Пра ўшанаванне ікон Божае Маці ў Беларусі

ПОЛАЦКАЯ ЕПАРХІЯ

г. Полацк. Эфеска-Корсунская ікона Божае Маці. Эфеская ікона Прасвятой Багародзіцы знаходзілася ў Полацкім Багародзічным мужчынскім манастыры і ўяўляла сабою спісак з шанаванага вобраза Божае Маці, напісанага, паводле царкоўнага падання, евангелістам Лукой у горадзе Эфесе. Прападобная Еўфрасіння, калі знаходзілася ў Іерусаліме, то, клапоцячыся пра добраўладкаванне полацкіх храмаў, звярнулася да імператара Мануіла Комніна, свайго сваяка, і да патрыярха Канстанцінопальскага Лукі Хрысаверга з просьбай “адпусціць цудатворную ікону ў Полацак”.

З Эфескай іконы быў зроблены дакладны спісак і па загаду прападобнай упрыгожаны залатым акладам і каштоўнымі камянямі. Ікону змясцілі ў манастырскім храме ў гонар Нараджэння Багародзіцы. Эфеская ікона праславілася шматлікімі цудамі. Здаўна існавала традыцыя хрэсных ходаў з Эфескай іконай па полацкіх храмах у аўторак Светлага тыдня — у дзень, калі ікона была прынесена ў горад. Па меркаванні даследчыкаў, менавіта гэтая ікона стала правобразам фрэскавага малюнка “Багамаці ў маленні”, размешчанага ва ўсходняй сцяне ахвярніка Полацкага Спаса-Праабражэнскага храма.

Ікона знаходзілася ў манастыры да 1239 г., а пасля была дадзена як блаславенне на шлюб унучатай пляменніцы прападобнай Еўфрасінні — полацкай князёўне Параскеве з вялікім князем Аляксандрам Неўскім. Ікона была перанесена ў Багародзічны сабор горада Тарапец Пскоўскай губерні, дзе адбывалася вянчанне княжай пары.

У Тарапцы ікона была вядома пад назвай “Корсунская”, бо калі яе везлі ў Полацк праз Корсунь, жыхары горада на год затрымалі ікону ў сябе. Легенда гаворыць, што ў ХVІ ст. тарапчане, баючыся, што цар Іван Грозны забярэ ікону ў Маскву, тайна зрабілі копію, надзелі на яе вянцы, рызы і шаты са старога вобраза, а арыгінал схавалі ў алтары за прастолам. Але цар не прыехаў, так у царкве з'явіліся два падобныя вобразы. Відавочна, пра цудадзейную ікону ведаў цар Аляксей Міхайлавіч, таму што ў 1676 г. ён загадаў замест старой драўлянай Адзігітрыеўскай царквы пабудаваць мураваны Корсунска-Багародзічны сабор, які, аднак, згарэў у канцы ХVIII ст. Ікона была ўратавана і перанесена ў адбудаваны Уваскрасенскі сабор.

 У 1917 г. ікона канфіскавана савецкімі ўладамі і змешчана ў Тарапецкім краязнаўчым музеі, а затым вывезена ў Ленінград. У пачатку 1990-х гадоў старажытная ікона была вернута Царкве, знаходзіцца яна ў храме пасёлка Княжае Возера ў Падмаскоўі. У чэрвені 2010 г., пад час святкавання 100-гадоддзя перанясення мошчаў прападобнай Еўфрасінні, у Крыжаўздзвіжанскі сабор полацкага Спаса-Праабражэнскага манастыра быў перададзены старажытны спісак Эфеска-Корсунскай іконы, які датуецца XVI стагоддзем.

ТУРАЎСКАЯ ЕПАРХІЯ

Калінкавіцкі р-н, в. Юравічы. Юравіцкая ікона Божае Маці. Упершыню згадваецца ў 1630 г. у сувязі з бунтам запарожскіх казакоў, якія змагаліся з польскім войскам у Кіеўскім ваяводстве. Польскія войскі пад кіраўніцтвам гетмана Станіслава Канецпольскага разграмілі казакоў у бітве пад Пераяслаўлем. Сярод сямейных рэліквій Канецпольскага знаходзілася ікона Божае Маці. Ён настолькі шанаваў гэтую ікону, што заўсёды браў яе з сабою ў ваенныя паходы.

Па адной з версій, пасля смерці Канецпольскага ікона трапіла да ўнука, які перадаў яе манахам-езуітам, а па другой — манахі самі знайшлі яе сярод рэчаў гетмана, перададзеных ім на захаванне. Затым ікона была перавезена ў Львоў. Адзін з манахаў змясціў вобраз у сваёй келлі і маліўся перад ім. Аднойчы смяротна хворы манах пасля малітвы да Божае Маці перад Яе вобразам нечакана ацаліўся. З таго часу пачалося ўшанаванне іконы Божае Маці як цудатворнай.

Паводле падання, Божая Маці сама вызначыла месцам свайго знаходжання Юравічы, спыніўшы падводу, на якой ехаў манах з вобразам. На ўзгорку, дзе некалі быў праваслаўны храм (пазней разбураны), манах-езуіт у 1673 г. пабудаваў драўляную капліцу. Чутка пра цудатворны вобраз разышлася далёка, і ў Юравічы пацягнуліся багамольцы-паломнікі з самых розных месцаў. Сярод іх былі бедныя і знатныя, каталікі, і праваслаўныя. Ужо з 70-х гадоў XVII ст. з’яўляюцца спецыяльна складзеныя малітвы, а таксама духоўныя спевы, пропаведзі і вершы, ёй прыносяцца багатыя дары.

Колькасць паломнікаў да святыні павялічвалася з года ў год. Нават з кіеўскіх пячор ішлі хрэсныя ходы з харугвамі да Юравічаў, каб памаліцца перад цудатворным вобразам. Пра цуды, якія адбываліся па малітвах да Божае Маці, распавядае кніга Ф. Колерта, выдадзеная ў 1755 г. у Нясвіжы на польскай мове.

З 1715 г. ікона знаходзілася ў Юравіцкім саборы і лічылася апякункай усяго Палесся. У пачатку ХХ ст., пасля закрыцця Юравіцкага храма, ікона перавезена ў Польшчу і змешчана ў касцёле святой Варвары ў Кракаве. Там яна знаходзіцца і цяпер.

Аднойдзены старажытны спісак іконы Божае Маці “Юравіцкая-Міласэрная» знаходзіцца ў Юравіцкім у гонар Нараджэння Багародзіцы мужчынскім манастыры Тураўскай епархіі. Урачысты хрэсны ход з іконай адбываецца штогод 13 верасня.

Мазырскі р-н, в. Васькаўка. Васькаўская ікона Божае Маці. Народнае паданне паведамляе, што ў 1760 г. селянін Іван Дзідко з сяла Мялешкавічы Мазырскага павета ва ўрочышчы каля вёскі Васькаўка знайшоў вобраз Багародзіцы з Дзіцяткам. Ікона была ў незвычайным ззянні і знаходзілася сярод галін грушавага дрэва.

Неўзабаве на тым месцы памешчык Казімір Аскерка пабудаваў каплічку, а затым Крыжаўздзвіжанскую царкву, прыпісную да Мялешкавіцкай у гонар Нараджэння Багародзіцы. Па малітвах вернікаў перад іконай адбываліся цуды ацалення хворых. Некаторыя з цудаў зафіксаваны ў рукапіснай кнізе на польскай мове, якая ў XIX ст. захоўвалася ў архіве Мялешкавіцкай царквы.

У 1817 г. па ініцыятыве ўладальніка вёскі Васькаўка Сулістроўскага ікона перанесена ў Ельскую Свята-Троіцкую прыходскую царкву, а ў Васькаўцы застаўся спіс з яўленай святыні, большы па памерах за арыгінал.

У пачатку 1930-х гадоў Ельская царква была закрыта ўладамі, а ў яе будынку размясціўся калгасны склад. Цудатворная ікона некаторы час захоўвалася па дамах вернікаў, пазней яе сляды згубіліся.

У час Вялікай Айчыннай вайны прыход у Ельску быў адноўлены. У пасляваенны час па заказу вернікаў быў зроблены спіс Васькаўскай іконы, які таксама ўшаноўваецца як цудатворны. Святкаванне іконы здзяйсняецца штогод у Фаміну нядзелю.

г. Хойнікі. Хойніцкая ікона Божае Маці «Дабрадатнае Неба». Знаходзілася ў іканастасе Пакроўскай царквы, пабудаванай у Хойніках у 1705 г. Размяшчалася ікона злева ад царскай брамы. З глыбокай верай і надзеяй звярталіся мясцовыя жыхары да Божай Маці перад Яе іконай і заўсёды атрымлівалі належную дапамогу.

У 1922 г. царква была зачынена распараджэннем савецкай улады, а ў 1928 разбурана. Падчас рабавання царкоўнай маёмасці прыхаджанін Тарас Дашук вынес з храма ікону і захоўваў яе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Затым ікону пераносілі з хаты ў хату, хаваючы ад знішчэння.

Пасля ўзвядзення ў 1988 г. новай Пакроўскай царквы ікона вернута ў храм. У 2005 г. ўрачыста адзначалася 300-годдзе Хойніцкай іконы Божае Маці «Дабрадатнае Неба». Святкаванне ў яе гонар здзяйсняецца 19 сакавіка (н.ст.).


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.