Пра ўшанаванне ікон Божае Маці ў Беларусі

МІНСКАЯ ЕПАРХІЯ

г. Мінск. Мінская ікона Божае Маці. Паводле царкоўнага падання, паходзіць з Візантыі, а яе з’яўленне на Русі звязана з прыняццем нашымі продкамі хрысціянскай веры. Магчыма, яна была прывезена самім роўнаапостальным князем Уладзімірам з Корсуні. Святы вобраз спачатку захоўваўся ў старажытнай Кіеўскай Дзесяціннай царкве. Падчас узяцця Кіева крымскім ханам Менглі-Гірэем адзін з татараў сарваў з іконы каштоўную залатую рызу, а саму святыню кінуў у Днепр. Праз некаторы час ікона была знойдзена ў Мінску. Паданне паведамляе, што святы вобраз “ці то па вадзе, ці то супраць вады цудоўным чынам або праз Ангелаў перанесены да Менска і на рацэ Свіслачы пад замкам стаў; а святлом незвычайным, з яго сыходзячым, быў выяўлены і абывацелямі места з вады здабыты і да царквы Замкавай года 1500 дня 13 жніўня суправаджоны».

Больш за сто гадоў ікона знаходзілася ў Замкавай царкве Нараджэння Багародзіцы. У пачатку XVII ст., пасля далучэння большасці праваслаўных цэркваў да уніі, ікону перанеслі ў базыльянскі сабор Святога Духа ў Верхнім горадзе. З канца XVIII ст., калі былы ўніяцкі храм стаў праваслаўным кафедральным Петра-Паўлаўскім саборам, і да разбурэння сабора ў 1936 г. Мінская ікона знаходзілася там.

Пасля 1936 г. распараджэннем свецкіх уладаў вобраз перададзены ў мастацкі музей, дзе знаходзіўся ў  запасніках да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У час акупацыі адна набожная жыхарка Мінска звярнулася да нямецкіх улад з хадайніцтвам вярнуць святыню царкве. Пасля атрымання дазволу мастак Г. Віер правёў рэстаўрацыю, якая цалкам пацвердзіла старажытнае паходжанне вобраза. Ікона была перададзена ў Петра-Паўлаўскую царкву на Нямізе, дзе знаходзілася да яе закрыцця ў 1944 г. Затым ікону перанеслі ў кафедральны Свята-Духаў сабор, дзе яна знаходзіцца дагэтуль і карыстаецца глыбокай малітоўнай пашанай вернікаў.

г. Мінск. Крупецкая ікона Божае Маці. Назва вобраза паходзіць ад вёскі Крупцы, што знаходзілася непадалёк ад Мінска (цяпер у межах горада). Пакроўская царква гэтай вёскі славілася сваім цудатворным вобразам Багародзіцы. З надпісу на зваротным баку іконы вынікала, што ў 1612 г. яна знаходзілася ў мясцовай капліцы. У 1856 г. па ініцыятыве мінскага губернатара Ф. Шклярэвіча на тым месцы пабудаваны храм у гонар Пакрова Божае Маці. Узвялі яго на ўзгорку, з-пад якога выцякала крыніца. Вобраз Божае Маці з пашанай быў перанесены ў новы храм. Мясцовае паданне паведамляе, што многія нямоглыя, якія з верай і малітвай звярталіся да Божай Маці перад Яе вобразам, атрымлівалі ацаленне і дапамогу.

Пачынаючы з 1884 г. ікону сталі двойчы ў год з асаблівай урачыстасцю пераносіць хрэсным ходам з Крупцоў у Мінск. З1 (14) кастрычніка да 6 (19) мая ікона знаходзілася ў Свята-Пакроўскай царкве архіерэйскага падвор’я (цяпер на гэтым месцы Дом афіцэраў). У 1920-я гады Пакроўскую царкву архіерэйскага дома закрылі, цудатворны вобраз быў канфіскаваны і яго месцазнаходжанне невядома дагэтуль. У 1936 г. крупецкая царква была разабрана на бярвенні мясцовым калгасам.

У 1993 г. у Крупцах па ініцыятыве брацтва ў гонар Архістраціга Божага Міхаіла адноўлены праваслаўны прыход, яго сіламі ўзведзена новая Свята-Пакроўская царква. Там захоўваецца шанаваны спіс Крупецкай іконы Божае Маці. Святкаванне іконы адбываецца ў першую нядзелю пасля Пакрова.

Валожынскі р-н, г.п. Ракаў. Ракаўская ікона Божае Маці. Знаходзіцца ў Ракаўскай Праабражэнскай царкве. Згодна з паданнем, вобраз Божай Маці з’явіўся сляпому і хвораму жыхару Ракава ў лесе на крыніцы. У 1737 г. на месцы з’яўлення пабудавана Крыжаўздзвіжанская царква, прыпісная да Ракаўскай Праабражэнскай. Ікона згадваецца як цудатворная ў дакументах з канца XVIII – пачатку XIX ст. Святкаванне іконы адбывалася 14 (27) верасня, а летам, у маладзіковыя нядзелі, адбываліся хрэсныя ходы з Праабражэнскай царквы ў Крыжаўздзвіжанскую.

Па іканаграфіі ікона блізкая да спісаў Жыровіцкага вобраза, узыходзячых да храмавых фрэсак Рыма. Выканана на палатне ў жывапіснай манеры. Размешчаны па авале тэкст напісаны лацінкай літарамі, выразанымі са срэбнай пласціны.

г. Лагойск. Лагойская ікона Божае Маці. У старажытным Лагойскім замку знаходзіўся праваслаўны манастыр, вядомы з пачатку XVI ст. У манастырскім храме мелася асабліва шанаваная ікона Божае Маці “Знаменне”, якая праславілася многімі цудамі па малітвах вернікаў да Божае Маці. Мяркуючы па жывапісе, вобраз вельмі старажытны. З распаўсюджаннем уніяцтва царква і маёмасць манастыра перайшлі да ўніятаў-базыльян. Старажытная святыня да пачатку XIX ст. захоўвалася ў Багаяўленскім базыльянскім манастыры.

Ёсць ускосныя сведчанні, што ў 1882 г., калі разбіралі старую Богаяўленскую царкву, свяшчэннік Іаакім Хруцкі перадаў мясцовашанаваны Лагойскі вобраз Божае Маці “Знаменне” мясцоваму аматару старажытнасцей графу Оскару Тышкевічу. Пасля яго смерці ў 1897 г. сын яго, Іосіф Тышкевіч, які меней цікавіўся старажытнасцямі, прадаў мінскаму археолагу Генрыху Татуру шэраг прадметаў з бацькоўскай калекцыі, у тым ліку і Лагойскі вобраз Божае Маці.

Пасля смерці Татура яго ўдава перадала ікону епіскапу Мінскаму і Тураўскаму Міхаілу. Праасвяшчэнны Міхаіл распарадзіўся вярнуць цудатворную ікону ў Лагойскую царкву. Урачыстае перанясенне адбылося 8 (21) верасня 1907 г. Шматтысячны хрэсны ход на чале з Праасвяшчэнным Міхаілам і мноствам духавенства адправіўся з Мінска ў Лагойск для перанясення аднойдзенага вобраза Багамаці на месца яе старажытнага знаходжання. З таго часу падзею перанясення Лагойскага вобраза Божае Маці адзначалі штогод у першую нядзелю пасля 8 (21) верасня.

У брашуры, выдадзенай брацтвам Віленскага Свята-Духава манастыра, пра ікону гаворыцца: “Напісана па дошцы, на залатым фоне, са старажытным раслінным арнаментам чаканнай работы. Па тыпу набліжаецца да Знаменнай Курскай іконы і адрозніваецца ад яе толькі тым, што Богадзіцятка благаслаўляе не адной рукой, як на Курскай, а абедзвюма. Жывапіс вобраза несумнеўна мясцовы, заходнерускі. Спасіцель напісаны не ў хітоне, як гэта прынята, а ў белай дзіцячай кашулі, са шпількай-стужачкай на каўняры. Ва ўборы Прасвятой Дзевы няма звычайных нарукаўнікаў. На ілітоне спераду зорка з дробных кружкоў, такая ж зорка і на фелоні, што сустракаецца вельмі рэдка… Сонца, сярод якога звычайна паказваецца Спасіцель на іконах гэтага тыпу, на Лагойскім вобразе напісана ў выглядзе белага кола з 26 промнямі. Промнямі замест німба акружана і галава Багародзіцы. На галаве Яе карона. Надпісы на іконе звычайныя, грэчаскія. Ікона падвяргалася даволі грубай рэстаўрацыі, прычым парушана вытанчанасць старажытнага жывапісу. Мяркуючы па фарбах і тэхніцы, рэстаўрацыя праведзена, верагодна, у XVII ст.».

Цудатворны вобраз Божай Маці “Знаменне” знік у перыяд 1930—1940-х гадоў. У 1999 г. напісаны сучасны спісак Лагойскага вобраза, які цяпер малітоўна ўшаноўваецца ў Свята-Мікалаеўскім храме Лагойска.

Святкаванне ў гонар іконы Божае Маці “Знаменне” здзяйсняецца царквой штогод 10 снежня.

Маладзечанскі р-н, в. Груздава. Груздаўская ікона Божае Маці. Паводле старажытнага падання, паміж вёскамі Груздава і Капачы знаходзіцца мясцовасць, калісьці названая Чырво­най Валокай. У выніку міжусобнай бітвы 1433 г. застаўся адзіны ўцалелы рыцар Андрэй Сако­віч, які быў цяжка паранены. Губляючы прытомнасць, ён заўважыў каля сябе на паваленым дрэве ікону Божай Маці, якую ўзяўшы ў рукі як мог прыціснуў да грудзей.

На наступны дзень на месца бітвы прыйшлі сяляне, каб сабраць і пахаваць целы забітых. Яны знайшлі непрытомнага рыцара і, прыняўшы яго за памерлага, паспрабавалі забраць ікону, але расшчапіць рукі не ўдавалася. І тут князь падаў прыкметы жыцця. Сяляне перавезлі яго ў вёску, дзе паранены хутка ачуняў. Андрэй Саковіч з удзячнасцю прымаў дапамогу сялян, але сам быў перакананы, што абавязаны сваім выратаваннем міласціваму заступніцтву Прасвятой Багародзіцы. Праз некаторы час Андрэй Саковіч, які быў княжым намеснікам у Смаленску, паставіў на месцы свайго выратавання капліцу, там і размясціў святы вобраз. Пазней каля капліцы ён пабудаваў царкву і з пашанай перанёс туды ікону. Груздаўская ікона Божае Маці адносіцца да тыпу “Адзігітрыя”, падобная да вядомай на Віленшчыне Трокскай іконы Багародзіцы.

На працягу больш чым 500 гадоў святыня знаходзілася ў алтары Груздаўскай царквы як запрастольная. Мясцовыя старажылы расказваюць, што даўней на пакланенне іконе прыязджалі паломнікі нават з Украіны, Балгарыі і Чэхіі. Святкаванне іконы адбывалася штогод 15 ліпеня (новы стыль) з удзелам вялікай колькасці народу.

У 1962 г. Груздаўская царква была закрыта ўладамі, а іконы, кнігі, царкоўныя рэчы былі скінуты ў роў. Найбольшая святыня — Груздаўская ікона Божай Маці была ўратавана, яна захоўвалася спачатку ў прыхаджан, а пасля перададзена ў Маладзечанскую царкву. У 1994 г. намаганнямі жыхароў у Груздаве створана праваслаўная абшчына і ўзноўлены храм у гонар Рызапалажэння. Пасля завяршэння работ у храм вернуты Груздаўскі вобраз Маці Божай, да якога, як і раней, з далёкіх і блізкіх мясцін прыходзяць паломнікі для малітвы і ўшанавання.

Пухавіцкі раён, г. Мар’іна Горка. Мар’інагорская ікона Божае Маці. Паводле народнага падання, Божая Маці явілася ў сне набожнаму жыхару вёскі Лядцы Ісідару і па яго шчырых малітвах ацаліла ад цяжкай хваробы. У знак удзячнасці Ісідар напісаў вобраз сваёй Ацаляльніцы так, як бачыў яго ў сне. Затым пабудаваў капліцу і размясціў там шанаваную ікону. Хутка да Мар’інагорскай іконы сталі прыходзіць насельнікі суседніх паселішчаў для малітвы і ўшанавання. У 1814 г. пасля пажару ў капліцы на тым самым месцы была ўзведзена драўляная царква ў гонар Прасвятой Багародзіцы, куды і перанеслі ікону.

У часы ганенняў Мар’інагорская царква была закрыта ўладамі, а ў 1940 г. разбурана. Святыня знайшла часовы прытулак у Свята-Троіцкай царкве вёскі Блонь, у тыя часы адзінай на ўвесь раён. З часам гісторыя іконы забылася. І толькі ў 2004 г. архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан падчас наведання царквы ў Блоні пазнаў Мар’інагорскую ікону, перад якой маліўся ў маладосці. 8 верасня 2010 г. адбылося ўрачыстае перанясенне іконы з Блоні ў Аляксандра-Неўскі храм Мар’інай Горкі. Святкаванне ў гонар іконы адбываецца ў чацвер 2-га тыдня пасля Пяцідзесятніцы.

Слуцкі р-н, в. Забелы. Забельская ікона Божае Маці. Паводле мясцовага падання, ікона напісана ў час падзяжу хатняй жывёлы — вялікага бедства для мясцовага насельніцтва. Божая Маці, па малітвах набожных сялян, явілася ў сне аднаму мясцоваму жыхару і загадала напісаць Яе ікону на ва1ловай скуры. Селянін выканаў загад Божае Маці. Ікона была напісана і змешчана ў забельскай Успенскай царкве.

Багародзіца напісана ў рост з Прадвечным Дзіцяткам на левай руцэ. З левага боку на іконе — выявы свяціцеля Мікалая Цудатворца і Жыватворчага Крыжа, з правай — святога праведнага Іакіма і Анны, святой Елізаветы і апосталаў.

Пра ўшанаванне іконы ў XVII ст. сведчаць прадметы, якія пакідалі вернікі ў знак удзяч­насці Божай Маці. Спісак гэтых рэчаў быў упісаны на старонках старадаўняга Евангелля з забельскай царквы.

У цяперашні час у Слуцкім благачынні вядзецца работа па напісанні сучаснага ўзноўленага спі­са Забельскай іконы, зацверджаны тэксты малітоўных песнапенняў у гонар забельскай святыні.

Стаўбцоўскі р-н, в. Новы Свержань. Нова-Свержанская ікона Божае Маці. У мясцовай Успенскай царкве да 1961 г. захоўваўся цудатворны вобраз Маці Божай. Вуснае паданне данесла, што ікона была знойдзена (ці явілася) каля 1500 года ў лесе на дрэве, на тым месцы, дзе цяпер стаіць царква. Гісторыя цудаў, якія адбываліся па малітвах вернікаў перад цудадзейным вобразам, выкладзена ў асобных кніжках Пятра Вагнера Дунгоўскага (1650 г.) і Стэфана Яскоўскага (1754 г.). Першая з іх, як сведчыць аўтар, заснавана на дакументах і табліцах-вотах, прывешаных каля іконы. У кнізе апісаны 70 цудаў ацаленняў ад хваробаў і няшчасных выпадкаў жыхароў Новага Свержаня, ваколіцаў і больш далёкіх паселішчаў — Міра, Наваградка, Пінскага павета, якія адбыліся ў 1635–1650 гг.

У 1650 г., малітоўна звярнуўшыся да Божай Маці перад Яе іконай, ацаліліся Аляксандр Людвік Радзівіл, яго жонка Лукрэцыя Марыя, дачка Цэцылія, а таксама надворны падскарбій Багуслаў Слушка. Хрысціна Яўфімія Радзівіл засведчыла, што Маці Божая Свержанская адвярнула пажар ад двара ў поле. Пасля гэтага Радзівіл стаў вялікім прыхільнікам іконы і пажадаў, каб была выдадзена кніжка пра цуды. Адчуў дапамогу Свержанскай іконы і гетман Міхал Казімір Радзівіл, пасля чаго, відавочна, і загадаў выдаць кнігу пра яе ў Нясвіжы. Гетман з’яўляўся дабрачынцам свержанскіх базыльянаў, заснаваў тут уніяцкую семінарыю ў 1743 г. У 1754 г. у нясвіжскай друкарні Радзівілаў выйшла кніжка рэктара семінарыі пры Свержанскім манастыры Інакенція Ясткевіча, якая ўключала першую кніжку Вагнера Дунгоўскага (1650 г.), дапоўненую спісам наступных 50 цудаў за 1677–1750 гг. і асобнай песняй-прысвячэннем.

Мясцовае шанаванне іконы працягвалася і ў ХІХ ст. Пра яго пісалі вядомыя царкоўныя гісторыкі архімандрыт Мікалай (1864 г.) і А. Тавараў (1903 г.). У канцы ХІХ ст. для іконы быў зроблены аклад з вянцамі і каронамі. Яна захоўвалася ў царкве да 1960-х гадоў і знікла ў час хрушчоўскай кампаніі па закрыцці цэркваў. Разам з іншай маёмасцю ікону кінулі ў грузавую машыну, з-за чаго яна рассыпалася. Захавалася толькі рыза сярэдзіны ХVІІІ ст.

Меркаваць пра іканаграфію можна па металічнай гравюры, выкананай да кніг Вагнера і Ясткевіча. Маці Божая ўяўляла дакладны тып Адзігітрыі з Дзіцяткам на левай руцэ, мафорый Яе з архаічнай бахрамой, на чале і левым плячы — грэчаскі крыжык; хітон Дзіцяткі перавязаны паяском, левая рука пакладзена на калена, правая ў трохперстным благаславенні. Спецыялісты адносяць паходжанне іконы да XVI ст. і лічаць яе адным з лепшых узораў беларускага іканапісу. Святкаванне іконы 4 красавіка.

Стаўбцоўскі р-н, в. Слабодка. Тонава-Слабадская ікона Божае Маці. Вось што данесла да нашых дзён народнае паданне. Аднойчы селянін з вёскі Слабодка прывёў напаіць каня на раку Сула, што цячэ побач. Конь стаў прагна піць ваду, але раптам пачаў нешта адсоўваць капытом, як быццам тое перашкаджала яму піць. Селянін прыгледзеўся і ўбачыў дошку. Ён дастаў яе з вады — гэта была ікона Прасвятой Багародзіцы.

На месцы яўлення іконы неўзабаве была ўзведзена царква. Спачатку яна стаяла ў лесе, пасярэдзіне шляху з вёскі Тонава да Слабодкі (адсюль і назва царквы Тонава-Слабодская). Згодна з прыходскім летапісам, каля 1730 г. у храме адбыўся пажар, у час якога ікона цудоўным чынам уцалела, перанёсшыся на на недалёкае дрэва. У 1736 г. на тым месцы памешчыкам Рудалкоўскім была пабудавана новая драўляная царква, куды і перанеслі ікону.

Тонава-Слабадская ікона напісана невядомым мастаком у 1565 г., дата пазначана ўнізе славянскімі літарамі, маецца яна і на адваротным баку. Божая Маці прадстаўлена ў поўны рост, Дзіцятка Яна трымае на левай руцэ. Адзенне Прасвятой Багародзіцы парчовае,кароны выраблены са срэбра. Аклад і амулеты выкананы на высокім мастацкім узроўні.

Тонава-Слабадская царква з невялікімі перапынкамі дзейнічала да 1958 г. Але ўжо з 1958 г. у Свята-Георгіеўскай Тонава-Слабадской царкве святара не было. Хутка савецкія ўлады царкву закрылі. Царкоўныя рэчы перавезлі ў Івянец і склалі ў хляве, а з цягам часу пра іх забыліся.

Аднойчы, незадоўга да смерці, царкоўнаму вартаўніку Іосіфу прыснілася, што ікона Прасвятой Багародзіцы ляжыць сярод усялякага хламу ў Івянцы. Тады ён выкупіў ікону за 5 руб. золатам і паклаў у сябе на гарышчы дома.

Калі яго дачка пераязджала на новае месца жыхарства ў вёску Нявелічы Дзяржынскага раёна, яна перадала ікону на захаванне ў Дзяржынскую Свята-Пакроўскую царкву. Спачылы бацька ў сне папрасіў дачку, калі будзе ўзноўлена царква ў вёсцы Слабодка, вярнуць туды цудатворную ікону Прасвятой Багародзіцы. І вось 21 ліпеня 1995 г. урачыстым хрэсным ходам ікона Прасвятой Багародзіцы была перанесена з Дзяржынскай царквы ў Тонава-Слабадскую. Святкаванне іконы адбываецца 21 ліпеня, у дзень яе яўлення.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.