Шэсце мошчаў прападобнай Еўфрасінні па Дняпры

3 мая заканчваецца плаванне святых мошчаў па рацэ Днепр. У гэты дзень воды Дняпра, якія некалі былі купеллю святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, а цяпер сталі шляхам перанясення святых мошчаў яго праўнучкі — прападобнай Еўфрасінні, княжны Полацкай, у Оршы Магілёўскай губерні павінны будуць разлучыцца з дарагою святыняй, якую яны неслі на працягу 12 дзён. Дняпро за гэтыя дні, паводле сведчання відавочцаў, уяўляў цудоўную небывалую карціну: усюды, дзе па берагах знаходзіліся паселішчы, народ хрэснымі ходамі, з запаленымі свечкамі, а па начах з кастрамі і пасхальнымі песнапеннямі сустракаў і праводзіў параход «Галавачоў», які вёз святыя мошчы прападобнай Еўфрасінні. Пры набліжэнні парахода да месцаў размяшчэння хрэсных хадоў увесь народ падаў на калені і голасна ўсклікаў: «Прападобная маці Еўфрасіння, малі Бога за нас!» А на параходзе ў гэты час спяваліся малебныя песнапенні, далёка разносілася велічанне прападобнай. Гэта спявалі свяшчэннаслужыцелі і манахіні, якія суправаджалі мошчы. Карціна была неапісальна ўрачыстай і кранальнай. Пачуцці захаплення міжволі напаўнялі сэрцы ўсіх, хто быў відавочцам гэтай падзеі. Яшчэ больш урачыстае і велічнае відовішча ўяўлялі месцы прыпынкаў з мошчамі прападобнай. Такімі шчаслівымі месцамі аказаліся мястэчка Любеч Чарнігаўскай губерні, горад Рэчыца Мінскай губерні, мястэчка Жлобін, гарады Рагачоў, Стары Быхаў, Магілёў, Орша Магілёўскай губерні.

У горадзе Любеч на параходную прыстань для вынясення з парахода святых мошчаў выйшаў хрэсны ход на чале з епіскапам Ноўгарад-Северскім Нестарам. У хрэсным ходзе прымалі ўдзел тысячы багамольцаў. На прыстань раней прыбылі графіня Міларадавіч — уладальніца мястэчка, начальнік Чарнігаўскай губерні Маклакаў з іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай улады. Пасля кароткага малебна мошчы ўрачыста перанесены духавенствам у суправаджэнні прадстаўнікоў уладаў да храма Праабражэння Гасподняга і ўстаноўлены на плошчы. Увесь шлях шэсця ад прыстані да храма быў упрыгожаны аркамі. У працэсіі ўдзельнічала мноства багамольцаў, а таксама выхаванцы навучальных устаноў, якія прыбылі з Чарнігава на спецыяльным параходзе. На плошчы перад храмам Праабражэння Гасподняга быў адпраўлены малебен прападобнай Еўфрасінні. Пасля пакланення мошчы на ноч былі пастаўлены ў храме.

На другі дзень пасля літургіі святыня ўрачыста перанесена на параход і ў суправаджэнні малітоўных песнапенняў накіравалася ў Рэчыцу Мінскай губерні, куды і прыбыла ў 9 гадзін раніцы. На прыстані яе ўрачыста сустракаў хрэсны ход на чале з епіскапам Мінскім і Тураўскім Міхаілам. Сярод масы багамольцаў былі прадстаўнікі грамадзянскай улады на чале з віцэ-губернатарам Межаковым-Каютавым. Горад быў упрыгожаны сцягамі па ўсім шляху шэсця святыні. Пасля ўрачыстага малебна, пры спевах велічання святыя мошчы ўрачыста перанесены на руках духавенствам ва Успенскі сабор. Па шляху ад прыстані ў сабор пеўчыя спявалі пасхальныя ірмасы з прыпевамі прападобнай і велічаннем. У саборы адбыўся малебен прападобнай Еўфрасінні, па сканчэнні якога было прамоўлена адпаведнае падзеі казанне.

Вечарам епіскапам Міхаілам з прысутным духавенствам адслужана ўрачыстае ўсяночнае трыванне, а на другі дзень — літургія з малебнам прападобнай. Пасля святыя мошчы перанесены на параход тым жа парадкам, як і пры сустрэчы. Адплыццё парахода суправаджалася спевамі велічання прападобнай. Хрэсны ход вярнуўся з параходнай прыстані пасля таго, як параход знік з далягляду.

27 красавіка ў 8 гадзін раніцы святыя мошчы прападобнай Еўфрасінні прыбылі ў Жлобін Магілёўскай губерні. На прыстані іх сустракалі магілёўскі губернатар А.І. Пільц, рагачоўскі павятовы прадвадзіцель дваранства сп. Ваксель і мясцовае духавенства. Рака з мошчамі ў суправаджэнні настаяцеля Віцебскага Маркава манастыра архімандрыта Панцеляімана і масы народу пад спевы трапара прападобнай і пад гукі царкоўнага гімна “Коль славен…” перанесена ў Троіцкі храм, дзе быў адслужаны малебен. Затым святыя мошчы паставілі ў храме для пакланення.

Увесь шлях працэсіі быў усланы зелянінай і кветкамі, якія пасля праходжання працэсіі разбіраліся народам. Каля поўдня святыя мошчы са Жлобіна адплылі ў Рагачоў, дзе іх сустракаў Гомельскі епіскап Праасвяшчэнны Мітрафан з духавенствам, прадстаўнікамі грамадзянскіх і ваенных уладаў і вучнямі ўсіх навучальных устаноў. У суправаджэнні тысячнага натоўпу, пры гуках гімна ”Коль славен…” па галоўнай вуліцы, прыгожа абсаджанай высокімі пірамідальнымі таполямі, мошчы прападобнай Еўфрасінні былі перанесены ў Аляксандра-Неўскі сабор. Шлях, па якім рухалася працэсія, быў упрыгожаны кветкамі і зелянінай, усцяж стаялі тысячы багамольцаў, якія прыйшлі з усіх наваколляў. Затым епіскапам Мітрафанам разам з духавенствам было адслужана ўрачыстае ўсяночнае трыванне, а на другі дзень — літургія.

Каля поўдня мошчы прападобнай Еўфрасінні з належнай пашанай былі перанесены на прыстань і адплылі ў Стары Быхаў, дзе іх таксама сустракаў Гомельскі Праасвяшчэнны Мітрафан. У перанясенні мошчаў у саборную царкву прыняло ўдзел усё духавенства горада і ваколіц, а таксама начальнік губерні Пільц са шматлікімі прадстаўнікамі грамадзянскіх уладаў і тысячамі народу. Увесь шлях, якім рухалася працэсія, быў убраны аркамі, упрыгожаны гірляндамі з зеляніны і кветак. Пасля ўрачыстых богаслужэнняў вечарам і раніцой святыя мошчы перанесены тым жа парадкам на параходную прыстань для пераезду ў горад Магілёў, куды яны прыбылі ў 10 гадзін раніцы 30 красавіка.

Тут, на ўпрыгожанай і абноўленай прыстані, мошчы сустракалі два епіскапы — Магілёўскі і Мсціслаўскі Сцяфан і Гомельскі Мітрафан. З-за стромкасці пад’ёму рђка са святымі мошчамі была паднята на спецыяльных насілках без сені, якую прымацавалі ўжо наверсе. У суправажджэнні двух епіскапаў, шматлікага гарадскога і сельскага духавенства, прадстаўнікоў уладаў, вучняў усіх навучальных устаноў святыя мошчы са спевамі былі перанесены ў кафедральны сабор. Горад быў упрыгожаны сцягамі і кветкамі. На шляху ўрачыстай працэсіі стаялі войскі і тысячы багамольцаў. Месцамі, пры паваротах вуліц і на спусках да прыстані ледзьве можна было прайсці, так многа было народу. У Магілёве святыя мошчы прабылі два дні і частку трэцяга. Паводле выпрацаванага Магілёўскім епархіяльным начальствам цырыманіялу ўвесь гэты час правіліся ўрачыстыя службы, 2 мая святыя мошчы прападобнай Еўфрасінні адплылі ў Оршу.

Полоцкие епархиальные ведомости, № 18.

С. 434–437


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.