая ў Леніне, Свята-Іаана-Багаслоўская ў Мілевічах, Свята-Пакроўская ў Старажоўцах, Свята-Міхайлаўская ў Рычаве.

У 1878 г. у Мазыры пражывала 5457 праваслаўных (для параўнання: католікаў – 446, старавераў – 23, евангелістаў – 10), дзейнічалі тры цэрквы – Свята-Міхайлаўскі сабор, Свята-Параскевінская і Свята-Троіцкая цэрквы.

У Рэчыцы было два прыходскія храмы – Свята-Успенскі сабор з прыпісной царквой на могілках і Свята-Мікалаеўскі храм.

У 1870-я гг. пры епіскапе Аляксандры (Дабрыніне) архіерэі Мінскай епархіі сталі іменавацца «Мінскімі і Тураўскімі», гэты тытул захоўваўся да 1922 года.

У маі 1877 г. на Мінскую кафедру быў пераведзены епіскап Яўгеній (Шарашылаў; 1877-1880), які быў глыбокім прыхільнікам малітоўнага ўшанавання свяціцеля Кірыла Тураўскага. З яго благаславення былі выдадзеныя галоўныя творы свц. Кірыла, а ў Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы ў лістападзе 1878 г. ў імя свяціцеля Кірыла быў асвячоны прыдзельны прастол. Да дня асвячэння прастола епіскап Яўгеній склаў трапар і велічанне свяціцелю Кірылу.

У 1914 г. у час епіскапства уладыкі Мітрафана (Краснапольскага) было прынята рашэнне пабудаваць у Тураве храм у гонар Кірыла і Лаўрэнція, свяціцеляў Тураўскіх.

Як вядома, пасля падзей 1917 г. новая ўлада заняла адкрыта варожую пазіцыю ў адносінах да царквы. У гэты цяжкі час епіскапам Мінскім і Тураўскім быў Георгій (Ярашэўскі), які з 1922 г. стаў мітрапалітам Праваслаўнай царквы ў Польшчы. У 1922 г. пасля Памеснага Сабора Беларускай праваслаўнай царквы, была ўтворана Мазырская епархія на чале з вікарным епіскапам Іаанам (Пашыным), якая падпарадкоўваласяна Мінска-Беларускай Праваслаўнай мітраполіі. У 1927 г. епіскап Іаан (Пашын) быў беспадстаўна арыштаваныі, дэпартаваны ў канцэнтрацыйны лагер, дзе і памёр. У 1920—1930-я гг. цэрквы масава зачыняліся, маёмасць канфіскоўвалася, а святары і актыўныя вернікі падвяргаліся арыштам, высылцы і нярэдка пазбаўляліся жыцця. У 1939 г. на Тураўшчыне не было ніводнага дзейнага храма.

Ва ўмовах нямецкай акупацыі 1941—43 гг. склаліся ўмовы для часовага аднаўлення царкоўнага жыцця. Прыходы Тураўшчыны і Мазыршчыны адносіліся да Мінскай епархіі на чале з мітрапалітам Мінскім і ўсяе Беларусі Панцеляіманам (Ражноўскім). У 1943 г. была створана Гомельска-Мазырская епархія на чале з епіскапам Георгіем (Барышкевічам). Аднак у сувязі з прыбліжэннем лініі фронту яму не ўдалося выехаць у Гомель.

У 1950-я гг. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала толькі адна Мінская епархія. Ганенні на царкву працягваліся. У 1959—60 гг. актывізавалася палітыка закрыцця храмаў, пасля чаго іх засталіся адзінкі. Былі раёны, дзе не было ніводнага храма.

Тураўская епархія зноў адроджана і зацверджана ў 1992 г.

Сучасны стан епархіі

Епархія ўключае тэрыторыю 10 адміністратыўных раёнаў Гомельскай вобласці, складаецца з 6 благачынных акруг – Жыткавіцкай, Лельчыцкай, Мазырскай, Нараўлянскай, Петрыкаўскай, Хойніцкай.

У канцы 1999 г. у Тураўскай епархіі налічвалася 50 абшчыны, службы Божыя адпраўляліся ў 50 храмах. 10 абшчын адпраўляюць богаслужэнні ў малітоўных дамах, акрамя таго службы адбываюцца ў 2 часоўнях і 1 турэмнай царкве. Пастырскае служэнне нясуць 47 свяшчэннікаў, 5 дыяканаў.

На тэрыторыі епархіі дзейнічае два манастыры:

Свята-Пакроўскі Хойніцкі манастыр. Створаны ў 1992 г. Настаяцельніца манастыра ігумення— ГЕОРГІЯ(Шваб). Усяго насельніц 8: 1 ігумення, 2 манахіні, 2 інакіні, 3 паслушніцы.

Адрас: 240600 Гомельская вобласць, г. Хойнікі, вул.Берагавога, тэл.: (02346) 2-11-90.

Свята-Ражджаства-Багародзіцкі Юравіцкі манастыр. Створаны ў 1845 г., дзейнасць узноўлена з 1995 г. Настаяцельніца манастыра — в.а. манахіня ФАМАІДА (Стрэльнікава). Усяго насельніц 6: 1 манахіня, 1 інакіня, 4 паслушніц.

Адрас: 248 050 Гомельская вобласць, Калінкавіцкі раён, с. Юравічы, вул.Нагорная, 9. тэл.:(02345) 3-12-53.

Выдаецца газета «Искра Православия».


Адрас епархіяльнага ўпраўлення:

246760 г. Мазыр, вул.Камсамольская 16, тэл:. (02351) 2-14-90, 2-31



Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.