Пра ўшанаванне ікон Божае Маці ў Беларусі

Віцебская епархія

г. Віцебск. Казанская ікона Божае Маці. Ікона знаходзілася ў Віцебскім Маркавым Свята-Троіцкім манастыры з XVII ст. Паводле гістарычных даных, патрыярх Маскоўскі Нікан, аднаўляючы ў 1654 г. Полацкую епархію, прызначыў ігумена Маркава манастыра Каліста сваім намеснікам у Полацкай епархіі, а ў 1657 г. пасвяціў яго ў сан епіскапа Полацкага. Пры гэтым патрыярх благаславіў Маркаў манастыр Казанскай іконай Прасвятой Багародзіцы.

Старажытная ікона стала шанаванай святыняй манастыра. Хрэсны ход з ёй адбываўся штогод напярэдадні дня святых апосталаў Пятра і Паўла ў Параскевінскую царкву, што знаходзілася ў паселішчы Шыдлоўшчына і назад. Манастырскія архівы захавалі сведчанні аб ацаленнях, збаўленні ад эпідэмій, войнаў, пажараў дзякуючы заступніцтву Божае Маці. Святкаванне іконы адбываецца 9 красавіка і 21 ліпеня (н.ст.).

Віцебскі р-н, в. Вароны. Фальковіцкая ікона Божае Маці. Ікона была яўлена ў пачатку XVIII ст. на беразе ракі ў мястэчку Фальковічы. На месцы яўлення быў узведзены храм, дзе і змясцілі ікону. Па малітвах вернікаў да Божае Маці перад Яе іконай адбываліся шматлікія цудатварэнні і ацаленні хворых. Пра гэта сведчылі запісы ў прыходскай кнізе.

Падчас вайны 1812 г. французскі салдат прыставіў лесвіцу да іконы, намерваючыся зняць з яе каштоўную рызу. Але як толькі рука зламысніка дакранулася да святыні, лесвіца ўпала, а салдат пакалечыўся і неўзабаве памёр. Крывавая пляма — як папярэджанне зневажальнікам святых ікон — захавалася да пачатку ХХ стагоддзя.

Вядомы факт, што падчас эпідэміі халеры 1831 г. людзі звярнуліся з гарачымі малітвамі да Царыцы Нябеснай перад Яе Фальковіцкай іконай. Пасля саборнай малітвы і хрэснага ходу з іконай вакол паселішча масавая смяротнасць спынілася.

На жаль, у бязбожныя часы ікона была вынесена з храма і ў цяперашні час яе месцазнаходжанне невядома. У 2002 г. у Крумкачах пабудаваны храм у гонар Фальковіцкай іконы, дзе маецца сучасная ікона Божае Маці. Святкаванне ў гонар Фальковіцкай іконы адбываецца 28 жніўня і 4 верасня (н.ст.).

г. Орша. Аршанская ікона Божае Маці. Паводле падання, ікона явілася цудоўным чынам каля Оршы, на беразе ракі Куцеінка. Побач з тым месцам у 1623 г. быў заснаваны праваслаўны Богаяўленскі манастыр. Ікона лічылася ахоўніцай гэтай абіцелі. Прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі падчас падарожжа свайго ў Маскву ў 1638 г. наведаў Куцеінскі манастыр і па малітвах да Божае Маці атрымаў ад ігумена Іаіля Труцэвіча патрэбныя лісты і параду бяспечнага шляху.

 У 1655 г. па загаду патрыярха Нікана частка маёмасці Куцеінскага манастыра, у тым ліку друкарня, кнігі, рукапісы і іконы былі перададзены ў Іверскі манастыр на Валдаі. Верагодна, тады была вывезена і шанаваная ікона Багародзіцы.

Пасля рэвалюцыі Іверскі манастыр быў закрыты, а ў будынках размясціўся Ніканаўскі музей. У яго каталозе за 1920 г. ёсць такое апісанне: “икона Богоматери с предвечным Младенцем на левой руке, писана на холсте, наклеена на дереве. Живопись во многих местах потрескалась. Верх иконы полукруглый, весь покрыт позолотой с вытесненными узорами. Вышина иконы по средней оси 2 арш. 12 вершков (195 см), ширина 1 аршин 9 вершков (111 см). Икона эта носит название иконы Богоматери Владимиро-Волынской, писана старцами Кутеинского монастыря, т.е. относится к ХVII веку, существует предположение, что икона написана не здесь, а вывезена из гор. Орши при переводе братии Кутеинского монастыря в Иверский” (Каталог Никоновского музея в Иверском монастыре близ г. Валдая. Составил Д.Д. Франц. Новгород, 1920. №124). Верагодна, гэта і была першапачатковая ікона Аршанская.

У Аршанскім Успенскім жаночым манастыры з XVII ст. захоўваўся спісак іконы, які таксама ўшаноўваўся як цудатворны. Вядомы шматлікія выпадкі ацалення хворых па малітвах да Прасвятой Багародзіцы перад Яе Аршанскім вобразам. З 2001 г. у манастыры знаходзіцца копія Аршанскай іконы, напісаная ў XVIII ст. у Іверскім манастыры. Святкаванне ў гонар Аршанскай іконы адбываецца 2 жніўня і 18 верасня (н.ст.).

Гомельская епархія

г. Гомель. Казельшчанская ікона Божае Маці. Казельшчанскі вобраз Божае Маці — адзін з самых шанаваных святынь Гомельскага Свята-Мікалаеўскага манастыра. Вобраз змешчаны над царскай брамай Мікалаеўскага храма. Спісак са старажытнай іконы быў перададзены настаяцелю манастыра архімандрыту Антонію (Кузняцову) апошняй настаяцельніцай Казельшчанскага (Украіна) манастыра ігуменняй Феафаніяй (†1968). Кожную сераду перад іконай служыцца акафіст, падчас якога ікона апускаецца для ўшанавання вернікамі.

Казельшчанская ікона адносіцца да ліку старажытных ікон італьянскага пісьма. Яна была вядома з XVIII ст. як родавая святыня сям’і Капністаў і знаходзілася ў іх маёнтку каля сяла Казельшчына Палтаўскай губерні. Па малітвах да Божае Маці перад Яе святым вобразам адбываліся цуды ацаленняў ад невылечных нервовых хвароб. У 1880 г. дачка графа Капніста Марыя пашкодзіла нагу са скрыўленнем ступні. Пасля беспаспяховага лячэння хвароба ўскладнілася, пачаліся болі ў другой ступні. Графіня параіла дачцэ памаліцца перад сямейным вобразам і пачысціць рызу, як прынята ў сям’і. Хворая, выканаўшы параду, з малітвай прыпала да вобраза ўсім целам, пасля чаго і адчула палёгку, а затым хутка паправілася. Яна тут жа стала скідаць з ног бінты і адкідаць цяжкія металічныя падпоры. Паводле народнага падання, малітвы перад Казельшчанскай іконай Божае Маці дапамагалі «маладым дзяўчытам уладкаваць добрае хрысціянскае сямейнае жыццё». Святкаванне іконы адбываецца 6 сакавіка (н.ст.).

Жлобінскі р-н, в. Казімірава. Казіміраўская ікона Божае Маці. Шанаваная ікона знаходзілася ў мястэчку Казімірава ў манастырскай Успенскай царкве. Там жа захоўвалася кніга з апісаннем цудаў, якія адбываліся па малітвах вернікаў да Божае Маці перад Яе вобразам з 1720 па 1764 г. У часы ліхалеццяў ікона была згублена. У цяперашні час у Свята-Успенскім жаночым Казіміраўскім манастыры захоўваецца спісак са старажытнага вобраза.

Гродзенская епархія

г. Гродна. Каложская ікона Божае Маці. Знаходзілася ў Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве аднайменнага Гродзенскага мужчынскага манастыра, які існаваў да 1915 г. Паходжанне і яўленне цудатворнага вобраза адносіцца да канца ХVII – пачатку ХVIII ст. Ён быў невялікага памеру, напісаны на меднай дошцы, змешчанай у кіпарысавую аправу. Срэбную з палазотай рызу ўпрыгожвалі 14 каштоўных камянёў-гранатаў, на палях — чаканныя выявы на тэмы Старога Запавету. Лік Багародзіцы ўяўляў, паводле сведчання відавочцаў, такі “замілаваны, сардэчна-спачувальны выгляд, які рэдка на якой іконе можна пабачыць”. Па тыпу ікона ўяўляе сабой спісак вобраза Адзігітрыі Віленскай.

Існуе паданне пра з’яўленне іконы ў манастыры: “Гавораць старыя людзі, што нейкі старац заўсёды насіў з сабою ікону Прасвятой Багародзіцы. З набліжэннем смерці ў сне яму было абвешчана, каб вобраз гэты ён перадаў у Каложскую царкву, што і было выканана. Сам жа старац пажадаў быць пахаваным побач з гэтым храмам».

Каложская ікона размяшчалася каля Царскай брамы ў іканастасе Каложскай царквы і знаходзілася там да 3 кастрычніка 1854 г. Пасля абвалу паўднёвай і часткі заходняй сцен Каложы манастыр быў перанесены ў будынкі былога гродзенскага манастыра бернардзінак. У новаўладкаваны і асвячоны Барыса-Глебскі храм урачыстым хрэсным ходам была перанесена і цудатворная ікона.

Дзень усенароднага малітоўнага ўшанавання старажытнай святыні — першая нядзеля пасля 24 мая (або 24 мая, калі гэта нядзеля). У 1910 г. у Каложскім свяце ўдзельнічалі архіепіскап Міхаіл (Ермакоў) у саслужэнні 35 свяшчэннікаў; на службе прысутнічала да 15 тысяч багамольцаў, восем хрэсных ходаў прыйшло з суседніх прыходаў.

Па малітвах вернікаў перад цудатворным вобразам адбываліся ацаленні хворых і нямоглых. Пра шматлікія такія выпадкі сведчылі прывескі — срэбныя і залатыя фігуркі розных частак чалавечага цела, пакінутыя людзьмі ў знак падзякі Божай Маці. Шмат ацаленняў было пісьмова зарэгістравана ў спецыяльнай кнізе.

У 1915 г. у час эвакуацыі ў Расію разам з іншымі святынямі была вывезена і цудатворная Каложская ікона Божае Маці. У гады рэвалюцыі след яе быў згублены. Пошукі, якія вяліся на працягу многіх гадоў, не прынеслі поспеху. Цяпер у Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве знаходзіцца сучасны спісак цудатворнага Каложскага вобраза Божае Маці, які таксама ўшаноўваецца вернікамі.

Шчучынскі р-н, в. Ракавічы. Ракавіцкая ікона Божае Маці. Яўленне Ракавіцкай іконы адносіцца да сярэдзіны XVIII ст. Паводле вуснага падання, аднойдзення гэтай святыні ўдастоіўся мешчанін Макрэцкі, на сродкі якога ў падзяку Царыцы Нябеснай і быў узведзены першы храм. Вобраз знаходзіўся спачатку ў той драўлянай царкве, а потым у новым мураваным храме ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, пабудаваным у 1876 г. у Ракавічах.

Праз некаторы час цудатворны вобраз з пашанай перавезлі ў Вільню, тагачасны цэнтр епархіі. Там з яе быў зроблены спіс вялікага памеру, які ўпрыгожылі каштоўнай срэбнай рызай.

Шанаваны спіс таксама праславіўся шматлікімі цудамі ацалення хворых людзей і апантаных нячыстай сілай. Святары, якія служылі ў Ракавіцкай царкве, адзначалі, што існавала летапісная кніга, дзе запісваліся сведчанні пра ацаленні хворых па малітвах пры святой іконе, але кніга гэтая, на жаль, была згублена ў гады ліхалеццяў. Аднак некаторыя вусныя сведчанні цудоўных ацаленняў па малітвах вернікаў перад цудатворнай іконай захаваліся да нашых дзён.

Згодна з паданнем, ікона была яўлена паблізу рэчкі, якая з часам высахла, але на тым месцы неўзабаве забіла крыніца. Пазней паломнікі збудавалі над крыніцай купальню. Цяпер на гэтым месцы стаіць капліца і калодзеж са святой вадой. Святкаванне іконы 10 жніўня (н.ст.).

Вастрабрамская ікона Божае Маці. Адна з галоўных святынь Беларусі і Літвы, асабліва ўшаноўваецца на Гродзеншчыне як праваслаўнымі, так і католікамі. Напісана ва ўсходне-праваслаўнай іканапіснай традыцыі па тыпу “Благавешчання”. Паводле падання, ікона прывезена ў Вільню вялікім князем Альгердам у 1363 г. з Корсуні пасля паспяховага паходу ў Крым. Яго жонка Юліянія перадала ікону ў Віленскі манастыр Святой Троіцы. Пазней яна была перанесена ў капліцу над Вострай Брамай, дзе знаходзіцца і цяпер. Цуды, якія адбываліся па малітвах да Божае Маці перад Яе вобразам, апісаны ў рукапісных кнігах. Іконе прысвечаны духоўныя песні (выдаваліся ў 1852 г.). Спіскі з Вастрабрамскай іконы распаўсюджаны па многіх храмах Гродзеншчыны і ўсёй Беларусі. Святкаванне іконы адбываецца штогод 8 студзеня (н.ст.).

Магілёўская епархія

г. Магілёў. Магілёва-Брацкая ікона Божае Маці. Знаходзілася ў Богаяўленскім саборы Брацкага манастыра Магілёва. Яўленне і першы цуд, які праславіў ікону, адбыўся 19 сакавіка (ст.ст.) 1655 г., калі па малітвах жыхароў яна выратавала горад падчас варожай аблогі. У манастыры захоўваўся рукапісны зборнік ХVII ст. з апісаннем цудаў, якія адбываліся па малітвах перад цудатворным вобразам. У канцы XIX ст. тая кніга знаходзілася ў Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеі. У 1910 г. падчас спусташальнага пажару заступніцтвам Божае Маці быў выратаваны ад агню гістарычны цэнтр горада разам з Брацкім манастыром. Цяпер шанаваны спіс Магілёва-Брацкага вобраза знаходзіцца ў кафедральным Трохсвяціцельскім саборы Магілёва. Спісы маюцца ў Мікольскім манастыры і Крыжаўздзвіжанскай (Барыса-Глебскай) царкве. Святкаванне здзяйсняецца 1 красавіка (н.ст.).

г.п. Бялынічы. Бялыніцкая ікона Божае Маці. Паводле падання, у XIII–XIV стст. ікона знаходзілася ў храме прарока Іллі ў Бялынічах і была прынесена туды манахамі са спустошанага мангола-татарамі Кіева. У 1624 г. уладальнік Бялыніч Казімір Сапега ўпрыгожыў аклад іконы каштоўнымі камянямі.

Пасля пажару 1635 г. вобраз перанеслі ў касцёл кармелітаў. Падчас вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне XVII ст. вобраз вывезлі ў Ляхавіцкі замак, а пасля вайны вярнулі ў Бялынічы. У 1761 г., паводле каталіцкай традыцыі, вобраз быў каранаваны, г.зн. афіцыйна прызнаны цудатворным. Бялынічы сталі месцам масавага паломніцтва вернікаў, мястэчка ў той час называлі «Рускай Чанстаховай». Ікона ўшаноўвалася як католікамі, так і праваслаўнымі, з’яўляючыся агульнай святыняй хрысціянаў Беларусі.

Пасля паўстання 1830 г. манастыр кармелітаў быў закрыты, а касцёл стаў прыходскім. У 1876 г. па просьбе мясцовых жыхароў, у большасці праваслаўных, ён пераасвячоны ў праваслаўны сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Пра глыбокае ўшанаванне іконы ў XIX – пачатку ХХ ст. сведчыць той факт, што паломнікі паўночна-ўсходняй Беларусі і Смаленшчыны, якія ішлі да святыняў Кіева, перш за ўсё наведвалі Бялынічы. Пачынаючы з 1904 г., Бялыніцкі цудатворны вобраз да 30 траўня хрэсным ходам пераносіўся ў Магілёў, а ў канцы лета яго ўрачыста вярталі ў Бялынічы. Гэтая традыцыя была перарвана з пачаткам рэвалюцыйных падзей пачатку ХХ ст. У віхуры ліхалецця ікона была згублена.

Новы храм у Бялынічах асвячоны ў 2005 г. у гонар Бялыніцкай іконы Божае Маці. Там захоўваецца адзін з шанаваных спісаў цудатворнай іконы. Іншыя спісы знаходзяцца ў многіх храмах Магілёўскай епархіі. Святкаванне іконы адбываецца 25 красавіка (н. ст.).

г. Мсціслаў. Тупічэўская ікона Божае Маці. Знаходзілася ў Мсціслаўскім Тупічэўскім манастыры Святога Духа і была адной з найбольш вядомых на Мсціслаўшчыне. Яўленая ў ХVII ст., цудатворная ікона была каштоўная як па старажытнасці жывапісу, так і па багацці ўбранства. Святыня глыбока ўшаноўвалася вернікамі. З 1847 г. былі ўстаноўлены тры штогадовыя хрэсныя ходы з вобразам: напярэдадні дня свяціцеля Мікалая (22 мая) з Тупічэўскага манастыра ў Мсціслаўскі Мікалаеўскі храм (былы Нагорны манастыр); у дзень аддання Пасхі з Мікалаеўскага ў Мазалаўскі жаночы манастыр; з Мазалаўскага — назад у Мсціслаў, напярэдадні святкавання Успення Багародзіцы.

У 1925 г. Тупічэўскі манастыр быў зачынены, а ікона знікла. Цяпер шанаваны спіс іконы знаходзіцца ў прыходскім храме ў гонар Тупічэўскага вобраза Божае Маці горада Мсціслава.

Мсціслаўскі раён, в. Мазалава. Мазалаўска-Балыкінская ікона Божае Маці. Згодна з паданнем, з другой паловы XIV ст. тут існаваў жаночы манастыр у гонар Узнясення Гасподняга. У 1665 г. манастыр абноўлены дзякуючы ахвяраванням дачкі мсціслаўскага стольніка Марыяны Сухадольскай. У той час была ўзведзена новая царква ў гонар Праабражэння Гасподняга. Галоўнай святыняй манастыра з’яўлялася шанаваная вернікамі Балыкінская ікона Божае Маці, падараваная графіняй Ганнай Чарнышовай, уласніцай вёскі Балыкіна ў Старадубскім павеце Чарнігаўскай губерні. Там 30 чэрвеня 1711 г. адбылося яўленне іконы, пазней праслаўленай шматлікімі ацаленнямі хворых.

На сродкі графіні ў 1799 г. была адноўлена галоўная драўляная царква Мазалаўскага манастыра. Багамольцы сыходзіліся сюды памаліцца Божай Маці перад Яе цудатворнай іконай. У 1812 г., перад нашэсцем французаў, вобраз з Мазалава вывозіўся ў Цвер, там яго асабліва шанавала вялікая княгіня Кацярына Паўлаўна. Святкаванне Балыкінскай іконы адбывалася 30 чэрвеня і ў 10-ю пятніцу пасля Пасхі.

У 1918 г. манастыр у Мазалаве быў закрыты, а яго маёмасць разрабавана. Магчыма, што цудатворная ікона патрапіла ў музей. Яна напісана на дошцы памерам 79х48 см, верагодна, адносіцца да ХVІІІ ст. Выява Маці Божай на ім амаль франтальная, рукі складзены ў малітоўнай позе. З вялікім замілаваннем Яна глядзіць на Дзіцятка Хрыста.

Цяпер у Мазалаве адноўлены праваслаўны прыход, дзейнічае царква ў гонар Узнясення Гасподняга.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.