З гісторыі хрысціянства на Гродзеншчыне

У Гародні, адным са старажытных беларускіх гарадоў, і на Гарадзеншчыне пра распаўсюджанне хрысціянства і існаванне праваслаўных цэркваў вядома з XI ст. У XII ст. у Гародні былі ўжо мураваныя храмы, у летапісе пад 1183 годам чытаем: “Того же лета Городен погоре весь и церквы каменая от блистания молние и шибения грома”. Згодна з кіеўскім пацерыком, Горадзен і Ваўкавыск адносіліся да Кіеўскай мітраполіі і былі “у паслушанні” Тураўскай епіскапіі.

Найбольш старажытныя гарадзенскія храмы — Ніжняя (пабудавана ў 1130-я гг.) і Верхняя цэрквы (канец XIII — сярэдзіна XIV ст.), якія разам з яшчэ некалькімі цэрквамі-крэпасцямі атачалі Стары і Новы замкі. У XII ст. былі пабудаваны Прачысценская царква на Падзамчышчы, а таксама Уваскрасенскі храм (другая палова XII ст.). Мураваны храм быў пабудаваны і ў Ваўкавыску, рэшткі яго датуюцца археолагамі XII стагоддзем. У гэты час узнікла гродзенская архітэктурная школа храмавага будаўніцтва, якая вызначалася незвычайнай планавай структурай, манументальнасцю і своеасаблівым дэкорам фасадаў.

 Гісторыя храма ў гонар святых князёў Барыса і Глеба на высокім беразе Нёмана, што захаваўся да нашага часу, сведчыць пра вялікую любоў і шанаванне гарадзенцамі сваіх святыняў. Барыса-Глебская (Каложская) царква была ў 80-х гг. XII ст. закладзена гарадзенскім князем Мсціславам. Утрыманне храма і манастыра пры ім адбывалася дзякуючы падтрымцы мясцовага знатнага роду — Богуш-Багавіцінавічаў.

У XV ст. акрамя названых у Горадні дзейнічалі цэрквы ў імя свяціцеля Мікалая, святога Сімяона, Троіцкая, Крыжаўздзвіжанская. Да канца XVI ст. на Гарадзеншчыне дзейнічала даволі густая сетка праваслаўных храмаў. Вялікім аўтарытэтам карысталіся Супрасльскі Благавешчанскі і Заблудаўскі Успенскі манастыры, заснаваныя Аляксандрам і Грыгорыем Хадкевічамі ў XV ст. (цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча), а таксама Голдаўскі Лідскага павету і Жыровіцкі Успенскі манастыры (XVI ст.).

Ад часу прыняцця хрысціянства Гарадзенскія землі былі ў падначаленні Кіеўскіх мітрапалітаў, а з XIV ст. цэрквы і манастыры адносіліся да заснаванай Літоўска-Навагрудскай мітраполіі з цэнтрам у Навагрудку.

Пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. мітрапалічая кафедра ў Навагрудку перайшла да уніяцкага мітрапаліта. Пры падтрымцы каралеўскай улады Рэчы Паспалітай пачалося актыўнае ўвядзенне уніі і абмежаванне правоў праваслаўных. Праваслаўныя манастыры, храмы і царкоўная маёмасць перадаваліся уніятам. Пасля універсалу караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV (1633) аб вяртанні праваслаўным некаторых цэркваў і манастыроў было вернута 19 храмаў.

У другой палове XVI і ў XVII ст. на тэрыторыі Гарадзеншчыны каталіцкія ордэны актыўна засноўваюць свае касцёлы, кляштары, навучальныя ўстановы. Уніяцкі ордэн базыльянаў заснаваў пры былой праваслаўнай Прачысценскай царкве Гродзенскі жаночы манастыр у гонар Нараджэння Багародзіцы (1720), Навагрудскі Барыса-Глебскі (1632), Мірскі (1705), Дараўскі (1713) манастыры. Праваслаўнымі заставаліся толькі Яблачынскі ў гонар святога Ануфрыя і Голдаўскі ў гонар Нараджэння Багародзіцы манастыры.

На працягу XVIII ст. пераважная большасць храмаў і манастыроў Гродзеншчыны была падначалена уніяцкай іерархіі, а ў пачатку XIX ст. у Гродне не было ніводнага праваслаўнага храма. Збліжэнне уніі з лацінствам выклікала незадавальненне уніяцкага прыходскога духавенства, якое не падзяляла пазіцыю ордэна базыльян. Пасля I i II падзелаў Рэчы Паспалітай пачалося паступовае вяртанне уніятаў да праваслаўя.

Па просьбе вернікаў у 1804 г. гродзенскі фарны касцёл, апусцелы пасля пажару, быў пераасвячоны ў Сафійскі сабор. У 1843 г. утвораны Гродзенскі праваслаўны жаночы манастыр у гонар Нараджэння Багародзіцы.

У 1900 г. з часткі Літоўскай праваслаўнай епархіі ўтворана Гродзенская праваслаўная епархія з тытулам правячага архіерэя “епіскап Гродзенскі і Брэсцкі”. У 1900—1901 гг. у Гродзенскай губерні налічвалася 654 цэрквы, 4 манастыры, 1296 царкоўных школ. Праваслаўныя складалі пераважную частку насельніцтва (896 914 чал. на 1 600 000 усяго насельніцтва). У 1904—1915 гг. у Гродне дзейнічаў царкоўна-археалагічны камітэт, які займаўся зборам, вывучэннем і папулярызацыяй царкоўнай пісьмовай і матэрыяльнай культуры. Быў створаны музей (“сховішча старажытнасцей”), які размяшчаўся ў памяшканні Барыса-Глебскага манастыра. Пра вынікі дзейнасці царкоўна-археалагічнага камітэта пастаянна паведамлялі “Гродзенскія епархіяльныя ведамасці”.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.