З гісторыі хрысціянства на Гродзеншчыне

У 1923 г. частка Гродзенскай епархіі (тэрыторыя Беластоцкага і Навагрудскага ваяводстваў) увайшла ў склад Польскай праваслаўнай аўтакефальнай царквы. Шмат цэркваў польскімі ўладамі было зачынена або перададзена католікам. У Гродзенскай епархіі было адабрана каля 100 храмаў, у тым ліку кафедральны сабор у Гродне, старажытная Мураванкаўская царква, гарадскі сабор у Лідзе. У пачатку 1920-х гг. прыходаў у епархіі налічвалася не больш за 200, дзейнічалі два манастыры — Жыровіцкі Успенскі і Нараджэння Багародзіцы ў Гродне.

Ва ўмовах палітыкі паланізацыі і акаталічвання беларускага насельніцтва праваслаўныя іерархі і частка святарства сталі на шлях супрацоўніцтва з уладамі і міжволі былі ўцягнуты ў працэс паланізацыі Праваслаўнай царквы. Набажэнствы на польскай мове адбыліся ў 1935 г. у кафедральным саборы Беластока і ў гарнізоннай царкве ў Гродне. У 1938 г. у Гродне быў створаны Праваслаўны навукова-выдавецкі інстытут, які займаўся выданнем прапагандысцкіх брашур выключна на польскай мове і ў польскім нацыянальным духу. У 1938 г. паводле распараджэння польскага ўрада былі разбураны вайсковая гарнізонная царква Аляксандра Неўскага ў Гродне і недабудаваны сабор у Беластоку.

У 1939 г. з пачаткам другой сусветнай вайны на былых польскіх землях было ўтворана так званае генерал-губернатарства, а Польская аўтакефальная царква страціла Валынскую, Віленскую, Палескую і большую частку Гродзенскай епархіі. Тая частка Гродзенскай епархіі, якая была ў складзе БССР, у 1939 г. увайшла ў падпарадкаванне Маскоўскага Патрыярхату. Гродзенская епархія налічвала тады каля 300 прыходаў і распаўсюджвалася на тэрыторыю былых епархій Палескай і Гродзенскай. Але з 1941 г. ва ўмовах нямецкай акупацыі сувязь з Масквой была перарвана. У 1942г. на саборы беларускіх епіскапаў прынята рашэнне на тэрыторыі акупаванай Беларусі стварыць шэсць праваслаўных епархій, у тым ліку — Гродзенскую, якія ўваходзілі ў склад “Праваслаўнай Беларускай аўтакефальнай царквы” (1942—1944). Для кіраўніцтва прыходамі Гродзеншчыны, далучанымі нямецкімі акупацыйнымі ўладамі да Усходняй Прусіі, быў прызначаны епіскап Венедыкт (Навіцкі). У час вайны на тэрыторыі Гродзенскай епархіі дзейнічала 184 храмы. У Гродне, Жыровічах і Навагрудку былі адкрыты курсы па падрыхтоўцы святароў.

Пасля вызвалення тэрыторыі вобласці ад нямецкай акупацыі епархія перайшла ў кананічнае падпарадкаванне Маскоўскага Патрыярхату.

 У 1953 г. у сувязі з антырэлігійнай палітыкай савецкай улады Гродзенская епархія была скасавана, а яе тэрыторыя ўвайшла ў склад Мінска-Беларускай праваслаўнай епархіі. У гэты час, нягледзечы на ўціск з боку ўлад, працягваў дзейнічаць Гродзенскі Нараджэння Багародзіцы манастыр з 65 сёстрамі-манахінямі. Але згодна з пастановай Савета Міністраў СССР ад 16.10.1959г. “Аб манастырах” апошні быў зачынены, а насельніцы выселены ў Жыровічы. На працягу толькі аднаго 1960 г. у Гродзенскай вобласці перасталі дзейнічаць 53 храмы, да 1985 г. іх было закрыта 156, засталіся дзейнічаць толькі 73.

З другой паловы 1980-х гг. пачалося паступовае адраджэнне царкоўнага жыцця. У 1992 г. адноўлена Гродзенская епархія. Межы яе распаўсюджваюцца на 8 раёнаў Гродзенскай вобласці. У царкоўна-адміністрацыйных адносінах епархія падзелена на 7 благачынніцкіх акруг: Гродзенскую, Ваўкавыскую, Бераставіцкую, Зэльвенскую, Мастоўскую, Свіслацкую і Шчучынскую. У 1992г. адноўлены манастыр Нараджэння Багародзіцы ў Гродне, праваслаўным вернікам вернута старажытная Каложская царква.

У пачатку 2009 г. у Гродзенскай епархіі налічвалася 90 абшчын, дзейнічалі 84 храмы. Пастырскае служэнне здзяйснялі 75 святароў, 7 дыяканаў. Выдаецца газета “Гродненские епархиальные ведомости”. Сайт Гродзенскай епархіі: http://orthos.org



Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.