Свяціцель Георгі Канісскі. Думкі

+ + +

Памятаючы раны Спасіцеля, сцеражыся, каб па прыкладзе Іуды зноў не раніць Яго. Ты не разумееш, як можна цяпер параніць Хрыста, што сядзіць па правую руку ад Айца Нябеснага. А я табе скажу: ранячы часткі цела Яго, невінаватых братоў, ты раніш і Самога Яго; бо Ён, паводле апостала, ёсць Галава цела Царквы (Кал. 1, 18). Не можа быць, каб Ён — Галава наша, не пакутаваў, калі церпяць часткі цела Яго. Сам мяркуй, як пакутуе галава твая, калі паранена рука або нага.

+ + +

Сляпы той, хто не бачыць святла сонечнага, але яшчэ горшыя сляпцы тыя, хто не бачыць святла праўды (Прам. Салам. 5, 6). Бо хто саграшыў — яны ці бацькі іх? Усе суды — і чалавечы, і Божы сцвярджаюць: і яны саграшылі, і бацькі іх. Саграшыў нягоднік-бацька, бо сына свайго з маленства навучыў картачнай гульні і паляванню з сабакамі, а не Закону Божаму і Евангельскім устанаўленням, навучыў салодкаму жыццю, гордасці, хітрасці сярод сябрыны, жорсткасці з падначаленымі. Саграшыла і няўдалая маці, бо дачку вучыла скокі і гулі ладзіць, а не шляхам Божым ісці; цела апранаць ва ўборы, а не душу ўпрыгожваць; люстэркі падносіла ёй, а не Евангелле — сапраўдны для веры і жыцця нашага ўзор. Саграшылі і неразумныя дзеці — бо ўвабралі нядобрае навучанне бацькоў і, беручы прыклад з іх распусты, ад беззаконня да беззаконня, як з каменя на камень, пераскоквалі, і не толькі пераймалі іх, але і пераўзышлі меру іх бессаромнасці ў семдзесят па сем разоў. Аднак прыйдзе грозны час, калі суд Божы здзейсніцца над іх слепанароджанымі душамі — і над бацькамі беззаконнымі, і дзецьмі іхнімі. Не глей пакладзе Ён на вочы, якія добраахвотна аслеплі, але агонь гневу Гасподняга падзе з неба на галаву іх. Не пашле памыцца ў купелі Сілаамскай, але пашле іх мучыцца ў геене вечнай. Хадзіце, — гаворыць Спасіцель, — пакуль святло маеце, веруйце ў святло, каб стаць сынамі святла (Ін. 35, 36).

+ + +

Няверуючым у цуды мы можам сказаць разам з блажэнным Аўгусцінам: ”Найбольшае з усіх цудаў ёсць тое, што дванаццаць чалавек, някніжных, няўзброеных, небагатых, прапаведуючых крыж, перамаглі не толькі цароў і правіцеляў зямлі, але і саміх багоў язычніцкіх, і цэлы свет Хрысту падначалілі”. Ты запярэчыш мне тым, што гэтыя пераможцы свету самі былі забіты, і ніводзін з іх не закончыў жыццё без мучэнняў, без крыжа, мяча і агню. Але вось мой кароткі адказ: на тое і пасланы былі гэтыя пераможцы сваім Ваяводам: Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў… Будуць аддаваць вас на судзілішчы і ў сінагогах сваіх будуць біць вас (Мф. 10, 16-17). Папраўдзе асаблівым цудам свету і пячаткай ісціны Евангельскай і з’яўляецца пакутніцкая смерць пасланцоў-пераможцаў. Але глядзі, што далей было з гэтымі забітымі. Цары прах іх ушаноўваюць і, адклаўшы парфіру і вянец, замілавана схіляюць калені перад грабніцамі іх.

+ + +

Нідзе не пішуць пра тое, што язычнікі пакутавалі за сваіх ідалаў так, як мучанікі хрысціянскія за веру Хрыстову. Ды і ў цяперашніх багаборчых суполках атэістаў і натуралістаў, у галоўных гнёздах іх, у Францыі і Англіі ці знайшоўся хоць адзін такі руплівец, каторы б за бязбожнасць сваю і натуралізм добраахвотна на мукі адважыўся?

+ + +

Пакаянне ператварае горыч посту ў слодыч, а цягату ўсяночных трыванняў — у спакой душы.

+ + +

Той двурушнік і перад Богам, і перад грамадствам, хто альбо лянуецца на пасадзе сваёй, альбо ператварае яе ў здабычу для сябе. Іншы грыміць указамі аб захаванні дзяржаўных інтарэсаў, маючы пры гэтым вопытных кантралёраў, якія ўсе гэтыя грамы і маланкі ажыццяўляюць — але не ў ваду, а ў кішэні яго, дзе тыя і знікаюць. Сапраўды, калі з такіх людзей сарваць маску двурушнасці, то правасудны правіцель паставіўся б да іх, як Давід, які гаворыць: “З ранку буду знішчаць усіх бязбожнікаў на зямлі, каб выкараніць з горада Гасподняга ўсіх, хто творыць беззаконне” (Псал. 100, 8).

+ + +

Гавораць многія: чаму малітвы нашы ні цудаў не твораць, ні зменаў да лепшага ў нас саміх не робяць. Але сорамна і ўспамінаць малітвы нашы! Пра іх можна тое ж сказаць, што сказаў адзін кормчы на караблі беззаконніку, які быў там. Калі ў час моцнай і небяспечнай буры ўсе пасажыры на караблі звярнуліся да малітвы, а разам з імі і той беззаконнік штось мармытаў, то кормчы спыніў яго словамі: “Ты лепей памаўчы. Не ведае пакуль Бог, што і ты з намі, і таму паміж адчаем і надзеяй знаходзімся; а як пачуе тваю малітву, дык і мы загінулі”. Ці вартая малітва імя свайго, калі яна адно на вуснах значыцца, а розум не памятае і не ведае, што балбоча язык? Чытаем: пачуй, Госпадзі, словы мае, зразумей сказанае мною, а самі ні слоў сваіх не чуем, ні сказанага намі не разумеем. Ці ж ператворыць такая малітва нас, нявартых і грэшных, у добрых і богаўгодных? Грэшнымі ў царкву прыходзім, а яшчэ больш грэшнымі выходзім.

+ + +

Ці важныя добрыя справы дзеля нашага спасення? Я патлумачу табе пытанне гэтае прыкладам. Вазьмі невялікі кавалак медзі і занясі яго на базар; там за яго ты нічога не купіш. Усялякі з насмешкаю скажа табе вядомую прымаўку: “Пакладзі капейку, дык купіш калач”. Аднак калі такі ж метал будзе мець аблічча Гасудара твайго ці іншы знак яго манеты, то набудзеш за яго ўсё што заўгодна. Гэтак жа і справы нашы. Калі ты не маеш веры і спадзявання на Хрыста Спасіцеля, не пабойся прызнаць, што справы твае пустыя. Але да такіх самых спраў далучы веру і спадзяванне на Яго, тады яны будуць мець сэнс; і калі патрэбна табе адкупіцца ад грахоў ці купіць нябеснае вечнае суцяшэнне — за іх купіш без сумніву.

+ + +

Мы спазнаём розумам душы, а цялесныя вочы як быццам акуляры, праз якія нашы душэўныя вочы пазіраюць.

+ + +

Роў беззаконняў мяжуе з пякельнаю прорваю.

+ + +

У жыцці цяперашнім мы настолькі грэшныя, што хоць унутраны чалавек у нас і хоча быць праведным, але знешні не мае для таго сілы. І наадварот, у будучым жыцці сваім мы настолькі будзем святымі, што ўжо не станем грашыць, ды і не захочам.

+ + +

Аддайце ўсе багацці свету бязбожнікам, а набожным пакіньце, пры ўсёй іх беднасці і прыніжанасці, адно толькі спадзяванне на волю Божую. Што з гэтага будзе? Ці пазайздросцяць яны багаццю? Але яны яго лічаць пяском зямным; і калі трапляе ім куча золата, то ім трэба толькі пераступіць гэты камень спатыкнення, як зрабіў гэта святы Сімяон юродзівы. Толькі і клопату — маліцца Богу аб тым, каб Ён адняў у іх памяць пра месца, дзе гэта золата знаходзілася, як маліліся прападобныя айцы Пячэрскія — Васілій і Фёдар. Ці ўразяць іх вочы бляск камянёў каштоўных, ззянне дарагіх вісонаў? Дык яны, хоць і рыззём прыкрытыя, пасмяюцца з такой бліскучай, але цяжкай ношы. Для іх дастаткова таго, што душа іх свеціцца дабрадзейнасцямі, больш за ўсе бісеры, а вісон іх, як і ў нявесты Агнца, гэта праведнасць святых (Апак. 19, 8). Ці клапоцяцца яны пра здароўе і працягласць жыцця? Не, разам з апосталам Паўлам яны ўсклікаюць: хочацца развязацца і быць з Хрыстом (Філ. 1, 23). Пра тое ўздыхаем, каб уасяліцца нам у нябеснае наша жыллё (2 Кар. 5, 2). Так воля Божая ў сэрцах выбраных перамагае ўсё і ўсіх!

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.