Ушанаванне мошчаў прападобнай Еўфрасінні ў Віцебску, урачыстыя провады іх і перанясенне ў горад Полацк

 

Да раніцы 20 мая горад Полацк быў поўнасцю гатовы да ўрачыстай сустрэчы сваёй нябеснай апякункі. Галоўная Рыжская вуліца наўсцяж была ўпрыгожана зелянінай і сцягамі. Перад корпусным пляцам паводле праекта мастака Зыкава была ўладкавана вытанчаная арка з гербам горада (воін на кані) і надпісам на паўкружжы: ”Благаславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе”.

У гадзіну дня па тэлефоне атрымалі паведамленне пра вынясенне святыні з сяла Струнь, і адразу гучны благавест абвясціў пра пачатак сустрэчнага хрэснага хода з Полацкага сабора. У гэтым ходзе з’ядналіся ўсе хрэсныя ходы Лепельскага, Полацкага і Дзісненскага паветаў, якія прывялі з сабой тысячы паломнікаў. Працэсуальнай часткай шэсця загадвалі маскоўскія харугвеносцы на чале са старшынёй — купцом Міхаілам Львовічам Гуляевым. Наперадзе неслі папарна ліхтары, за імі — 60 вынасных крыжоў, далей каля 100 харугваў, столькі ж ікон. Затым ішлі навучэнцы, пеўчыя, шматлікае духавенства — 5 архімандрытаў, 8 протаіерэяў і 59 свяшчэннікаў на чале з архіпастырамі. За імі — генералітэт з вялікімі князямі — Канстанцінам і Ігарам Канстанцінавічамі, ігуменні манастыроў, прадстаўнікі гарадской управы і 30 валасных старшын, прадстаўнікоў ад Паўночна-Заходняга краю. К тром гадзінам дня святыня была прынесена струньскім хрэсным ходам на сустрэчны пункт і пастаўлена на памост. Пачаўся малебен прападобнай Еўфрасінні.

Пасля сканчэння малебна працэсія са спевам велічання няспешна накіравалася ў гарадскі сабор. Тысячы багамольцаў імкнуліся дакрануцца да вечка грабніцы, якую асобна, са слязьмі і малітвамі, неслі манахіні. Спевы хораў — архіерэйскага, саборнага і настаўніцкай семінарыі, чаргаваліся з урачыстай музыкай кадэтаў і Арлоўскага палка, якія замыкалі працэсію.

Калі святыню паставілі ў саборы, пачалося служэнне ўсяночных трыванняў як у храме, так і на пляцы, у спецыяльна ўладкаванай капліцы, для тых багамольцаў, якія не змаглі ўмясціцца ў саборы. На ліцію і поліелей выходзілі архіерэі. А 10-й вечара, пасля сканчэння ўсяночнага трывання, пачалося няспыннае начное дзяжурства духавенства пры мошчах прападобнай. Служыліся малебны, ішла споведзь. З 10 да 12 гадзін ночы на корпусным пляцы стараннем протаіерэя Міхаіла Дуброўскага была наладжана дэманстрацыя карцін з жыцця прападобнай.

21 мая з 6 да 8-30 раніцы служылі раннія літургіі, на іх прычашчаліся багамольцы, а ў 9 гадзін пачалася Бажэственная літургія ў гарадскім саборы, якую ўзначаліў Высокапраасвяшчэнны Антоній, архіепіскап Валынскі ў саслужэнні чатырох архімандрытаў, 6 протаіерэяў і 4 свяшчэннікаў. Закончылася богаслужэнне малебным песнапеннем каля святых мошчаў, у ім удзельнічалі ўсе архіпастыры і ўсё прысутнае духавенства.

22 мая, пасля ранніх літургій у Сафійскім храме і левым прыдзеле гарадскога сабора, у 9 гадзін пачалася Бажэственная літургія ў галоўным прыдзеле сабора, якую здзейснілі тры архіпастыры — Кіеўскі, Валынскі і Полацка-Віцебскі ў саслужэнні 6 архімандрытаў і 6 протаіерэяў. Каля 11 гадзін раніцы корпусны пляц запоўнілі тысячы паломнікаў, якія прыйшлі хрэснымі ходамі з Невельскага, Полацкага і часткі Дрысенскага паветаў. Прадстаяцель невельскага хрэснага хода протаіерэй Пётр Пятроўскі, узыйшоўшы на памост капліцы, звярнуўся з красамоўным словам да запыленых і стомленых падарожнікаў, растлумачваючы рэлігійнае значэнне іх набожнага подзвігу. Затым саборна з усім духавенствам ён здзейсніў малебен перад вялікай іконаю прападобнай, якая з 20 мая знаходзілася ў капліцы.

 У 4 гадзіны дня саборны благавест абвясціў пра пачатак перанясення святых мошчаў прападобнай у Спаса-Еўфрасіннеўскую абіцель. Сельскія хрэсныя ходы аб’ядналіся ў грандыёзную працэсію, парадак якой быў той самы, што і 20 мая пры перанясенні святыні ў гарадскі сабор. Шэсце ўзначальвалі архіепіскап Валынскі і епіскапы Полацка-Віцебскі, Магілёўскі і Холмскі.

Высокапраасвяшчэнны мітрапаліт Флавіян[1] сустрэў святыню з хрэсным ходам на мяжы манастырскіх уладанняў каля аркі з надпісам: “Прыйдзі, радасць наша, прападобная маці Еўфрасіння”. У мітрапалічым хрэсным ходзе аб’ядналіся шматлікія працэсіі, прыведзеныя настаяцелем Дрысенскага сабора протаіерэем Е. Кушыным. Пасля пастаўлення святых мошчаў у манастырскім саборы пачалося служэнне ўсяночных трыванняў ва ўсіх храмах абіцелі, а таксама на пляцы паміж новым і старажытным храмамі, з выхадам на ліцію і велічанне архіпастыраў і ўсяго духавенства — 80 свяшчэннікаў, 6 архімандрытаў і 8 протаіерэяў.

У гарадскіх храмах — Свята-Мікалаеўскім, Сафійскім, Іаана-Багаслоўскім і адзінаверчым таксама правіліся ўсяночныя трыванні. 23 мая для прычасця багамольцаў, якія былі ў споведзі, служыліся раннія літургіі ў Сафійскім саборы, двух бакавых прыдзелах манастырскага сабора і іншых храмах манастыра. А 9-й раніцы 300 чалавек багамольцаў Сафійскага сабора прыйшлі хрэсным ходам у Спаса-Еўфрасіннеўскую абіцель, да пачатку мітрапалічага богаслужэння, у якім удзельнічалі ўсе архіпастыры, 4 архімандрыты, 8 протаіерэяў.

К 12 гадзінам дня ў манастыр прыйшоў другі хрэсны ход з гарадскога Мікалаеўскага сабора, які таксама прывёў шмат багамольцаў. Благачынны 1-й Полацкай акругі расставіў працэсіі вакол абодвух храмаў — старажытнага і новага, адкуль у гадзіну дня архіпастыры вынеслі святыню, абыйшлі з ёю абодва храмы і паставілі на падрыхтаванае месца ў старажытнай царкве. У 2 гадзіны дня ўсе ўдзельнікі ўрачыстасцяў і ганаровыя госці (да 400 асоб) былі на трапезе, прапанаванай ігуменняй манастыра Іларыёнай.

А 7-й вечара ў актавай зале Спаса-Еўфрасіннеўскага епархіяльнага жаночага вучылішча адбыўся брацкі сход, на якім былі заслуханы рэфераты па гісторыі і сучасным стане Полацкай епархіі.

Надзвычайны пад’ём рэлігійных пачуццяў шматлікіх вернікаў (звыш 55 тыс. за 20-23 мая), якія няспыннай плынню імкнуліся да святыні, прыгажосць і ўрачыстасць богаслужэнняў пакінулі шмат незабыўных уражанняў. І хоць гэтыя ўрачыстасці ўжо мінулі, але прыток богамольцаў да святыні працягваецца: здаровыя, жыццярадасныя людзі і пакрыўджаныя прыродай або няшчасцем калекі, запыленыя, у лапцях прасталюдзіны і элегантна апранутыя інтэлігенты няспынна ідуць ў святую абіцель, дзе спачываюць нятленныя мошчы нябеснай апякункі Беларусі.

Благачынны 1-й Полацкай акругі свяшчэннік А. Грыгаровіч

Полоцкие епархиальные ведомости, № 26. С. 629–635

Пераклад з рускай Лідзіі Кулажанка




[1]Флавіян (Гарадзецкі), мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі (1840-1915).


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.