Пра ўшанаванне ікон Божае Маці ў Беларусі

НАВАГРУДСКАЯ ЕПАРХІЯ

Слонімскі р-н, пас. Жыровічы. Жыровіцкая ікона Божае Маці. Ікона явілася ў 1470 г. у жыровіцкім лесе — уласнасці праваслаўнага землеўласніка Аляксандра Солтана. Пастухі заўважылі незвычайна яркае святло, якое струменілася ў галінах грушавага дрэва. Падышоўшы бліжэй, яны ўбачылі на дрэве невялікі вобраз Божае Маці на яшмавым камені, пакланіліся ёй і аднеслі свайму гаспадару, а ён зачыніў абразок у куфар. На наступны дзень, як сведчыць паданне, да Солтана прыйшлі госці, і гаспадар вырашыў паказаць знаходку. Але іконы ў куфры не аказалася. Праз нейкі час пастухі зноў знайшлі яе на тым самім месцы і аднеслі да Солтана. Гэтым разам ён паставіўся да вобраза з павагай і пабудаваў на месцы яўлення царкву ў гонар Прасвятой Багародзіцы. Вакол драўлянага храма неўзабаве ўзнікла паселішча і ўтварыўся манастыр.

Каля 1520 г. падчас вялікага пажару храм згарэў. У папялішчы знікла і цудатворная ікона. Але аднойчы сялянскія дзеці ўбачылі дзівоснае відовішча: Дзева незвычайнай прыгажосці ў прамяністым ззянні сядзела на камені, трымаючы ў руках вобраз, які ўсе лічылі згарэлым. Дзеці паспяшаліся паведаміць людзям пра цудоўнае здарэнне. Жыхары паселішча на чале са святаром накіраваліся да таго месца і ўбачылі на камені той жа вобраз Божае Маці, зусім не пашкоджаны агнём. Яе часова змясцілі ў доме святара, а камень абнеслі агароджай. Калі быў збудаваны мураваны храм, вобраз з пашанай змясцілі ў ім.

У XVII–XVIII стст. манастыр належаў уніятам. Жыровіцкі вобраз карыстаўся пашанай таксама сярод уніятаў і католікаў. Для пакланення яму ў Жыровічы прыязджалі каралі Рэчы Паспалітай, прадстаўнікі вядомых родаў Палубенскіх, Войнаў, Радзівілаў, Сапегаў.

У 1839 г. манастыр разам з цудатворнай іконай вернуты ў Праваслаўе. Падчас Першай сусветнай вайны ікона была вывезена ў Маскву, знаходзілася ў храме Васілія Блажэннага на Краснай плошчы, а ў 1924 г. вернута ў Жыровічы.

Цяпер Жыровіцкая ікона змяшчаецца ў іканастасе каля Царскай брамы галоўнага манастырскага Успенскага сабора. Яна невялікага памеру, яе можна лёгка змясціць на далоні. Жывапісныя спісы з Жыровіцкай іконы Божае Маці можна ўбачыць ва ўсіх храмах Беларусі, а таксама за яе межамі. Святкаванне іконы здзяйсняецца 20 мая (н.ст.).

Карэліцкі р-н, г.п. Мір. Мірская ікона Божае Маці. Знаходзіцца ў храме Святой Жываначальнай Троіцы г.п. Мір. Гэтую ікону можна назваць пераемніцай цудатворнага вобраза, які быў вядомы ў Міры з даўняга часу. Вобраз, паводле апісання, быў напісаны на палатне ў візантыйскім стылі. У гады Першай сусветнай вайны цудатворная ікона згубілася.

У 1917–1949 гг. настаяцелем Свята-Троіцкай царквы ў Міры быў протаіерэй Уладзімір Свірскі, дзядзька святой блажэннай Валянціны Мінскай. Яго жонка Кацярына Іосіфаўна ў 1932–1933 гг. цяжка захварэла. Уначы ў сне ёй было бачанне Пачаеўскай іконы Божае Маці і словы звыш: “Маліся гэтай іконе і ацалішся!”. І калі айцец Уладзімір з матушкай сталі старанна днём і ўначы маліцца перад Пачаеўскай іконай Божае Маці, хвароба адступіла. Айцец Уладзімір у 1933 г. наведаў Пачаеўскую лаўру і замовіў там спісак з цудатворнай Пачаеўскай іконы. Ікона была ўсталявана ў іканастасе Свята-Троіцкай царквы над царскай брамай. Па святах і асобных днях ікону апускаюць для ўшанавання вернікамі. Штогод 5 жніўня да іконы сцякаецца асабліва многа народу, каб памаліцца, прынесці Царыцы Нябеснай падзяку за Яе невычэрпную міласць да роду чалавечага.

Смаргонскі р-н, д. Сукневічы. Сукневіцкая ікона Божае Маці. Знаходзіцца ў храме ў гонар Святога Духа вёскі Сукневічы. Ікона напісана на ільняным палатне, адносіцца да тыпу «Адзігітрыя». Паводле падання, яўленне святога вобраза ў вёсцы Сукневічы адбылося ў XVII ст. Вобраз знаходзіўся на грушы, якая расла ў лесе, на невысокім узгорку каля ракі Татарка. Мясцовыя жыхары пабудавалі на месцы яўлення невялікую капліцу, у якой змясцілі знойдзеную ікону. У 1911 г. на гэтым месцы ўзвялі царкву ў гонар Святога Духа. У 1961 г. уладамі было прынята рашэнне аб закрыцці царквы. Цудатворную ікону Божай Маці ўзяла на захаванне жыхарка Сукневічаў Дзік Зінаіда Пятроўна. У пачатку 1980-х гадоў яна перадала вобраз у Мінскае епархіяльнае ўпраўленне.

У 1988 г. адбылося аднаўленне прыходскага жыцця ў Сукневічах. Ікона ў той час знаходзілася ў Дамашанскім храме ў гонар Святога Іаана Багаслова. У 2004 г. святыню ўрачыста пеарнеслі ў Сукневіцкую царкву.

Слонімскі р-н, в. Міжэвічы. Міжэвіцкая ікона Божае Маці. Ікона знаходзіцца ў мясцовым храме Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Уяўляе сабой рэльефную выяву па ўзору вобраза Божай Маці Адзігітрыі Смаленскай, змешчаную ў металічным авале. Паводле падання, ікона належала паходнай царкве аднаго з рускіх палкоў, які стаяў тут у часы ЕкацярыныІІ. Калі полк выпраўляўся ў шлях, павозка, куды ўсклалі паходную царкву з цудатворным вобразам, не магла скрануцца з месца. Нават пасля таго, як адслужылі акафіст Божай Маці, калёсы не крануліся. Стала зразумела, што ікону патрэбна пакінуць тут.

Ікона была змешчана ў вялікі драўляны крыж, які паставілі на тым месцы, дзе стаяў прастол паходнай царквы. Мясцовыя жыхары сталі збірацца на малітву перад гэтай іконай, а з цягам часу пабудавалі на тым месцы драўляную царкву. Яе асвячэнне адбылося ў 1800 г. У сярэдзіне XIX ст. вернікі Міжэвіцкай царквы сведчылі, што з моманту з’яўлення іконы не было ў Міжэвічах ні пажару, ні павальнай эпідэміі, чаго нельга было сказаць пра суседнія паселішчы. У 1864 г. на месцы старой царквы быў узведзены і асвячоны новы храм, куды перанеслі ікону. Заступніцтвам Прасвятой Багародзіцы храм заставаўся цэлым і ў цяжкія гады XX стагоддзя. Святкаванне ў гонар іконы здзяйсняецца штогод 10 жніўня (н.ст.).

Слонімскі р-н, в. Дзераўная. Колпенская ікона Божае Маці. Знаходзіцца ў Свята-Троіцкім храме в. Дзераўная. Паводле падання, гэты вобраз быў аднойдзены ў канцы XVIII ст. у ляску, за паўтары вярсты ад маёнтка графа Тымена. На месцы яўлення была пабудавана драўляная царква, у якой змясцілі знойдзены вобраз. Каля храма знаходзілася гаючая Колпенская крыніца. На святочныя набажэнствы збіралася так шмат народу, што царква не змяшчала ўсіх вернікаў. У 1939 г. мясцовыя актывісты падпалілі царкву. Храм цалкам згарэў, але ікона па міласці Божай была ўратавана. У 1963 г. храм у Дзераўной быў закрыты, а Колпенскую ікону забралі ў музей рэлігіі і атэізму ў Гродне, дзе яна знаходзілася да канца 1980-х гадоў.

У 1989 г. па хадайніцтве вернікаў вобраз быў вернуты на месца свайго ранейшага знаходжання — у дзераўнянскі Свята-Троіцкі храм, перададзены праваслаўнай абшчыне. На месцы спаленага ў 1939 г. храма і на месцы яўлення вобраза ўсталяваны крыж. Штогод 9 ліпеня, у дзень Ціхвінскай іконы Божае Маці, у Свята-Троіцкім храме Дзераўной правіцца Боская літургія, а па завяршэнні хрэсны ход з Колпенскай іконай на крыніцу, дзе здзяйсняецца малебен і малое асвячэнне вады.

ПІНСКАЯ ЕПАРХІЯ

г. Пінск. Ікона Божае Маці Адзігітрыя Іерусалімская. У XIX ст. ікона знаходзілася ў пінскім Фёдараўскім саборы і карысталася асаблівым шанаваннем вернікаў. Мяркуюць, што створана яна ў пачатку XVI ст. і раней належала Лешчанскаму манастыру, што быў непадалёк ад Пінска.

Ікона напісана на дошцы, абкладзенай “аплікавай” пазалочанай рызай. Срэбныя пазалочаныя вянцы былі аздоблены рознакаляровымі камянямі. Адметнасцю жывапіснага стылю іконы з'яўляецца яскравая сувязь з традыцыямі візантыйскага і старажытнарускага іканапісу.

Падобны іканаграфічны тып, вядомы пад назвай “Ціхвінскі”, бярэ пачатак ад яўленага 26 чэрвеня 1383 г. вобраза над ракой Ціхвінкай на Наўгародчыне (Расія). Іікона “Адзігітрыя Іерусалімская” знаходзіцца ў пінскай Варварынскай царкве, з'яўляецца святыняй Пінскай епархіі.

Пінскі р-н, в. Купяцічы. Купяціцкая ікона Божае Маці. Ікона з’явілася цудоўным чынам у лесе на крыжы ў 1182 г. Яе заўважыла ў яркім ззянні шасцігадовайя пастушка Ганна з вёскі Купяцічы. Некалькі разоў дзяўчынка спрабавала аднесці знойдзеную святыню дахаты, але крыж з іконай заўсёды вяртаўся на месца яўлення. Неўзабаве тут быў пабудаваны храм, дзе і змясцілі ікону. У 1240 г. царква была спалена татарамі, але ікона засталася непашкоджанай. Яе знайшлі на папялішчы і перанеслі ў новую царкву Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы. Купяціцкая ікона ўяўляе сабой невялікі медны крыж-складзень (энкалпіён) памерамі 10х10 см., на адным баку якога выява Божай Маці ў рост з Дзіцяткам, а на другім — Распяцце. У канцы ХVІ ст. ктытарам царквы быў брэсцкі кашталян Грыгорый Война. Ён заказаў належны аклад для цудадзейнай іконы.

У 1628 г. кашталянка берасцейская Апалонія Война з сынам Васіліем Копцем заснавалі тут манастыр, першыя манахі былі запрошаны з Віленскага Свята-Духава манастыра. Шматлікія цуды, ацаленні хворых, якія адбываліся дзякуючы заступніцтву Божай Маці, зрабілі Купяцічы месцам паломніцтва не толькі жыхароў Палесся, але і больш аддаленых беларускіх, украінскіх і польскіх земляў. Апісанню цудаў прысвечаны кнігі: „Тэраргіум” (Кіеў, 1638), выдадзена на польскай мове першым ігуменам Купяціцкага манастыра Іларыёнам Дзенісовічам, і другая — “Новае неба” Іанікія Галятоўскага (Львоў, 1665). Святы Афанасій Філіповіч, які ў 1630-я гг., служыў тут намеснікам, у сваім „Дыярыушы” называў Купяціцкую ікону галоўнай святыняй усёй Рэчы Паспалітай.

Цудатворны вобраз заставаўся ў Купяцічах да 1655 г., пакуль брація на чале з архімандрытам Лазарам Барановічам, ратуючыся ад пераследу ўніятаў, не перанесла яе ў Кіеў. Святыню прыняў мітрапаліт Кіеўскі Сільвестр Косаў і распарадзіўся змясціць яе ў Сафійскім саборы. У 1852 г. прыхаджане Купяціцкай царквы звярталіся ў Сінод з просьбай вярнуць ікону, але ім было адмоўлена.

УКіевекупяціцкаясвятынязнаходзіласяў Сафiйскiмсаборыў радземясцовыхіконАндрэеўскагапрыдзеланапрацягу XVIII–XIX стст. У 1700 г. прымітрапаліцеВарлааме (Ясінскім) іконуаздобілікрыжападобнайрызай. Кіеўскі мітрапаліт Яўгеній Балхавіцінаў вывучаў гісторыю паходжання іконы, вызначыўдатуяўленняяеў Купяцічах. У «Трудах IX археологического съезда в Вильне» (1896) аб ёй быў надрукаваны падрабязны даклад прафесара Кiеўскай Духоўнай акадэмii М.I. Пятрова з ілюстрацыямі.

Пасля рэвалюцыi Купяцiцкi энкалпiён разам з iншымi царкоўнымi каштоўнасцямi Кіева трапiў у музей-запаведнiк «Кiева-Пячэрская лаўра». Яго калекцыя літых крыжоў значна пацярпела ў час вайны 1941–1945 гг. Далейшы лёс Купяціцкай іконы невядомы.

Сёння ў Мікалаеўскай царкве вёскі Купяцічы знаходзіцца жывапісны спісак іконы ў аправе XVII ст., які таксама ўшаноўваецца як цудатворны. Штогод 28 лістапада тут здзяйсняецца святочнае богаслужэнне ў гонар Купяціцкай іконы Божае Маці — самай старажытнай сярод яўленых на беларускай зямлі.

Пінскі р-н , в. Лышча. Лышчанская ікона Божае Маці. У мясцовай царкве з канца XIX ст. знаходзілася храмавая ікона Хрыста Спасіцеля. У 1910 г. царкоўны стараста Данііл Шапялевіч стаў сведкам цудоўнай з’явы — у начны час ікона Спасіцеля азарылася яркім ззяннем, а на другім плане яе вогненным святлом вымалёўваўся вобраз Багародзіцы. З таго часу мясцовыя людзі з глыбокай пашанай сталі маліцца перад цудадзейнай іконай. Многія атрымалі ацаленні ад цяжкіх, часам невылечных хвароб. У час Вялікай Айчыннай вайны па малітвах веруючых вёска была выратавана ад знішчэння ў час карнай аперацыі. У пасляваенны час храм у Лышчы быў закрыты і разбураны, а ікона трапіла ў Пагост-Загародскую Кірыла-Мяфодзіеўскую царкву.

Пасля аднаўлення прыхода ў Лышчы ікона ўрачыста вярнулася на сваё месца ў Аляксандра-Неўскі храм. Пра цуды, здзейсненыя па малітвах вернікаў перад цудадзейнай іконай, расказвае кніга В. Валожынай “Лышчанская цудатворная ікона” (Брэст, 2009).

Пінскі р-н, в. Новы Двор. Навадворская ікона Божае Маці. Паводле падання, ікона напісана свяціцелем Пятром, мітрапалітам Маскоўскім, каля 1320 г. У той час ён падвізаўся на Валыні ў манастыры, заснаваным ім на рэчцы Раці. Верагодна, што пазней гэтая ікона трапіла ва Успенскі храм Навадворскага манастыра. Праваслаўныя вернікі з усяго Палесся ў дзень святкавання збіраліся ў Новы Двор для малітоўнага ўшанавання святыні. У 1677 г. для пакланення іконе сюды прыязджаў свяціцель Дзімітрый Растоўскі. Пасля Літургіі ігумен Нікадзім апавяшчаў цуды, якія адбыліся па малітвах перад вобразам Багародзіцы.

У XVIII ст., пасля таго як Навадворскі Свята-Успенскі манастыр захапілі ўніяты, іераманах Іакаў перанёс шанаваную ікону ў Чарнігаўскі Свята-Успенскі Ялецкі манастыр. Калі ў Чарнігаўскай губерні засноўваўся Суражскі мужчынскі манастыр, Праасвяшчэнны Антоній (Стахоўскі) перадаў Навадворскую ікону ў благаславенне новай абіцелі.

У XIX ст. ікона знаходзілася ў Спаса-Праабражэнскім манастыры Ноўгарад-Северска Чарнігаўскай епархіі. Асабліва шанаваны спісак з іконы меўся ў Каменскім Свята-Успенскім жаночым манастыры гэтай жа епархіі. Другі шанаваны спісак быў у Кіеўскім Залатаверхім манастыры. У Пінскай епархіі шанаваныя спіскі іконы (ХІХ ст.) знаходзяцца ў царкве Кірыла і Мяфодзія вёскі Пагост-Загародскі, а таксама ва Успенскім храме вёскі Новы Двор.Святкаванне іконы 2 студзеня (н.ст.).

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.