Свяціцель Георгі Канісскі. Думкі

+ + +

Дзе пшаніца Хрыстова ўзрастае без калючак, што заглушаюць яе? Дзе спакусы веку гэтага не падаўляюць набожнасці? Рэдкае сэрца глыбока ўбірае семя Слова Божага. Ці не ўсе ёсць камень, што вільгаці не мае, насення не прымае, пасеянаму ўзысці не дае і плоду вырасці не дазваляе? Ці мала ў нас драпежных варонаў геенскіх — натуралістаў, вальтэр’янцаў, масонаў, якія пры дарозе сядзяць і семя Слова Божага паядаюць? А абраннікі Божыя днём і ноччу дапытваюцца: дакуль, Уладару святы і праведны, не судзіш і не помсціш тым, што жывуць на зямлі, за кроў нашу? (Апак. 6, 10). Але як цяпер ёсць, так будзе і да сканчэння веку. Сам Спасіцель казаў: Сын чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі? (Лк. 18, 8).

+ + +

Калі Іаір прасіў Іісуса Хрыста наведаць дом яго, каб вылечыць хворую дачку, адзін з сяброў сказаў яму з выглядам адчаю: памерла дачка твая, не турбуй ужо Настаўніка (Лк. 8, 49). Так дыявал бянтэжыць грэшніка, і каб ён не прыйшоў ад беззаконняў сваіх да пакаяння, укладае ў сэрца яго нявер’е ў памілаванне Божае: “Не клапаціся, справа твая ўжо вырашана; як мёртваму далёка да ўваскрасення, так і табе да спасення”. Але таму вялікаму грэшніку таксама трэба сказаць суцяшальнае слова Хрыстова: “Не бойся, толькі веруй, і ўратаваны будзеш”.

+ + +

Блажэнныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Сонца аблічча Божага ў сэрцы чыстым заззяе, як у люстэрку. А сэрцы лжывых не займеюць таго блажэнства. Маска лжывасці іхняй будзе для іх вечна непранікальным покрывам.

+ + +

На страшным Судзе стане паблізу грэшніка дыявал і пакажа спіс незлічоных яго грэхападзенняў. Але стане тут жа і Агнец Божы, што бярэ на Сябеграхі свету, і пакажа раны Свае на руках, нагах і рабры, самыя відавочныя знакі таго, што Ён грахі нашы Сам узнёс целам Сваім на дрэва (1 Пят. 2, 24) і знішчыў рукапісанне, якое было супраць нас, прыбіўшы яго да крыжа (Кал. 2, 14). Тут раскаяны грэшнік, што ўсклаў цяжар грахоў сваіх на гэтага Агнца і вераю прыляпіўся да Хрыста, як частка да цэлага, смела скажа Праўдзе Божай: “Я навечна прывязаны да Хрыста, Сына Твайго, і дзе Ён будзе, там і я. На мучэнні Яго не пашлеш, — то і мяне таксама. Ён у Царстве Тваім і Сваім будзе вечна, — так і я разам з Ім.”

+ + +

Ці вялікае адрозненне паміж грэшным чалавекам і дыявалам? Абое заганарыліся супраць Айца свайго, абое захацелі зрабіцца роўнымі Яму і захапіць прастол Божы. Вось чаму правасуддзе Божае не пашкадавала ангелаў, якія саграшылі, а аддало іх на суд для пакарання. Так сама маглі абысціся і з чалавекам, які саграшыў. Але Айцец нябесны не дае нам па грахах і беззаконнях нашых. Ён у гневе сваім адрынуў бесаў, а нам, па міласэрнасці, у Сыне Сваім Адзінародным паслаў спасенне. Дык ці малая міласць Яго, што Ён нас, няверных і варожых рабоў, усынавіў і зрабіў нашчадкамі не толькі нябесных паселішчаў, але і вечнага Царства Свайго? (Гал. 4, 5, 7).

+ + +

Які зямны правіцель ажэніць сына свайго на блудніцы? А любоў Божая да грэшнікаў яўляе сабою такі няроўны і дзіўны, але вечны шлюбны саюз. Ён праз прарока Асію гаворыць: Палюблю не ўзлюбленую, і заручу цябе са Мною навек і заручу цябе са Мною ў праўдзе і судзе, у добрасці і міласэрнасці, і ты пазнаеш Госпада (Ас. 2, 19, 21, 23). Так і апостал Павел да карынфянаў, якія ўверавалі, напісаў: “я заручыў вас з адзіным мужам, каб прадсталі перад Хрыстом як чыстая дзева” (2 Кар. 11, 2).

 + + +

Дошка, на якой штось напісана, не можа прыняць іншага напісання, пакуль ранейшае не сцёрта будзе. Посуд, напоўнены вадою, не можа прыняць у сябе іншай вільгаці, пакуль ад першай не вызваліцца. Так не могуць прыняць у думкі і сэрца сваё любові Божай тыя, чые думкі і сэрца перапоўнены любоўю да зямнога свету.

+ + +

Жорсткай можа стаць любоў, раздражнёная абразаю. Добрыя справы, за якія атрымана няўдзячнасць, патрабуюць тым большай помсты. Што застаецца рабіць лекару, высмеянаму і выгнанаму ад хворага, калі не пакінуць яго на пагібель? Што застаецца рабіць бацьку, не кажу: са сваімі сынамі, але са сваімі няўдзячнымі прыёмнымі дзецьмі, якія ў слепаце і апантанасці самі раздзіраюць грамату дабрадатнага ўсынаўлення свайго і топчуць нагамі пячатку яе? Такая рэўнасная любоў Божая да нас! Не дзіўна тады, што па такой любові да нас Дух Божы часам яўляецца нам духам помсты, як ён, напрыклад, у адказ на блюзнерскую лжывасць раптоўна ўмярцвіў Ананію і Сапфіру (Дзеян. 5, 4, 9). Не дзіўна, што і грэх супраць Святога Духа, Настаўніка ісціны, раўніцеля благадаці, не адпускаецца ні ў гэтым, ні ў будучым веку, не адпускаецца малітваю ўсёй абшчыны і нават не ачышчаецца крываваю, крыжоваю ахвярай Сына Божага!

+ + +

Я не адказны за чужы грэх. Аднак калі чужы грэх творыцца па маёй радзе, са згоды альбо з-за неасцярожнага прыкладу, тады ён не толькі ляжыць на мне, але, як жорны, цісне на душу маю. Гора таму чалавеку, праз якога спакуса прыходзіць! (Мф. 18, 7). Сапраўды, грэх спакусы раней за мяне самаго і за маю смерць прадстане на Судзе Божым і пасля канчыны маёй пойдзе туды ж за мною. Скажу тое ж інакшымі словамі. Усе спакушаныя прыкладам маім і раней за мяне пакліканыя на суд Божы панеслі туды грахі мае. Так што ўжо гатовы для мяне мучэнні. Але і гэта не ўсё. Я памёр і перастаў грашыць, але ўсе спакушаныя мною і ўсе ад іх зноў спакушаемыя, што яшчэ засталіся ў гэтым жыцці, пасылаюць услед мне незлічоныя беззаконні ад аднаго прыкладу майго, як з аднаго балота выцекшыя. За гэта прыгатаваны мне новыя, асаблівыя мучэнні! Настолькі страшны грэх спакусы, страшней за шматгаловую Лернейскую гідру!

+ + +

Мудрыя дзевы ўзялі алею ў пасудзінах разам са свяцільнікамі, а неразумныя, узяўшы свяцільнікі свае, не ўзялі з сабою алею (Мф. 25, 3, 4). У гэтай прытчы свяцільнікі абазначаюць веру, а алей — добрыя справы. Відавочна, што вера, колькі б ні ўпрыгожваў яе, — без добрых спраў мёртвая, як і свяцільнік, які б ні быў прыгожы, — без алею гасне. Відаць, што ісцінная мудрасць у тым, каб у гэтым жыцці ўзбагачацца добрымі справамі для жыцця будучага. А без гэтага запасу мы — неразумныя, хоць і вывучалі філасофію.

+ + +

Новыя Епікуры, як начныя матылькі, снуюць над свяцільнікам веры нашай і не раз спрабавалі патушыць яго крыламі сваімі, але адна малая іскрынка абпальвае іх; а калі прыгразіць ім, то яны гатовы адрачыся ад мудраванняў сваіх і ўсклікнуць да Іісуса, імі зняслаўленага: Табе адзінаму саграшыў. Так што нікчэмнае мудраванне іх.

+ + +

Вера без спраў ёсць бязвер’е, падобна як мярцвяк не ёсць чалавек, але труп смярдзючы і агідны. Чатырохдзённы мярцвяк Лазар для роднай сястры сваёй настолькі быў гідкім, што яна баялася дакрануцца да яго. Што казаць пра тое, наколькі агідная для Бога мёртвая вера наша, асабліва калі ёй не толькі чатыры гады, але і чатыры дзесяцігоддзі! Умацоўваемся верай, як быццам яна ў нас і жывая, і чыстая, але спытай пра добрыя справы яе? І мы, уздыхаючы, адказваем: “Дух бадзёры, плоць жа нямоглая!” Але ці асмелімся адказаць так на страшным Судзе Хрыстовым?

Паводле выдання: Конисский Георгий. Собр. соч. Ч. 1. Спб., 1861.

Пераклад і адаптацыя Галіны Каржанеўскай


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.