Свяціцель Георгі Канісскі. Думкі

+ + +

Спасіцель сказаў: калі ты прынесяш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі перш памірыся з братам тваім (Мф. 5, 23–24). Няхай ніхто не думае, быццам Хрыстос, пад іменем брата твайго, указвае на твайго таварыша, роўнага табе па сану, паходжанню або годнасці. Няпраўда: брат твой — гэта і самы апошні слуга твой: і па Адаму-праайцу, ад якога мы ўсе паходзім, і па новаму Адаму — Хрысту, Чыёй плоццю і крывёю ўсе мы жывімся, тым самым злучаючыся ў адно цэлае і робячыся між сабою братамі.

+ + +

Кожны дзень просім мы Айца нябеснага: даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым. Але мы самі сябе асуджаем і прымушаемБога, каб Ён ніколі не адпусціў нам даўгоў нашых — калі самі не адпускаем іх сваім даўжнікам. У Айца нябеснага гатовы адказ на такую просьбу нашу: ліхі раб! увесь доўг той я дараваў табе, бо ты ўпрасіў мяне; ці не належала і табе памілаваць таварыша твайго, як і я цябе памілаваў? (Мф. 18, 32-33).

+ + +

Дзе няма міру, там няма і ніякага дабра. О мір, жаданы мір! Блажэнная тая зямля, у якой ты пасяліўся, блажэнныя тыя людзі, якія табою цешацца. Блажэнныя міратворцы (Мф. 5, 9). А ў нас, здаецца, пануе сапраўднае змяшанне народаў. У нас ёсць і яўрэі, і самаране. Раздзелены не толькі нашы думкі, але і сумленне: падзелены вера і Цэрквы нашы. І гэтае раздзяленне пасяліла ў непрыяцеляў нашых непрымірымую да нас нянавісць, якая перадаецца ад бацькоў дзецям, у выніку — і дзеці малыя найперш ведаюць ворага свайго і ганіцеля, а не айца і дабрадзея. Адсюль такая варожасць, такія паклёпы, папрокі і азлабленне!.. Колькі ганенняў, мучэнняў, забойстваў! Слязьмі і крывёю новых вызнаўцаў Праваслаўя акроплены скірды і палі нашы. Колькі разбурэнняў, рабаванняў і гора! Колькі абрабавана маёнткаў — і па суду, і без суда! Колькі ўладальнікаў блукае без даху і без самага неабходнага! Багатыя збяднелі і згаладаліся. Дамы знатных гаспадароў апусцелі; многія старадаўнія роды зніклі. У храмах Божых гняздзяцца вораны, і маёмасць Спасіцеля — у руках распінацеляў Яго!

+ + +

Калі прымаем цела Хрыстова і п’ём кроў Яго, таямнічаю гэтай вячэраю ў адно з Ім злучаемся: Ён у нас жыве, а мы — у Ім. Гэты хлеб дае нам не толькі вечнае, але і блажэннае жыццё. Гэтай крывёю памачыўшы вусны свае, далёка праганяем ад сябе губіцеляў нашых, як ізраільцяне ў Егіпце, памазаўшы дзверы дамоў сваіх крывёю псхальнага агнца, збаўляліся ад караючага мяча Ангела Божага. З гэтым бясцэнным лекаваннем не баімся ні хваробы, ні смерці, ні тлення цела нашага.

+ + +

Іосіф, якога прадалі браты яго ў Егіпет, зрабіўшыся правіцелем царства, даў ім у валоданне самую багатую зямлю, што называлася Гесем. Сын Божы па бязмернай сваёй добрасці, злучыўшыся з нашаю прыродаю і такім чынам стаўшы Братам нашым, дае нам не нейкую частку прасторы нябеснай, але ўсё Царства непадзельна. Неба адкрыта для нас, прастолы прыгатаваны, абдымкі Бажэственнага Брата нашага чакаюць нас. Пойдзем жа, памкнёмся да Яго, але перш павінны мы скінуць з сябе ўвесь цяжар мірскі, што цягне нас да зямлі.

+ + +

Блажэнныя мёртвыя, якія паміраюць у Госпадзе! Так, прамаўляе Дух, яны адпачнуць ад працы сваёй, і справы іх ідуць услед за імі (Апак. 14, 13). Калі, згодна са словамі Тайнабачца, добрыя справы пойдуць у вечнасць следам за праведнікам, то, несумненна, справы дрэнныя таксама пойдуць за грэшнікам. Які невыносны цяжар! Добра, калі ў такім далёкім шляху знойдзем мы ў дапамогу сабе павадыроў, якія, напрыклад, пасланы былі да Лазара, як чытаем у прытчы Евангельскай: і сталася, што памёр убогі і аднесены быў Ангеламі на лона Аўраамава (Лк. 16, 22). Але Ангелы Божыя згаджаюцца несці на плячах сваіх беднага, голага, голадам аблегчанага, а не багацея, што абцяжараны залатымі тканінамі і сладастраснай сытасцю. Гора нам з-за беззаконняў, якіх больш, чым валасоў на галаве нашай! Такі цяжар на самае дно мора вогненнага нізрыне душы нашы. Што ж нам рабіць? Але не будзем адчайвацца: і акрамя Ангелаў, ёсць у нас надзейны памочнік. Менавіта на Яго ўказвае Прадцеча: вось Агнец Божы, што бярэ на Сябе грахі свету. Застаецца, такім чынам, і нам толькі на Яго ўскладаць духоўны свой цяжар.

+ + +

Спасіцель сказаў, што нас чакае цесны шлях, якім уваходзяць у жыццё вечнае. Напомнім жа, што ў цяснінах шляху гэтага гняздзяцца цэлыя полчышчы страшных разбойнікаў, г.зн. духаў злобы паднябесных. Яны і сцерагуць тут падарожных, і ловяць здыбычу сваю. Антоній вялікі бачыў, з якою яны злосцю душы чалавечыя, што хацелі ўзысці на неба, як мух, прыстуквалі і кідалі ў пекла. Але гэтыя разбойнікі голаму ад грахоў не страшныя: яны самі такіх галышоў баяцца і ад іх уцякаюць. А наўючаных грахамі вярблюдаў найболей высочваюць, і такая здабыча самая жаданая для іх.

+ + +

І сваіх авечак ён кліча па імёнах (Ін. 10, 3). Слова гэтае Спасіцель адрасуе нам, пастырам авечак славесных. Ці ведаем мы, браты-пастыры, па імені авечак нам даручаных? Ведаем, канечне, хоць і не ўсіх. Але па якіх прыкметах адных знаем, а другіх і знаць не жадаем? Адказ на гэта вельмі просты. Ведаем авечак тлустых, што малако даюць і воўну, г.зн. ведаем прыхаджан, што ў дастатку жывуць і ад дастатку свайго пастыру выдзяляюць; а ў бедных, ад якіх ні воўны, ні малака, мы і патрэбы не маем. Ды пра першых ведаем толькі даброты іх, промыслы, колькі ў іх хлеба, жывёлы, пчол; а ці багатыя яны Богам, ці ўмацоўваюцца ў Госпадзе і ў сіле крэпасці Яго, ці не хварэюць на які-небудзь грэх і ці не патрабуюць лекавання, пра тое зусім не клапоцімся.

+ + +

Страшны меч у руках дыявала. Што гэта за меч? Грэх наш. Якраз гэтым мячом ён раніць нас, як змей джалам. Біблейскі Давід наш перамог таго пякельнага Галіяфа і адабраў у яго з рук меч, але мы новымі грахамі новыя мячы яму падаём і таварышуем з ворагам нашым, такім лютым і зламысным.

+ + +

Той, хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю (Ін. 13, 18). А чаму паводзіць сябе так няўдзячны выхаванец? Не цяжка здагадацца. Каб зняважыць Дабрадзея свайго і славу Яго ў зямлю ўтаптаць. Але ці такая на самай справе сіла хлебасольства? Несумненна, наадварот, яна да любові і міласці схіляе. Заўважана, што нават змеі, якія пры дамах гняздзяцца, там зусім не шкодзяць, з малымі дзецьмі малако п’юць, а калі іх гоняць і б’юць — джала ў ход не пускаюць. Хлеб нават яд змяіны здольны зрабіць бясшкодным. Але акаянства Іуды пераўзышло нават лютасць змяіную. Сапраўды, тут бачым дзіўнае змаганне паміж духам правым і духам ілжывым, паміж духам дабра і духам зла і нянавісці. Іісус Хрыстос зміраную галаву Сваю да ног схіляе, а Іуда гордую нагу сваю на патаптанне галавы Яго ўзносіць. О! Як баліць тая рана, якая нанесена дабрадзею рукой няўдзячнага!

+ + +

Іуда не адчуваў святасці вячэры Хрыстовай. І ці мог ён адчуваць тое — разам з Пятром ды Іаанам — калі сэрцам ён не быў пры вячэры? А дзе ж было яго сэрца? У іудзеяў, ад якіх ён яшчэ не ўзяў срэбранікаў, абяцаных за здраду. Як справядліва сказана Спасіцелем: дзе ёсць скарб ваш, там будзе і сэрца ваша!

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.