Пра ўшанаванне ікон Божае Маці ў Беларусі

БАБРУЙСКАЯ ЕПАРХІЯ

Быхаўскі р-н, в. Баркалабава. Баркалабаўская ікона Божае Маці. У царкве Узнясення Гасподняга Баркалабаўскага жаночага манастыра знаходзіўся цуда­творны вобраз Божае Маці, адзін з найбольш шанаваных ва ўсходняй Беларусі. Пра гісторыю яго з’яўлення меўся запіс у манастырскім архіве. Падчас ваенных дзеянняў 1659 г. паблізу Баркалабава рухалася маскоўскае войска пад кіраўніцтвам князя Пажарскага. У вайсковым абозе знаходзілася ікона Багародзіцы, якая, верагодна, паходзіла з цэнтральнай або заходняй Беларусі.

Каля манастырскіх сцен павозка, на якой везлі ікону, раптам спынілася, і ніякая сіла не магла зрушыць яе з месца. Тады князь зразумеў, што ікона павінна застацца тут. Ён перадаў святыню на захаванне ігуменні Фацініі Кіркораўне. Гэта адбылося 11 ліпеня (ст. ст.) 1659 г. З той пары вобраз знаходзіўся ў царкве Узнясення і праславіўся шматлікімі цудамі. У 1885 г., калі была збудавана манастырская мураваная Успенская царква, туды перанеслі цудатворную ікону.

Барклабаўскі манастыр быў закрыты ў 1929 г. Святыню захоўвалі інакіні, якія пражывалі ў вёсцы Седзіч, за 6 км ад Быхава. У 1953 г. па хадайніцтву настаяцеля і прыхаджан ікона была перанесена ў Свята-Троіцкую царкву Быхава. А ў 2010 г. адбылося ўрачыстае перанясенне святыні ў новазбудаваны Іаана-Прадцечанскі храм Баркалабаўскага манастыра. Святкаванне ў гонар іконы здзяйсняецца штогод 24 ліпеня, у дзень яе з'яўлення ў манастыры.

Баркалабаўская ікона, якая адносіцца да іконаграфічнага тыпу “Багамаці Адзігітрыя”, — адна з нешматлікіх арыгінальных ікон, якія захаваліся з XVI–XVII стст. Напісана тэмперай на хваёвай аснове з пазалочаным разьбяным фонам. З’яўляецца адным з шэдэўраў беларускай школы іканапісу са старажытна-візантыйскімі рысамі.

Брэсцкая епархія

г. Брэст. Ляснянская ікона Божае Маці. У Брэсцкім Уваскрасенскім саборы знаходзіцца копія Ляснянской іконы Багародзіцы. Паводле падання, вобраз быў знойдзены пастухамі Аляксандрам Стэльмашчуком і Міронам Макаруком на свята Троіцы 1683 г. Ікона ярка ззяла сярод галін дзікай грушы. Яе перанеслі ў прыпісную Буковіцкую царкву Бельскага павета. З малітвай да Багародзіцы і вераю ў Яе міласэрнасць туды прыходзілі паломнікі з блізкіх і аддаленых месцаў.

Праз некаторы час ікона апынулася ў Леснянскім касцёле. Пасля яго закрыцця ў 1863 г. будынак быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву. Святыня заставалася ў ім і працягвала збіраць мноства паломнікаў. Мясцовыя людзі запісалі каля 500 выпадкаў ацаленняў па малітвах да Багамаці перад Яе вобразам.

Ікона выразана на цёмна-чырванаватым авальным камені. Выява Багародзіцы ясная і выразная. Святкаванне ў гонар Ляснянскай іконы адбываецца 21 і 27 верасня, а таксама ў дзень Святой Троіцы.

Бярозаўскі р-н, в. Чарнякова. Чарнякоўская ікона Божае Маці. Вобраз Багародзіцы быў яўлены ў 1700 г. мясцоваму селяніну, які заўважыў ікону ў незвычайным ззянні ў дупле старой хвоі. Больш за дваццаць гадоў ікона заставалася ў лесе, да яе прыходзілі вернікі для малітвы. Нарэшце мясцовы памешчык Самуіл Юрэвіч на месцы з'яўлення пабудаваў капліцу. Пазней тут быў узведзены храм у гонар Мікалая Цудатворца, у алтары якога і была змешчана ікона. Тут яна знаходзілася да закрыцця храма ў 1959 годзе. Затым ікона была вынесена з храма і перададзена ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі ў Мінску. Там яна знаходзіцца і цяпер.

У 2007 г. быў асвячоны спіс, зроблены са старажытнага вобраза, а ў 2009-м яго перанеслі ў Чарнякоўскі Свята-Мікалаеўскі храм. Святкаванне ў гонар Чарнякоўскай іконы адбываецца 30 жніўня (н.ст.).

Драгічынскі р-н, в. Ляхавічы. Ляхавіцкая ікона Божае Маці. У 1936 г. у в. Зарэчка ў сялянскай сям'і Дзяніса і Ганны Свіцічаў абнавілася старажытная Казанская ікона, і каля двух месяцаў каля яе чуўся царкоўны звон. Да іконы сталі прыходзіць вернікі для малітвы і пакланення Багародзіцы. 17 лістапада 1936 г. ікона ўрачыстым хрэсным ходам была перанесена ў храм Нараджэння Багародзіцы вёскі Ляхавічы, дзе знаходзіцца і цяпер. Непадалёк ад месца, дзе стаяў дом Свіцічаў, будуецца храм-капліца ў гонар Казанскай іконы Божае Маці. Святкаванне ў гонар Ляхавіцкай іконы здзяйсняецца штогод 17 лістапада (н.ст.).

г. Камянец. Камянец-Літоўская ікона Божае Маці. Згодна з паданнем, вобраз быў падораны валынскім князем Уладзімірам Васількавічам (XIII ст.) камянецкай Благавешчанскай царкве. У XIX ст. ікона знаходзілася ў Свята-Сімяонаўскай саборнай царкве Камянца. Вобраз праславіўся мноствам цудатварэнняў. Па малітвах да Божае Маці адбываліся ацаленні цяжкахворых, многія вернікі знаходзілі тут суцяшэнне ў скрухах і нягодах.

Шанаванне іконы хутка распаўсюдзілася і за межамі Камянеччыны — на Падляшшы і Валыні. У Луцку былі выдадзены дзве кнігі — «Праваслаўныя манастыры глыбокага Палесся» і «Цудатворныя іконы Валыні і Палесся», у якіх меліся звесткі пра Камянец-Літоўскую ікону Божае Маці.

У 1897 годзе мясцовы святар Леў Паеўскі паднёс ікону цару Мікалаю II, калі звяртаўся да яго з просьбай выратаваць Белую вежу і дапамагчы пабудаваць новы храм у Камянцы замест старога драўлянага. Цар, які наведаў тады Белавежу, прыняў каштоўны падарунак і даў згоду на рэстаўрацыю Белай вежы і будаўніцтва новага цаглянага храма, даўшы на гэтыя мэты 50 тыс. рублёў золатам. Паводле падання, цар забраў падарунак з сабою…

Шанаванне іконы хутка распаўсюдзілася і за межамі Камянеччыны — на Падляшшы і Валыні. У Луцку былі выдадзены дзве кнігі — «Праваслаўныя манастыры глыбокага Палесся» і «Цудатворныя іконы Валыні і Палесся», у якіх меліся звесткі пра Камянец-Літоўскую ікону Божае Маці. Цяпер у камянецкім Свята-Сімяонаўскім храме знаходзіцца копія старажытнага вобраза. Святкаванне ў яго гонар здзяйсняецца штогод 15 лістапада (н.ст.).

Камянецкі р-н, в. Ражкоўка. Ражкоўская ікона Божае Маці. У 1942 г. у вёсцы Ражкоўка Камянецкага раёна адбыўся цуд заступніцтва Божае Маці. У час вайны, калі над жыхарамі вёскі навісла пагроза смяротнага пакарання з боку акупантаў, тады Багародзіца з Дзіцяткам явілася нямецкаму лётчыку-афіцэру і загадала спыніць карную акцыю. Праз год гэты нямецкі афіцэр падарыў жыхарам вёскі разьбяны драўляны вобраз Багародзіцы, зроблены па яго просьбе нямецкім салдатам-мастаком. Вобраз быў змешчаны ў новазбудаванай царкве ў гонар Казанскай іконы Божае Маці.

Паколькі ікона была некананічнай, то яна не магла ўшаноўвацца агульнацаркоўна. У наш час было вырашана напісаць Ражкоўскі вобраз Багамаці ў кананічным стылі, з захаваннем максімальна магчымага падабенства. Работа была скончана ў 2008 г. Вобраз адносіцца да тыпу ікон «Дабрадатнае Неба». У 2009 г. Ражкоўскі Казанскі прыход стаў іменавацца ў гонар яўлення Ражкоўскай іконы Божае Маці. Свята іконы адбываецца 28 верасня (н.ст.).

г. Маларыта. Маларыцкая ікона Божае Маці «Замілаванне». Асабліва шанаваны вобраз Божае Маці «Замілаванне» (“Элеуса”) знаходзіцца ў мясцовым Свята-Мікалаеўскім храме. Старажытны арыгінал іконы канца XIV — пачатку XV ст., на думку мастацтвазнаўцаў, быў напісаны афінскім іканапісцам Нікасам Ламбудзісам. Ікона працяглы час знаходзілася ў Маларыце і глыбока ўшаноўвалася вернікамі.

У 1970-я гады ікона была вывезена ў Мінск і перададзена ў Музей старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук.

У 1991 г. святыня была выкрадзена зламыснікам і цяпер яе месцазнаходжанне невядома.

У 2008 г. паводле выяваў, якія дайшлі да нашага часу, зроблены спіс іконы «Замілаванне Маларыцкая» і змешчаны ў Свята-Мікалаеўскім храме. Святкаванне ў гонар Маларыцкага вобраза адбываецца 6 лістапада (н.ст.).

Маларыцкі р-н, в. Лукава. Лукаўская ікона Божае Маці. Згодна з паданнем, аднойчы над возерам, побач з вёскай узнялася моцная бура, якая пагражала мясцовым жыхарам. Хвалі разбурылі капліцу, каля якой хаваліся жыхары вёскі. І тады людзі ўбачылі, як з развалін выйшла Багародзіца і прамовіла: “Усе, хто вераць у Бога, ідзіце за Мной, Я выведу вас адгэтуль”. Затым Яна накіравалася ў бушуючыя хвалі і пайшла па вадзе, якая даходзіла Ёй толькі да каленяў. І калі людзі кінуліся ўслед, то здарыўся цуд: яны таксама ішлі па калена ў вадзе. Так прайшлі яны праз усё возера. Праўда, выратаваліся не ўсе, некаторых паглынула раз'юшаная стыхія. Жывымі засталіся тыя, хто моцна верыў і спадзяваўся на выратаванне. Багародзіца пакінула Свой след на камені і паведаміла, што Яе завуць “Спаталі мае журботы”. У знак памяці пра цудоўнае збаўленне людзі купілі аднайменную ікону. А на месцы разбуранай капліцы ўзвялі храм, дзе і размясцілі ікону, а таксама камень з адбіткам ступні Багародзіцы.

У 1850 г., у час жудаснай эпідэміі халеры, адной верніцы з Валыні было дадзена звыш указанне ісці на паклон да Багародзіцы ў Лукаўскі храм. Калі паломніца, памаліўшыся, вярнулася дадому, эпідэмія спынілася.

У 1961 г. храм у Лукаве быў зачынены і разабраны, а ікона бясследна знікла. У 1999 г. была напісана новая ікона Багародзіцы на Лукаўскім возеры, якая цяпер знаходзіцца ў храме Нараджэння Багародзіцы. Святкаванне ў гонар іконы адбываецца ў пятніцу дзесятага тыдня пасля Пасхі.

г. Пружаны. Пружанская ікона “Плач Багародзіцы”. Знаходзіцца ў пружанскай Аляксандра-Неўскай царкве і адносіцца да тыпу «Распяцце». Мясцовыя людзі сведчаць, што 9 красавіка 1934 г. адбыўся цуд: з вачэй Божае Маці на іконе ля Распяцця сталі выцякаць слёзы. Даследаванне з'явы пацвердзіла яе цудоўнае паходжанне. 22 красавіка 1934 г. для ўшанавання іконы ў Пружаны прыбыў архіепіскап Палескі і Пінскі Аляксандр (Іназемцаў), які адслужыў Літургію і благаславіў штогод у Светлую Пятніцу здзяйсняць святочнае богаслужэнне ва ўспамін пра цудоўную падзею. Гэтае благаславенне выконваецца ў храме і сёння. Акрамя таго, па набожнай прыходскай традыцыі правіцца Літургія і кожную пятніцу.

г. Пружаны. Уладзімірская Сланімецкая ікона Божае Маці. У 1923 г. у вёсцы Слонімцы адбылося абнаўленне Уладзімірскай іконы Багамаці. Сведкамі абнаўлення стала мясцовая моладзь, якая вечарам 4 снежня сабралася на танцы ў адной вясковай хаце. Маладыя людзі заўважылі вогненны слуп, што падымаўся ў неба над суседняй хатай. Кінуўшыся туды, яны ніякіх слядоў пажару не выявілі, але ўбачылі, што ў чырвоным куце абнаўляецца Уладзімірская ікона Божае Маці, ззяючы прыгажосцю акладу.

Неўзабаве пасля абнаўлення ікону ўрачыста перанеслі ў Аляксандра-Неўскі сабор г. Пружаны і змясцілі з правага боку перад клірасам. Святкаванне ў гонар іконы здзяйсняецца штогод 4 снежня (н.ст.).

г. Пружаны. Гараднянская ікона Божае Маці. Мясцовае паданне сведчыць, што ў 1923 г. у хаце Паўла і Ганны Бунатаў, жыхароў вёскі Гарадняны, адбыўся цуд абнаўлення Іверскай іконы Божае Маці. Гэтая з'ява суправаджалася моцным шумам, падобным да гуку, з якім падае снарад. Спачатку з’явілася прамяністае ззянне на вянцах вакол лікаў Збавіцеля і Божае Маці. Затым аблічча Багародзіцы прасвятлілася і ўся ікона стала выглядаць як новая, хоць раней яна была пацямнелай ад часу.

Вестка пра цуд у Гараднянах хутка распаўсюдзілася па навакольных вёсках. Палескі архіепіскап Аляксандр (Іназемцаў) благаславіў урачыстае перанясенне іконы ў пружанскі храм. У гэтым храме, у ківоце перад клірасам, яна знаходзіцца і цяпер. Святкаванне ў гонар Гараднянска-Іверскай іконы Божае Маці ўрачыста здзяйсняецца двойчы ў год: 25 лютага і 26 кастрычніка (н.ст.).

Пружанскі р-н, г.п. Ружаны. Ружанская ікона Божае Маці. Напісана ў XIX ст. на дошцы, упрыгожанай разьбяным пазалочаным фонам. Адносіцца да тыпу «Адзігітрыя» і знаходзіцца ў мясцовай Петра-Паўлаўскай царкве.

5 мая 1895 г. мястэчка Ружаны было ахоплена страшным пажарам. Выгарэў увесь цэнтральны пляц з касцёлам, а таксама жылыя хаты вакол плошчы. У той жа час праваслаўная царква, размешчаная побач, засталася цэлай і нават не пачарнела ад дыму. Толькі ў некаторых вокнах ад жару палопалася шкло. У падзяку аб заступніцтве Прасвятой Багародзіцы і цудоўным збаўленні храма ад агню на ківоце Ружанскага вобраза быў зроблены памятны надпіс. Святкаванне ў гонар іконы адбываецца 18 мая (н.ст.).

Пружанскі р-н, в. Руднікі. Руднікоўская ікона Божае Маці. З’яўленне Руднікоўскай іконы адносіцца да канца XVIII – пачатку XIX ст. На іконе Багародзіца трымае Спасіцеля на левай руцэ, указваючы на Яго правай. Над лікамі Прачыстай і Госпада — дзве срэбныя кароны. У дарэвалюцыйныя часы ікону называлі “Дабрадатнай”. У першую нядзелю кожнага месяца вернікі здзяйснялі святочныя набажэнствы ў яе гонар. Падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі ў храм трапіў снарад, ікона была пашкоджана: на ёй засталося дзевяць адтулін, аднак лік Багародзіцы застаўся непашкоджаным. Цяпер ікона з’яўляецца шанаванай святыняй мясцовага Пакроўскагам храма. Святкаванне ў яе гонар штогод адбываецца 25 кастрычніка (н.ст.).

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.