Свяціцель Георгі Канісскі. Думкі

Сапраўдная малітва да Бога звяртаецца з вераю і надзеяй, не маючы ні каліва сумнення. Карабель, умацаваны на моцных якарах, непахісна пачуваецца сярод хваляў. Так і малітва мае свой якар моцны, ніякім бурам і хвалям непадуладны — Іісуса Хрыста, Сына Божага, дзеля Якога і праз Якога ўсё нам абяцаў дараваць Айцец Нябесны.

+ + +

Адзін пустэльнік праз усё жыццё сваё не мог прамовіць малітвы Гасподняй. Адно як скажа: “Ойча наш!” — раптам слязьмі абліецца, прызнаючы сябе нявартым называцца сынам такога Айца. Што вы пра гэта думаеце, задужа гаваркія малітвеннікі? Ці атрымаў той старац выратаванне?

+ + +

Для малітвы пост ёсць тое ж, што для птушкі — крылы.

+ + +

Малітва прабівае аблокі, узыходзіць на неба, як водар Авелевай ахвяры; усклікае да вушэй Госпада Саваофа, быццам кроў таго першага мучаніка веры. Яна на бесаў — агонь, на супастатаў — меч. Ёю Маісей Амаліка пасек; ёю Іісус Навін сонца затрымаў; ёю Ілля, як ключом, нябёсы замыкаў і адмыкаў, нізводзіў і дождж, і агонь. Ёю прарокі і апосталы шматлікія цуды і дзівосы тварылі. Ёю святыя мужы па водах хадзілі, у райскіх селішчах луналі. Яна і за наша жыццё вечнае хадайнічае і ўсё для часовага жыцця патрэбнае падае.

+ + +

Чым болей душа наша праз малітву набліжаецца да Бога, тым болей воблік яе прасвятляецца дзіўным святлом, быццам воблік і рызы Хрыстовы на Фаворы.

Не бачаць гэтага прасвятлення і ўбораў душэўных вочы нашы. Мы не бачым і самой душы сваёй: можа і душы той у нас няма? Але бачыць душа наша сваім зрокам убранне сваё — светлае яно альбо цёмнае, і згодна з тым ці суцяшаецца святлом сваім болей, чым ззяннем золата, ці саромеецца цемнаты сваёй больш, чым Каін пячаткі адпрэчання свайго.

+ + +

Калі грэшнік, не жадаючы пакаяцца ў беззаконнях сваіх, моліцца Багародзіцы і ўсклікае: “Радуйся!” — вітанне гэтае не менш абражае Яе, як і тое іудзейскае “радуйся”, калі распінацелі Хрыстовы, б’ючы па твары Божага Сына Яе, усклікалі: “Радуйся, Цару Іудзейскі!” Бо нераскаяны грэшнік — гэта новы распінацель Хрыста. Дык будзем шукаць заступлення і пакрову Яе, але перш пакінем грахі свае, бо калі будзем з грахамі, то ад рызы Сваёй адпрэчыць нас.

+ + +

Часовы век наш, поўны зла, ці ёсць век славы Сына Божага? Не, ён ганенне прынёс Яму ад іудзеяў, ды і цяпер няверуючыя не менш няславяць Яго. Але Ім, як сказаў Апостал, створана ўсё, бачнае і нябачнае (Кал. 1, 16). І прыйдзе час, калі бачнае і нябачнае злучацца і дружна ўзнясуць славу Богу Тварцу і адзінасутнаму Сыну Яго. Настане час, калі Першынец з мёртвых (Кал. 1, 16) пакажа Сваіх паслядоўнікаў, Першанароджаны з памерлых (1 Кар, 50, 20) укажа на брацію Сваю. Надыдзе час, калі іудзеі, што павесілі Яго на крыжы побач са злачынцамі, зноў убачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісці на воблаках нябесных (Мф. 24, 30). І тыя, што ўслед за іудзеямі цяпер адракаюцца ад Яго, тады, як распачнецца Яго суд, заплачуць па Ім.

+ + +

Душа бессмяротная ад тленнага цела, як птушка з разарванай сеткі весела вылецеўшы, узнімецца ў рай Богам насаджаны, дзе вечна квітнее дрэва жыцця, дзе месца Самому Хрысту і абраным Яго.

+ + +

Целы нашы, у трунах згніўшы і тленам стаўшы, уздымуцца з зямлі, як трава ўвесну, і, злучыўшыся з душамі, паўстануць і пакажуцца ўсяму небу перад вачамі Ангелаў і людзей, перад вачамі продкаў нашых і нашчадкаў, адны — як пшаніца, другія — як плевелы, чакаючы сярпоў ангельскіх і таго месца, якое прызначана асобна для пшаніцы і асобна для плевелаў.

+ + +

Хрыстос — Пастыр наш, Ён не дапусціць нас, авечак сваіх, блукаць вечна па зямлі, але збярэ ў нябесную агароджу. Хрыстос — Цар наш, Ён не пакіне нас, верных грамадзян сваіх, каб засталіся па-за Айчынаю. Хрыстос — Заканадаўца і Ваявода, таму не захоча прыняць пераможны вянец без воінаў, спадзвіжнікаў Сваіх. Хрыстос — наш Першасвятар, таму Ён не разлучыцца з прыхаджанамі Сваімі. Хрыстос — нам Галава, і мы як члены злучымся з Ім. Хрыстос — Жаніх наш, Ён возьме нас, нібы нявесту, у харомы нябесныя. Дык паслухаемся голасу Яго, як авечкі, а не козлішчы; падначалімся Яму, як грамадзяне, а не крамольнікі; паслужым, як воіны пад прысягаю, а не наёмнікі; станем вучнямі Яму, а не здраднікамі, і суставамі Яго, а не членамі адсохлымі; захаваем вернасць і абяцанні нашы, як нявеста, а не як распусніца.

+ + +

Увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзверы твае, памаліся Айцу твайму (Мф. 6, 6). Такой і ў адзіноце, і ў саборы малітва можа быць, калі малітоўнік адасобіцца ад усіх клопатаў і хваляванняў і застаецца маўклівым сярод навакольнага гоману; калі ён, абтросшы з пачуццяў сваіх усе жарсці і пажады, адзін на адзін з Богам гаворыць. Аўраам, ведучы сына свайго Ісаака на закаленне, кажа суправаджаючым яго рабам: застаньцеся вы тут з аслом, а я і сын пойдзем туды і паклонімся, і вернемся да вас (Быц. 22, 5).Так і той, хто па-сапраўднаму моліцца, загадвае жарсцям сваім, як рабам, адысці ад яго і чакаць, пакуль ён малітву сваю Богу, як Ісаака, у ахвяру прынясе. О, як далёка да гэтага малітвам нашым! Мы і ў адзіноце цэлы базар вакол сябе ствараем. Молячыся, мы і купляем, і прадаём, і гаспадаркай кіруем, і пра грошы клапоцімся, і з сябрамі прыемна час бавім, і на ворагаў узбройваемся, і аб прысмаках думаем, і за куфры свае трасёмся. Ці сапраўдная гэтая малітва і ці не горшая яна за базар, тлумам напоўнены? Дзе тут розум, які ўсведамляе словы свае? Дзе сэрца, што павінна прыляпіцца да Бога? Толькі вусны трубяць, і язык што кімвал брэнкае; а думкі — як птушкі ў паветры, ва ўсе бакі разлятаюцца; а сэрца — халоднае, як бяздушны труп, што закапаны разам з багаццем нашым.

+ + +

Калі ты молішся, то памятай, што Бог жадае паказаць не толькі людзям, але і самім Ангелам — альбо подзвіг твой, альбо няўважлівасць. Калі ты не атрымліваеш ад Яго таго дабра, што ў малітве просіш, не падай духам і не слабні ў подзвігу сваім; і ты хутка ўбачыш, што Бог, па ўсядобрай волі Сваёй, дае нам яшчэ лепшае і больш карыснае, чым мы прасілі.


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.