Прападобны Ляонцій, архімандрыт Віленскі. Казанне на Праабражэнне Госпада Бога і Спаса нашага Іісуса Хрыста

Гэта трохразовае яўленне славы я яшчэ і для таго згадаў, каб на гэтым прыкладзе і вобразе выразней і мацней маглі праявіцца адрозненне і сутнасць траістага праабражэння душы. Якая ж розніца паміж тымі дарамі і ўцехамі, якімі надзяляе неба і зямлі Тварэц маладых воінаў, і тымі, што дае вопытным рыцарам Сваім? У чым адрозненне паміж малаком, якім Ён поіць малых дзяцей, і дасканалай ежай, якой корміць работнікаў у вінаградзе Сваім, — кожны гэта можа ўвачавідкі пабачыць на прыкладзе святых апосталаў, якія, пакаштаваўшы таго салодкага малака на гары Фаворскай, яшчэ сталага ўзросту не дасягнулі, яшчэ мужнасці, уласцівай мужчынскаму стану, не набылі. Бо тыя ж Іаан і Іакаў, што былі на гары Праабражэння, калі прасілі, каб сесці справа і злева ад Хрыста, пра зямное царства думалі. Той жа Пётр, які ўсклікаў: “Госпадзі, добра нам тут быць!”, пасля ад Настаўніка і Дабрадзея свайго клятвенна адрокся, спалохаўшыся адной убогай рабыні. Аднак калі тыя ж вучні сталага ўзросту дасягнулі, калі, паўтару, славу і перамогу Хрыста Спасіцеля свайго пасля ўваскрэсення Яго ў трэці дзень і ў час слаўнага ўзнясення бачылі, і калі дарослай ежай, дасканалымі стравамі падмацаваліся, калі апрануліся нябеснай сілаю, калі сашэсцем Сваім Прасвяты і Жыватворны Дух наведаў іх,калі полымя любові Божай у сэрцах іх запаліў, калі мноствам дароў Сваіх шчодра іх адарыў і ўзбагаціў, калі непераможнай зброяй мужнасці ўзброіў, — тады той самы Пётр не толькі ўбогай дзяўчыны, але і ўсёй зграі кніжнікаў, фарысеяў і ўладароў свету гэтага не баючыся, пытаўся: ”Ці праведна будзе перад Богам слухаць вас болей, чым Бога?” (Дзеян. 4, 19). І вось той самы Іаан, які не ведаў, чаго прасіў, неспасціжную глыбіню тайнаў даследаваў і на недасяжную вышыню багаслоўя ўзляцеў. І вось усе апосталы, якія разбегліся і рассеяліся, пакінуўшы паражонага Пастыра, цяпер не толькі пагроз іудзейскіх не баяцца, але і радуюцца, калі спадобіліся за імя Яго няславу цярпець.

З гэтага разважання яшчэ і тое кожны ўведаць і ўбачыць можа, што сам ён па ўласнай прыродзе сваёй, грахом скажонай, — нізкі і слабы, да зла схільны, да дабра няздольны і халодны; і што, з другога боку, калі ласка Божая, калі дар і благадаць духоўная прыйдзе, то вялікая і дзівосная перамена з ім адбываецца. Як вада, агнём у пару ператвораная, забыўшы пра прыхільнасць сваёй прыроды да зямлі, уверх імкнецца, так і чалавек, дарам і благадаццю Прасвятога і Жыватворнага Духа адораны, над слабасцю нізкай натуры сваёй узвышаецца і ўсклікае: “Усё магу ў Іісусе Хрысце, Які мацуе мяне” (Флп. 4, 13).

А калі такая вялікая, як гаварылася, розніца паміж гэтым першым і другім праабражэннем, то хіба можна параўнаць гэтыя абодва з тым трэцім, якога ўсе адвеку ўгоднікі Божыя чакаюць?! Бо адны ўцехі тыя, якімі міласэрны Гасподзь суцяшае ў даліне плачу заплаканых і засмучаных жабракоў, а другія — тыя, якімі ў тым для ўсіх, хто радуецца, жыллі весяліць будзе радасных і раскашуючых сяброў. Адны даброты — тыя, якія ў той гасціне і ў дарозе Ён дае ўбогім падарожным, а другія — тыя, якімі ў той мілай Айчыне будзе надзяляць шчаслівых грамадзян. Адны — для падмацавання яшчэ ляжачых на полі воінаў, і зусім іншае ўшанаванне — для пераможцаў, што пяюць радасную песню пасля выйгранай бітвы. Адна ежа, якою корміць жняцоў, што працуюць на ніве Яго, і зусім іншыя стравы, якімі Ён частуе гасцей, ад веку званых і запрошаных на шчодры пір і вячэру.

Калі толькі адна крошка з гэтага найбагацейшага стала апосталам на Фаворскай гары дадзеная так іх задаволіла, што яны пра ўсе прысмакі свету гэтага не толькі забыліся, але і пагрэбавалі імі, а з той гары ніколі ўжо сысці не хацелі, “добра нам тут быць!” крычалі, — што ж будзе тады, калі дадуць не кончыкам пальца, як на Фаворы, той ежы пакаштаваць, але ўдосталь і да сытасці, ёю нацешыцца?

Калі адна толькі кропля таго найсаладзейшага, для гасцей прыгатаванага пітва так вярхоўнага апостала ўпаіла, што ён ледзь з сябе ад радасці не выходзіў і, нібы ў захапленні нейкім будучы, не ведаў, што казаў, — што ж будзе тады, калі ля крыніц жывой вады пастаўлены будуць ды шчодра і ў волю тым богацвярозым віном пачаставаны будуць, пра што прарок гаворыць так: “Насыцяцца ад туку дома Твайго, і з патоку слодычаў Тваіх Ты напоіш іх” (Пс. 35, 9).

І калі ў той час, як Хрыстос Спасіцель наш малую толькі, пра што і Царква Божая спявае, Бажаства Свайго зару прыадкрыў і малую частку той вечнай славы Сваім святым вучням паказаў, яны такімі вялікімі і дзівоснымі, што розум і сэрца пераўзыходзяць, уцехамі і радасцю напоўніліся, — што ж будзе тады, калі не водбліск нейкі, а саму Бажаства Свайго славу адкрые, і калі ўжо не праз якую-небудзь завесу ці покрыва, але адкрыта і ўсёй істотай сваёй нас бачыць Яе спадобіць; калі, па словах узлюбленага вучня Хрыстовага, “угледзім Яго, Які Ён ёсць?!” (1 Ін. 3, 2).

І толькі яўленне надсусветнай славы і бачанне прасвятога аблічча Яго можа душу чалавечую наталіць, толькі яно адно можа розум і сэрца наша супакоіць, згодна з прарочым словам: “Я насычуся, калі явіцца мне слава Твая” (Пс. 16, 15.) Бо там ужо чалавек, дасягнуўшы мэты і мяжы шчасця свайго, далей ісці не пажадае, але знайшоўшы спакой у найвышэйшым Дабры, Якое спалучае ў Сабе ўсіх іншых даброт дасканаласць, Яго вечна любіць і асалоду мець будзе, спяваючы: “Знайшла я Таго, каго любіць душа мая, ухапілася за Яго і не адпусціла Яго” (Песн. 3, 4).

І калі, убачыўшы ў славе і яснасці побач з гэтым усемагутным Царом славы адных толькі Маісея і Ілію, так хутка палюбілі тое мілае супольніцтва і таварыства, што расставацца з імі ніколькі не хацелі, — што ж будзе тады, калі не адны толькі Маісей ды Ілія і не толькі бясплотных нябеснай славы служыцеляў — Ангелаў, Архангелаў, Пачаткаў, Сіл, Прастолаў, Улад, Херувімаў і Серафімаў — чыны незлічоныя, але і мноства іншых святых ад веку ўгоднікаў Божых, калі найслаўнейшы сабор апостальскі, калі хвалебны хор прарочы, калі пераможны полк мучаніцкі, калі венцаносны чын цнатліўцаў, калі сцяганосны атрад вызнаўцаў, калі палымянакрылы гурт пустэльніцкі, калі, нарэшце, мноства шчаслівых грамадзян Нябеснага Іерусаліма, што ад пакут — да радасці, ад працы — да адпачынку вечнага прыйшлі і адзенне сваё ў крыві Агнца, за светзабітага, абмылі, — у невымоўнай і праўдзівай яснасці і харастве побач з гэтым адвечным Царом славы стануць, і, згодна з Яго боскім словам, як сонца заззяюць?!

І калі ўжо будуць размаўляць з ім не пра крыж і смерць Яго ганебную, якую Ён павінен быў перацярпець у зямным Іерусаліме, але самую радасную песню нязменна спяваць у Нябесным Сіёне: “Благаславенне і слава, і прамудрасць, і падзяка, і гонар, і сіла, і моц Богу нашаму на векі вякоў!” (Адкр. 7, 12); і ў невымоўнай радасці і весялосці будуць даваць Яму набожныя клятвы і абяцанні свае, якія нідзе болей цалкам і дасканала споўніцца не могуць, акрамя як у Горнім Іерусаліме, дзе ніякаму злу — ні граху, ні пакаранню за яго — або няшчасцю якому месца не будзе, паводле слоў: “І не ўвойдзе ў яго нішто нячыстае і ніхто, адданы брыдоце і хлусні” (Адкр. 21, 27), бо ўжо ўсялякі плач, усялякі ўціск, усялякі смутак, усялякая трывога, усялякае праследаванне, усялякая немач, усялякая хвароба, усялякая нястача, усялякае намаганне і, нарэшце, сама смерць з таго найслаўнейшага Горада навекі будзе выгнана і выслана!

О горад цудоўны! О горад найслаўнейшы! Адзін дзень жыцця ўтабе лепшы за тысячы гадоў блукання па гэтым няпэўным ібурлівым моры! О Горад вялікага Цара, Іерусаліме Нябесны, маці для ўсіх нас! О Айчына наша мілая іжаданая! О дом Суцяшэння! О месца бясконцага спакою! О гняздо пастаяннай асалоды! О грунт сапраўднай свабоды! О скарбніца нязменнага шчасця! Шчаслівыя тыя, хто цябе любіць, хто пра цябе ўвесь час думае, пра цябе гаворыць, да цябе згэтай даліны плачу вочы ісэрца ўздымае, да цябе згэтай няволі заўжды імкнецца, да цябе з гэтага выгнання і высылкі заўжды рыхтуецца, да цябе з той гасціны заўжды адпраўляецца, да цябе ўсе каштоўнасці свае загадзя адсылае, утабе здабрадзеянняў дом сабе ставіць іжыллё працаю будуе; да цябе, цяжар крыжа на плячах несучы, цеснай іжалобнай дарогай крочыць, па табе зплачам і слязьмі ўздыхае, цябе як бацькоўскае гняздо сваё здалёк вітае. Шчаслівыя, паўтару, тыя, хто высакапарнымі бязмоўя ібагадумнасці крыламі ад зямных нізін да цябе ўзносіцца; хто ачышчаным сардэчнага вока позіркам упрыгажосць іаздобу тваю пранікае; хто смак тваёй слодычы іўдзячна пахкі водар твой адчувае. Паколькі яны не толькі славай ібагаццем свету гэтага грэбуюць, не толькі асалодаю цялеснаю пагарджаюць, але іўсе беды— за раскошу, усю стому— за адпачынак, усе смуткі іняшчасці— за радасць ісам агонь— за прахалоду лічаць, толькі б усім гэтым такога жаданага для сябе жыцця дасягнуць; толькі б, сеўшы пад тым дзівосным дрэвам жыцця, што пасярод цябе, адпачыць; толькі б утых прасторных гмахах, убагатых палацах тваіх, каменнем каштоўным абкладзеных, раскашаваць; ітолькі б усвятле свяцільніка твайго па тых, золатам чыстым вымашчаных вуліцах тваіх усвой час маглі хадзіць. Сапраўды, непараўнальныя сённяшнія пакуты зтой славай ігонарам, якіх утабе жыхары твае дасягнуць!

Пераклад протаіерэя Сергія Гардуна,

Галіны Каржанеўскай, Лідзіі Кулажанка

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.