Жыццё і дзейнасць мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка (Паеўскага)

Вясной 1918 г. Беларусь была акупавана нямецкімі войскамі, а 10 снежня таго ж года Чырвоная Армія заняла Мінск і ўсталявала савецкую ўладу. У жніўні 1919 г. Мінск быў заняты польскімі войскамі. 11 ліпеня 1920 г. палякі пакінулі Мінск, на кароткі час у горад вярнулася савецкая ўлада. У кастрычніку 1920 г. у выніку контрнаступлення палякі зноў аказаліся ў Мінску, але пратрымаліся нядоўга, 12 кастрычніка таго ж года ў Рызе быў падпісаны дагавор аб перамір’і.

Ва ўмовах акупацыі епіскап Мелхіседэк абараняў інтарэсы праваслаўных Мінскай епархіі: у верасні 1919 г. у Мінскім кафедральным Петра-Паўлаўскім саборы ён сустракаўся з начальнікам польскай дзяржавы Юзафам Пілсудскім. Паводле некаторых даных, у момант сустрэчы ў Мінску Пілсудскі прапаноўваў епіскапу Мелхіседэку ўзначаліць будучую Польскую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву. Ад такой прапановы, як паказалі далейшыя падзеі, епіскап Мелхіседэк адмовіўся.

З сярэдзіны 1918 г. фактычна, а з 11.10.1921 дэ-юрэ Мелхіседэк стаў правячым архіерэем Мінскай епархіі. Нягледзячы на слабае здароўе, ён рэгулярна здзяйсняў богаслужэнні, прапаведаваў, сам кіраваў агульнымі народнымі спевамі. У той складаны час спрабаваў наладзіць адносіны з свецкай уладай, меў надзею на магчымасць супрацоўніцтва з ёю. Больш таго, лозунгі і дэкларацыі бальшавікоў пра роўнасць, справядлівасць і брацтва ён зрэдку наіўна прымаў за іх шчырыя намеры.

Пасля арышту ў маі 1922 г. патрыярха Ціхана і ў сувязі з рэальнымі прэтэнзіямі абнаўленцаў на кіруючыя ролі 23 ліпеня 1922 г. ў Мінскім Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы адбыўся сход усяго гарадскога духавенства, а таксама прадстаўнікоў (да 60 чалавек) сельскага духавенства і в еруючага народа1. На ім адбылося абвяшчэнне аўтаноміі Беларускай царквы і выбранне епіскапа Мінскага і Тураўскага Мелхіседэка на пасаду мітрапаліта Беларускага і Мінскага. Уладыка Мелхіседэк кіраваўся пастановай патрыярха Ціхана і Свяшчэннага Сінода РПЦ ад 18.05.1920 г. аб прадастаўленні епархіяльным архіерэям права вырашаць на месцах усе царкоўныя справы ў выпадку спынення сувязі з цэнтрам (ЖМП, 1931, № 1). Аднаўляліся епіскапскія кафедры ў Слуцку, Бабруйску, Тураве. Ствараўся новы орган — Царкоўнае Упраўленне Беларусі (ЦУБ) на чале з мітрапалітам, які толькі фармальна прызнаваў законнасць існуючага ў Маскве абнаўленчага Вышэйшага Царкоўнага Упраўлення (ВЦУ). Гэту фармальнасць адразу заўважылі мясцовыя абнаўленцы, якія склалі “Зварот прагрэсіўнай групы духавенства і міран”, апублікаваны ў газеце “Звязда” 31 жніўня 1922 г. ЦУБ павінна было дзейнічаць да выпрацоўкі і ўводу ў дзеянне ў законна-кананічным парадку Палажэння аб кіраванні Беларускай аўтаномнай Царквы. Тым самым была абвешчана аўтаномія Беларускай Царквы ў межах Беларускай Савецкай Рэспублікі, якая з 1921 да 1924 г. фактычна абмяжоўвалася тэрыторыяй Мінскай вобласці.

У звароце да пастыраў і міранаў гаварылася пра неабходнасць вяртання аўтаноміі Беларускай Праваслаўнай Царкве, якая належала ёй раней2 і абумоўлена асаблівасцямі народнага быту і культуры. Утварэнне аўтаномнай Савецкай Беларускай Рэспублікі, — адзначалася ў тэксце звароту, — з’яўляецца перадумовай для царкоўнай аўтаноміі, г.зн. усталёўваецца дзяржаўна-тэрытарыяльны прынцып аўтаноміі. На гэтым з’ездзе было прынята правіла, згодна з якім Мінскі архіерэй з’яўляецца кіраўніком Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Гэтае правіла дзейнічае да сённяшняга дня.3

Аўтаномія не абвяшчала аўтакефалію канчатковай мэтай. «Мір царкоўны (Эф. 4, 3) няхай будзе мэтай і канчатковым вынікам дзеянняў усіх работнікаў на ніве Хрыстовай у гэты важны і адказны момант гісторыі нашай святой Царквы», — гаварылася ў з. вароце. Больш таго, ЦУБ лічыла неабходным выказацца з прычыны прызнання кананічнасці Вышэйшага Царкоўнага Упраўлення (ВЦУ), якое з’яўлялася законным органам кіравання Царквы Расійскай да склікання Памеснага Усерасійскага Сабора. Менавіта Памесны Усерасійскі Сабор павінен усталяваць форму кіравання «Усерасійскай аўтакефальнай Царквы і яе аўтаномных частак». У першай рэдакцыі Звароту мітрапаліта Мелхіседэка ад імя кіраўніцтва Беларускай Царквы абвяшчалася пра духоўнае адзінства, у саюзе міру і брацкіх зносін і ўзаемным сыноўнім супадпарадкаваннем Усерасійскаму Памеснаму Сабору4.

Прыведзеныя фармулёўкі не дазваляюць весці гаворку пра намеры мітрапаліта Мелхіседэка і яго бліжэйшага атачэння дабіцца ў п 1920-,    ачатку 1920-х гадоў аўтакефаліі, г.зн. поўнай незалежнасці ад Масквы1. У 1922 г. мітрапаліт Мелхіседэк рабіў акцэнт на ўзмацненне адказнасці за тое, што адбываецца ў царкоўных справах у Беларусі. Патрыярх Ціхан выйшаў на волю 25 чэрвеня 1923 г. і зноў прыняў на сябе цяжар кіраўніцтва Царквой. 18 жніўня таго ж года ён пацвердзіў кананічныя зносіны з М    елхіседэкам і благаславіў яму бесперашкоднае адпраўленне богаслужэнняў у праваслаўных храмах Масквы2. Вярнуўшыся ў Мінск, Мелхіседэк адразу ж адмежаваўся ад абнаўленцаў і заявіў пра сваё прызнанне патрыярха Ціхана галавой РПЦ.

Інакш складвалася сітуацыя ў 1927 г., калі епіскап Бабруйскі Філарэт (Раменскі), абвясціўшы аўтакефалію3, настойваў на самабытнасці і самадастатковасці беларускага Праваслаўя, на незалежнасць абласнога самакіравання мітрапаліта, заклікаў царкоўную грамадскасць і абласныя ўлады «шукаць пункт апоры ў сабе, у свабоднай канцэнтрацыі сваіх жывых сіл, у арганізацыі свайго адміністрацыйнага ладу». На думку ўдзельнікаў з’езда прадстаўнікоў беларускай праваслаўнай іерархіі, духавенства і міран у 1927 г., акт абвяшчэння Беларускай мітраполіі 1922 г. з’яўляўся выражэннем здаровага царкоўнага інстынкту самазахавання і прагрэсіўнага ходу рэлігійнай думкі. «Сумная пяцігодка» (1922–1927), як адзначалася ў звароце, характарызавалася засіллем абнаўленства, ускладнялася іншымі рознымі пабочнымі акалічнасцямі і ў рэшце рэшт давяла Царкву да стану паралічу. У 1927 г. быў апублікаваны Статут Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы — “Статут Саюза Праваслаўных старацаркоўных абшчын”, якія ў супольнасці складалі Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву.

Ідэя аўтакефаліі зноў узнікла ў гады вайны ў 1942 г. Ініцыятарам былі нацыяналістычна настроеныя свецкія дзеячы, якія супрацоўнічалі з Генеральным камісарыятам у Беларусі і настаялі на скліканні Усебеларускага Царкоўнага Сабора. 2 верасня 1942 г. ў Мінску Усебеларускі царкоўны сабор прыняў зварот да Канстанцінопальскага патрыярха і іншых патрыярхаў Усходніх цэркваў з просьбай прызнаць Беларускую Праваслаўную Царкву аўтакефальнай. Вядомы дакумент звароту 1942/43 гг. да Канстанцінопальскага патрыярха, які карэнным чынам адрозніваецца ад закліку мітрапаліта Мелхіседэка 1922 г. і заявы епіскапа Філарэта (Раменскага) 1927 г. і, што характэрна, пра мітрапаліта Мелхіседэка ў ім нават не згадваецца. У нас няма магчымасці больш дакладна прааналізаваць гэтыя дакументы. Аднак зразумела — мітрапаліт Мелхіседэк не быў аўтакефалістам. Тым больш, з 1925 г. ён не знаходзіўся ў Мінску. Абвяшчэнне Беларускай Праваслаўнай Царквы аўтакефальнай адбылося пад старшынствам епіскапа Філарэта (Раменскага) на з’ездзе праваслаўнага духавенства і вернікаў Беларусі 10 чэрвеня 1927 г. (у гэты час мітрапаліт Мелхіседэк знаходзіўся пад арыштам у Маскве).

Подзвіг веравызнання і пакутніцтва пачаўся, як нам уяўляецца, з той пары, калі Мелхіседэк узяў на сябе адказнасць за Мінскую епархію і стаў епіскапам Мінскім і Тураўскім. 1919 год можна лічыць пачаткам яго адказнага і ахвярнага кіраўніцтва Беларускай епархіяй. Для абнаўленцаў было важна ўцягнуць Мінскую епархію ў т.зв. “Жывую царкву”. Епіскап Мелхіседэк вымушаны быў прымяніць дыпламатычную тактыку. “Прызнаўшы абнаўленчае царкоўнае кіраўніцтва ў Маскве, ён ігнараваў усе ўказанні мясцовага ўпаўнаважанага “Жывой царквы”. Далей было прынята рашэнне пра неабходнасць аўтаноміі Беларускай Царквы, што давала магчымасць значна аслабіць уплыў абнаўленчага цэнтра на беларускае царкоўнае жыццё”1.

Адносіны з абнаўленцамі канчаткова высветліліся пасля абнаўленчага Беларускага абласнога царкоўнага сабора, які адбыўся ў 1924 г. у Магілёве. Сабор зацвердзіў Палажэнне Беларускай царкоўнай вобласці і акружных царкоўных упраўленняў, выбраў Беларускі праваслаўны свяшчэнны сінод і Беларускага мітрапаліта. У выніку рашэнняў абнаўленчага сабора стварылася сітуацыя, калі ў Мінску кіравалі два мітрапаліты. Абнаўленчы мітрапаліт Уладзімір звярнуўся да мітрапаліта Мелхіседэка з прапановай прыпыніць тытулаванне Беларускім мітрапалітам. Мітрапаліт Мелхіседэк адмовіўся ад якіх-небудзь зносін з абнаўленцамі. Стварылася парадаксальная сітуацыя, калі ў адзін і той жа час абнаўленцы лічылі мітрапаліта Мелхіседэка прыхільнікам патрыярха Ціхана, а прыхільнікі патрыярха Ціхана адносіліся да Мелхіседэка як да абнаўленчага мітрапаліта.

Такім чынам. вышэйпрыведзеная інфармацыя з даведкі ”Архіваў Крамля” пра тое, што ў 1923 г. мітрапаліт Мелхіседэк лічыўся абнаўленчым мітрапалітам Беларускім не дакладная і не адлюстроўвае сапраўднага становішча. Тым больш, яна знаходзіцца ў выразнай супярэчнасці з паведамленнем пра тое, што ўжо ў жніўні 1923 г. мітрапаліт Мелхіседэк быў прыняты ў кананічныя зносіны з патрыярхам Ціханам.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.