Жыццё і дзейнасць мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка (Паеўскага)

Архіерэйскі подзвіг вызнання веры праваслаўнай праяўляўся ў штодзённым жыцці мітрапаліта, вядомага аскета, які абмяжоўваў сябе ва ўсіх жыццёвых абставінах: даходы яго былі ніжэйшыя за пражытачны мінімум, таму нават савецкая ўлада вызваліла яго ад падаткаў. Жыў мітрапаліт у сціплым невялікім пакоі. Усе нязначныя паступленні на Царкву ён размяркоўваў сярод бяднейшага духавенства і веруючых, падтрымліваў сем’і арыштаваных і рэпрэсіраваных служыцеляў.

Савецкія партыйна-ўладныя структуры, уключаючы “кампетэнтныя органы”, заняліся Мелхіседэкам у 1922 г., калі ён быў выбраны мітрапалітам. Раз у тыдзень у Маскву ішлі зводкі аб сітуацыі у Мінску і Беларусі. Ацэньваючы рэлігійную сітуацыю, улады часам паказвалі Мелхіседэка і яго дзейнасць як “найменшае зло” перад пагрозай магчымага большага, часам заклапочана дакладалі пра факты росту энтузіязму і актыўнасці архіерэя і вернікаў. Тон гэтых даносаў быў гаспадарскі, прагматычны. Абранне Мелхіседэка мітрапалітам Беларускім і Мінскім падавалася ў адным з паведамленняў як пазітыўны факт, бо “астатняе Мінскае духавенства больш рэакцыйнае і кансерватыўнае, чым Мелхіседэк. Мы мяркуем, — разгортваў далей сваю думку сакратар ЦБ КПБ у сакрэтнам данясенні, — што Мелхіседэка пры ўмелым падыходзе можна выкарыстоўваць у барацьбе з рэакцыйным духавенствам”2. Аднак улады памыліліся. І неўзабаве, а дакладней праз месяц пасля з’езда 1922 г., у чарговай зводцы мітрапаліт Мелхіседэк і яго паплечнікі абвінавачваліся ў тым, што “аб’яўленне аўтаноміі Беларускай Царквы хацелі выкарыстаць у контррэвалюцыйных мэтах”. Далей паведамлялася, што ГПУ праведзены неабходныя арышты”3.

У 1923 г. мітрапаліт Мелхіседэк знаходзіўся пад хатнім арыштам. У перыяд працы абнаўленчага з’езда 1924 г. у афіцыйным друку правакацыйна пісалі: “І хто ведае, можа быць, Мелхіседэк, які сёння толькі ў адным белым мітрапалічым клобуку на галаве, заўтра атрымае да яго і Беларускую мітраполію”. Не выпадкова свяшчэннік Фёдар Крыванос падкрэсліў прамую сувязь ганенняў з боку ўлад, а таксама арганізацыю антыцаркоўнага судовага працэсу 1925 г. з супраціўленнем мітрапаліта Мелхіседэка, якое ён аказаў абнаўленству4. У чэрвені 1924 г. распачата крымінальная справа, а ў чэрвені 1925 — судовы працэс паводле лжывага абвінавачання ў масавым утойванні ад канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей. Хоць добра было вядома, што ў красавіку 1922 г. епіскап Мелхіседэк звярнуўся да вернікаў з заклікам да добраахвотнай здачы ўсіх царкоўных каштоўнасцей, акрамя сакральных, і гэтым захаваў жыццё многім беларускім святарам. Абсурднасць абвінавачанняў відавочнай была нават для “кампетэнтных органаў” у Маскве, якія не рэкамендавалі, з-за даўнасці справы, прымяняць у адносінах да Мелхіседэка так званай вышэйшай меры сацыяльнай абароны. Тым больш што “прад’яўленае гр. Паеўскаму абвінавачанне ў агітацыі і прапагандзе з мэтай звяржэння Савецкай улады не вынікае з абставін справы”. Сем дзён цягнуўся працэс над мітрапалітам Мелхіседэкам і яго паплечнікамі А. Кіркевічам, А. Касцючэнкам, Л. Васюковічам, Е. Сабілам. Суд над мітрапалітам праходзіў у прысутнасці мноства народу. Людзі стаялі пад вокнамі, на вуліцы. Прысуд — тры гады пазбаўлення волі ўмоўна. Становішча было настолькі наэлектрызавана, што ўсе прысутныя — і суддзі, і асуджаныя ў канцы працэсу спявалі інтэрнацыянал. Чуліся выкрыкі: ”Няхай жыве Савецкая ўлада!”.

У канцы лістапада 1925 г. мітрапаліт Мелхіседэк быў выкліканы ў Маскву. Там зноў арыштаваны і змешчаны ў Бутырскую турму. Прысуд — тры гады зняволення ўмоўна і высылка ў Сібір, на Марыінскае спецпасяленне. Па некаторых звестках, ва ўмовах сібірскай зімы мітрапаліту даводзілася выконваць цяжкія прыніжальныя работы, у тым ліку карміць свіней, чысціць свінарнік. Усе ведалі, што мітрапаліт хварэў на сухоты. На Марыінскіх пасяленнях мітрапаліт Мелхіседэк настолькі цяжка хварэў, што ў пачатку 1926 г. яго лічылі нябожчыкам. Вызвалены пад падпіску 4 мая 1926 г.

У канцы чэрвеня 1926 г. Мелхіседэк прынёс пакаянне перад мітрапалітам Сергіем (Страгародскім) і заявіў, што здымае з сябе сан мітрапаліта Беларускага і лічыць сябе толькі епіскапам. 4 чэрвеня 1927 г. уладыка Мелхіседэк зноў арыштаваны ў Маскве “за выкарыстанне рэлігійнага настрою масаў у антысавецкіх мэтах”, а 17 верасня таго ж года вызвалены з турмы. На Пасху 1928 г. мітрапалітам Сергіем узведзены ў сан архіепіскапа і прызначаны на кафедру Енісейскую і Краснаярскую, дзе праслужыў тры гады.

У 1930 г. мітрапаліт выкліканы ў Маскву на пасяджэнне Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы. Мітрапаліт Мелхіседэк памёр раптоўна ў маі 1931 г. падчас службы ў Пакроўскім храме на Краснасельскай, пахаваны на маскоўскіх Сямёнаўскіх могілках. На пахаванні прысутнічалі прадстаўнікі Мінскай епархіі.

Савецкія ўлады і пасля смерці мітрапаліта Мелхіседэка не прабачылі яму сустрэчу з Пілсудскім, а ў 1937 г. (праз 6 гадоў пасля смерці) абвінавацілі яго ў тым, што ён быў польскім шпіёнам. Нягледзячы на смутны ваенны час, тэрор, акупацыю, мітрапаліт Мелхіседэк заўсёды імкнуўся да міру царкоўнага, заклікаў да любові і міру грамадзянскага.

Імя Мелхіседэк азначае “цар праўды”. Усё жыццё ўладыкі Мелхіседэка было служэннем ісціне і праўдзе Божай. Таму і ў  нашай сучаснай свядомасці мітрапаліт Мелхіседэк застаецца ўвасабленнем архіерэйскай мудрасці, веры ў Промысел Божы, стойкасці ў пераадоленні спакусаў "веку гэтага", вернасці Госпаду і Яго Царкве.

Рыма Пашко

1 Архивы Кремля. Политбюро и церковь 1922–1925 гг.: В 2-х кн. — Новосибирск — М.: «Сибирский хронограф», «Российская политическая энциклопедия», 1998. — Т. 2. — С. 552.

1 Архіепіскап Афанасій (Мартас) паведамляе, што дакументы з’езда не захаваліся, а загінулі ў час антырэлігійнага тэрору. Гл.: Афанасий (Мартос), архиепископ. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. — Мн., 1990. — С. 259.

2 Магчыма, маецца на ўвазе стварэнне асобнай Літоўска-Наваградскай (Кіеўскай) мітраполіі ў канцы XV ст. у межах Вялікага княства Літоўскага. Літоўска-Наваградская (Кіеўская) мітраполія кіравалася мітрапалітам з тытулам «электа» ці нарачонага мітрапаліта. Нягледзячы на ўказанне Усяленскага патрыярха канца XVст., каб мітрапалітаў не пастаўлялі без папярэдняга благаславення патрыярха, роля польскага караля пры выбары мітрапалітаў і епіскапаў, асабліва пачынаючы з Сігізмунда, толькі ўзрастала. Апошні мітрапаліт — Міхаіл Рагоза (былы архімандрыт Мінскага Увазнясенскага cабора) быў прызначаны на мітраполію каралём, а затым 1 жніўня 1589 г. ў Вільні ўзведзены Канстанцінопальскім патрыярхам Іераміяй у мітрапалічую годнасць. Мітрапаліт Міхаіл ўзначальваў Праваслаўную Царкву ў Вялікім княстве Літоўскім да ўвядзення Брэсцкай уніі 1596 г.

3 Гэтае правіла не супярэчыць рашэнню Трульскага Сабора 692 г., згодна з якім акругі мітрапаліта дакладна павінны адпавядаць дыяцэзам дзяржаўнага падзелу імперыі. 

4 Гл. тэкст першай рэдакцыі Звароту мітрапаліта Мелхіседэка ў кнізе Т. Процька «Пакутнік за веру і бацькаўшчыну». — Мн., 1996.

1 Асновай для абвяшчэння аўтаноміі былі: 1) пастанова патрыярха Ціхана, Свяшчэннага Сінода і Вышэйшага Царкоўнага Савета Праваслаўнай Расійскай Царквы ад 20 лістапада 1920 года за № 362 аб наданні епархіяльным архіерэям большых паўнамоцтваў і правоў у справе арганізацыі царкоўнага жыцця ў іх епархіях, уключаючы стварэнне акругоў мітрапаліта (гл.: Афанасий (Мартос). Беларусь в исторической…, с. 258-259; Русская Православная Церковь в советское время. Кн. 1. М., 1995); 2) Акружное пасланне Яраслаўскага мітрапаліта Агафангела, Месцазахавальніка патрыярха Ціхана (пасля арышту патрыярха) да епіскапаў №14 ад 5/18 чэрвеня 1922 г., у якім гаворыцца: «Пазбаўленыя на час вышэйшага кіравання, вы кіруеце цяпер вашымі епархіямі самастойна, узгадняючыся з Пісаннем, свяшчэннымі канонамі».

2 З 10 красавіка да 24 лістапада 1923 г. мітрапаліт Мелхіседэк знаходзіўся ў Маскве.

3 Аўтакефальная царква ствараецца са згоды дзяржаўнай улады і кананічна ўстанаўліваецца прызнаннем з боку той Царквы, з якой яна вылучылася (Христианство. Энциклопедический словарь. М., 1993. — Т. 1. — С. 33).

1 Шилёнок Дмитрий, свящ. Из истории Православной церкви в Белоруссии (1922–1939). — М., 2006. — С. 29.

2 Политбюро и Церковь. 1922–1925 гг. Кн. 2. — М., 1998. — С. 231.

3 Тамсама. — С. 325.

4 Синодик за веру и Церковь Христову пострадавших в Минской епархии: 1918–1951 годы. — Киевец, 1996. — С. 12.


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.