Жыццё и вызнаўчы подзвіг прападобнага Ляонція, архімандрыта Віленскага

Будучы архімандрыт Ляонцій— уміры Лонгін Фёдаравіч Карповіч— нарадзіўся ўПінску каля 1580 года іпаходзіў з сям'і пінскага пратапопа. Вучыўся будучы вызнаўца веры Хрыстовай, на думку даследчыкаў, у Астрогу альбо ў Вільні. У паэтычным творы «Лямант», прысвечаным памяці айца Ляонція, ёсць радкі, якія сведчаць пра цяжкія матэрыяльныя ўмовы яго навучання: «Он о нищих, убогих старанье мел, о вдовах, маючи и сам выхованье с жебранины ненъдзной» (ён выяўляў клопат пра жабракоў, убогіх, удоў, бо і сам быў выхаваны з дапамогай мізэрнай міласціны). Лонгін Карповіч валодаў глыбокімі ведамі ў багаслоўі, дыялектыцы, логіцы, рыторыцы, ведаў некалькі моў і пры гэтым вызначаўся змірэннай набожнасцю і руплівасцю да веры Праваслаўнай. Архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра Захарыя (Капысценскі) у сваёй «Палінодыі», напісанай у 1621 годзе, так характарызуе яго: «Блажэнны Ляонцій Карповіч, архімандрыт Віленскі, муж боганатхнёны, ў мове грэчаскай і лацінскай глыбока дасканалы, абаронца ісціннай веры».

На пачатку 17 стагоддзя уніяты захапілі Свята-Троіцкі манастыр у Вільні і выцеснілі існуючае пры ім праваслаўнае брацтва, арганізаваўшы замест яго сваё уніяцкае і намагаючыся прысвоіць яму ўсе маёмасныя і юрыдычныя правы праваслаўнага брацтва. Спрабуючы абараніць правы Віленскага праваслаўнага брацтва ад несправядлівых замахаў уніятаў, Лонгін Карповіч разам з некаторымі іншымі братчыкамі выпраўляецца ў студзені 1609 года ў Варшаву на пасяджэнне сойму. Лонгін Карповіч паўстае тут перад намі як актыўны міранін, якога сярод іншых віленцаў патрыяршы экзарх Кіеўскай мітраполіі пратапоп Нестар Казменіч ставіць у прыклад у сваім пасланні да пінскага духавенства ад 4 студзеня 1609 года.

Вярнуўшыся з Варшавы, Лонгін Карповіч працягвае сваю энергічную дзейнасць па абароне Праваслаўя. У прыватнасці, ён узначальвае друкарню Віленскага праваслаўнага брацтва, у якой у 1610 годзе выходзіць знакамітая кніга Максіма (у манашастве Мялеція) Сматрыцкага «Фрынас, або Плач адзінай кафалічнай апостальскай Усходняй Царквы з тлумачэннем догматаў веры». У кнізе падрабязна і грунтоўна абвяргаюцца лацінскія догматы аб верхавенстве папы, аб зыходжанні Святога Духа і ад Сына, аб чысцілішчы, адзначаецца няправільнасць ужывання апраснакоў пры здзяйсненні Еўхарыстыі, на памылковасць прычашчэння міран пад адным відам. Аўтар дае выразную карціну страшэннага заняпаду веры і набожнасці ў папскай сталіцы — Рыме — і заклікае адступнікаў ад Праваслаўя апамятацца і пакаяцца, вярнуцца да сваёй маці, якая іх нарадзіла і выхавала, і адпрэчыць усе рымскія ерасі і заблуды. Кніга зрабіла глыбокае ўражанне як на праваслаўных, так і на ворагаў Праваслаўя, якія абрынулі ўсё сваё абурэнне і раз'юшанасць на выдаўцоў. У Вялікую Суботу 7 красавіка 1610 года ў друкарні быў учынены вобыск, падчас якога галоўнага друкара і карэктара Лонгіна Карповіча арыштавалі і без суда і следства кінулі ў турму. Два гады вызнаўца правёў у кайданах, яго вадзілі з аднога суда на другі, пераводзілі з адной турмы ў другую, штодня ўчынялі допыты, білі, здзекваліся, прымушаючы адмовіцца ад Праваслаўя і перайсці ва унію, але ён непахісна адстойваў права народа захаваць роднае Праваслаўе. На целе святога падзвіжніка ад кайданоў утварыліся язвы, сляды якіх заўважныя былі нават пасля яго праведнага спачыну.

Не зламіўшытрываласціпадзвіжніка, яго выпусцілі з турмы, і ён вярнуўся да сваіх паплечнікаў, стаўшы шырока вядомы як адважны вызнаўца і пакутнік за веру. Затым Лонгін Карповіч прымае манашаскі пострыг з імем Ляонцій і дзякуючы свайму высокаму аўтарытэту неўзабаве становіцца на чале Віленскага Свята-Духавага манастыра ў сане архімандрыта, уводзячы ў абіцелі ўстаў агульнага манашаскага жыцця паводле чыну свяціцеля Васілія Вялікага. Нягледзячы на падарванае ў турме здароўе архімандрыт Ляонцій з нязменнай энергіяй працягвае сваю пастырска-асветніцкую дзейнасць. У брацкай друкарні, якую ён па-ранейшаму ўзначальвае, выдаюцца новыя кнігі: «Евангелле навучальнае», Малітваслоў, Службоўнік, Трэбнік, «Вертаград душэўны» святагорца Фікарды. У апошнім выданні змешчана прадмова архімандрыта Ляонція Карповіча. Узначальваючы Свята-Духаў манастыр і праваслаўнае брацтва, архімандрыт Ляонцій становіцца яшчэ і рэктарам брацкай школы, выхоўваючы моладзь у духу вернасці Праваслаўю.

Як і раней, яму даводзіцца цярпець шматлікія крыўды ад уніятаў Свята-Троіцкага манастыра, якія, карыстаючыся блізкай адлегласцю, амаль штодня кідаюць у манахаў Свята-Духавага манастыра камяні, выпускаюць стрэлы. Падчас аднаго з такіх нападаў ў 1614 годзе архімандрыт Ляонцій ледзь застаўся жывы: пінскі ўніяцкі епіскап Паісій Анікеевіч і вядомы ўніяцкі дзеяч Іасафат Кунцэвіч, знаходзячыся ў Свята-Троіцкім манастыры, сталі кідаць цэглу ў архімандрыта Ляонція і сур'ёзна паранілі яго.

Паводле сведчанняў іераманаха Ісаіі Трафімовіча, архімандрыт Ляонцій меў звычай «на всяк день Божественную совершати службу», хаця некаторыя з братоў непрыязна да гэтага ставіліся, на што падзвіжнік пярэчыў ім: «Як, набліжаючыся да сонечнага святла, бачыш на сабе плямы бруду, нават калі яны вельмі малыя, так і прычашчаючыся часта Бажэственным Тайнам, бачыш на сабе свае саграшэнні». Увесь час, вольны ад працы і богаслужэння, архімандрыт Ляонцій праводзіў у келейнай малітве. Ён настолькі любіў малітву, што плакаў, калі яму даводзілася перапыняць малітву дзеля зямных спраў, хоць і гэтыя зямныя справы патрэбныя былі для абароны Святой Царквы.

Шмат сіл архімандрыт Ляонцій аддаваў арганізацыі манашаскага жыцця ў родным Свята-Духавым манастыры, які дзякуючы менавіта яго намаганням неўзабаве стаў на чале ўсіх праваслаўных манастыроў Вялікага княства Літоўскага.

Усім праваслаўным віленцам архімандрыт Ляонцій быў вядомы як боганатхнёны прапаведнік. Яго пропаведзі высока цанілі не толькі праваслаўныя, яны літаральна былі «залатымі» і для езуітаў, якія скуплялі іх за золата, каб спаліць. Менавіта таму з вялікага мноства яго пропаведзяў да нас дайшло толькі тры, прычым такія, у якіх няма ніякай антыўніяцкай палемікі. Праваслаўныя лічылі архімандрыта Ляонція падобным па красамоўству Залатавуста. Віленскі прапаведнік не толькі сам «выкрываў і абвяргаў» словам пропаведзі, але і іншых заклікаў абараняць Праваслаўе. Захавалася яго пасланне на Афон, у якім архімандрыт Ляонцій просіць святагорца Кірыла прыбыць у Вялікае княства Літоўскае для падтрымкі Праваслаўнай Царквы: «Занядбаная і пакінутая намі Маці наша судзіць нас і асуджае. Што ж мы за воіны, калі ўвесь час — на адпачынку, а на варце — ніколі… Які мне плён ад самотнага жыцця, калі без любові яно праведзена будзе? І калі маці хто не любіць, то каго такі наогул любіць можа?»

У 1620 годзе Вялікае княства Літоўскае наведвае Іерусалімскі патрыярх Феафан, які пагаджаецца рукапалажыць для Праваслаўнай Царквы мітрапаліта і чатырох епіскапаў. Паміж абраных на епіскапскае служэнне быў і архімандрыт Ляонцій (Карповіч), які быў нарачоны епіскапам Брэсцкім і Уладзімірскім. Аднак цяжкая хвароба не дазваляе Віленскаму архімандрыту адправіцца ў Кіеў для хіратоніі. Прадчуваючы блізкую смерць, архімандрыт Ляонцій па просьбе брацтва пасылае да патрыярха свайго пастрыжаніка інака Мялеція Сматрыцкага. Прабыўшы некалькі месяцаў у Кіеве, Сматрыцкі вяртаецца ў Вільню ў сане архіепіскапа і ўжо не застае ў жывых свайго настаўніка: 24 верасня 1620 года ён спачыў, а цела яго застаецца непахаваным шэсць тыдняў. Архіепіскап Мялецій адслужыў адпяванне прападобнага Ляонція 2 лістапада 1620 года. У сваім слове пры пахаванні ён адзначыў нятленнасць яго пачэсных мошчаў: «Сведчаннем цярплівасці гэтага святога вызнаўца і пакутніка служаць самі язвы, намуляныя кайданамі на гэтым пачэсным целе, якое хоць ўжо шэсць тыдняў застаецца мёртвым, але благадаццю існага ў ім Прасвятога і Жыватворчага Духа захоўваецца непашкоджаным і без паху тлення».

Шанаванне прападобнага Ляонція як святога ўгодніка было не толькі ў Вільні, але і за яе межамі. У 1633 годзе студэнты Кіеўскай духоўнай калегіі віталі свяціцеля Пятра (Магілу) з яго ўзыходам на мітрапалічы прастол. У прывітальным тэксце, які быў яму прысвечаны, ёсць такія словы: «Цяпер пажадай толькі выправіцца ў Вільню і іншыя гарады рускага і літоўскага свету і ўбачыш, як сустрэнуць цябе з радасцю тыя, кім поўныя былі вязніцы, поўныя былі ратушы, поўныя былі вязнічныя сутарэнні за найчысцейшую ўсходнюю веру, як сустрэнуць цябе і правядуць да свайго кіраўніка ў прыгнёце, правадыра ў веры ісціннай, падобнага да Залатавуста ў красамоўстве, — за некалькі гадоў перад гэтым спачылага архімандрыта Ляонція Карповіча. Убачыўшы нятленныя мошчы яго, убачыўшы бліжніх, за веру пацярпелых, ты адчуеш, якою вялікаю справаю паслужыў ты няшчаснаму народу нашаму». Гэтыя словы пра нятленнасць мошчаў былі сказаны ўжо праз 13 гадоў пасля спачыну архімандрыта Ляонція. Святы прападобнамучанік Афанасій, ігумен Брэсцкі, у сваім «Дыярыушы» таксама называе архімандрыта Ляонція святым: «Месцічы гаротныя з Любліна, Сокаля, Оршы, Пінска, Бельска, Кобрына, Берасця і з іншых гарадоў і мястэчак слёзна лямантуюць, што не маюць ужо і людзей, з якімі б цэрквы свае дагледзець маглі. Не стала айца і мужа святога Ляонція Карповіча, архімандрыта Віленскага…»

Надалей, аднак, склаліся неспрыяльныя абставіны для шанавання архімандрыта Ляонція. Калі нават мошчы святых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія давялося схаваць ад уніятаў у пячору, дзе яны знаходзіліся больш за сто пяцьдзесят гадоў, то нядзіўна, што імя архімандрыта Ляонція Карповіча было забыта. Сёння, калі па міласці Божай мы маем магчымасць свабодна вызнаваць святую праваслаўную веру, наш абавязак любові да Царквы загадвае нам аднавіць шанаванне гэтага святога ўгодніка Божага ў Беларускай Праваслаўнай Царкве і паставіць пытанне аб яго агульнацаркоўным праслаўленні.

 Протаіерэй Сергій Гардун


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.