Духоўныя святыні Гродзенскай епархіі

Гродна. У XIX ст. у Гродне быў храм у гонар першых хрысціянскіх мучанікаў на беларускіх землях — святых Антонія, Іаана і Яўстафія. Глыбока ўшаноўваюцца святыя мучанікі на Гродзеншчыне і сёння. Антоній, Іаан і Яўстафій пацярпелі за Хрыста пры вялікім князі літоўскім Альгердзе ў 1347 г. Два прыдворныя князя, родныя браты Няжыла і Кумец, тайна прынялі ад святара Нестара хрышчэнне і атрымалі імёны Антоній і Іаан. Праз нейкі час князь абвінаваціў братоў у адступніцтве ад паганства, яны публічна прызналі сябе хрысціянамі. Князь загадаў пасадзіць іх у вязніцу. Натоўпы народу прыходзілі туды, каб пачуць пропаведзі мучанікаў, і шмат каго святыя браты звярнулі да Хрыста. Напалоханыя паганскія жрацы патрабавалі пакарання братоў. Раніцай 14 красавіка (27 красавіка па н.ст.) 1347 г. мучанік Антоній быў павешаны на дубе, 24 красавіка загінуў святы Іаан, а цела яго было павешана на тым самым дубе.

Трэцім мучанікам за веру Хрыстову стаў Круглец. Пры хрышчэнні святар Нестар даў яму імя Яўстафій. Аднойчы ён прылюдна вызнаў сябе хрысціянінам, адмовіўшыся есці мяса з прычыны посту. Яго жорстка катавалі, пасля чаго павесілі на тым самым дубе, дзе раней прынялі мучаніцкую смерць Антоній і Іаан. Адбылося гэта 13 снежня 1347 г.

На месцы пакарання смерцю святых мучанікаў паводле жадання праваслаўнай жонкі князя Альгерда Юльяніі была пабудавана капліца, а затым князем Канстанцінам Астрожскім узведзены храм у імя Святой Троіцы.

У 1374 г. Віленскія мучанікі былі кананізаваны Усяленскім Патрыярхам Філафеем, па яго волі часцінку мошчаў святых перанеслі ў Сафійскі сабор Канстанцінопаля. У XVI ст. мошчы святых Антонія, Іаана і Яўстафія перанеслі ў віленскі Свята-Духаў манастыр і размясцілі ў крыптавай царкве. Падчас Другой сусветнай вайны мошчы былі эвакуіраваны ў Маскву. Вяртанне іх адбылося 26 ліпеня 1946 г. Гэты дзень штогод урачыста адзначаецца ў Віленскім Свята-Духавым манастыры, а таксама вернікамі па ўсёй Беларусі.

Мучанік Гаўрыіл Беластоцкі. Да 1998 г., да перанясення ў Беласток, у Гродзенскім Пакроўскім саборы захоўваліся мошчы мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага. У 1684 г. у в. Звяркі Заблудаўскага прыхода (цяпер тэрыторыя Польшчы), у сям’і пабожных сялян Пятра і Анастасіі Гоўдзеляў нарадзілася дзіця. Хрысцілі дзіцятка з імем Гаўрыіл у храме Успенскага Заблудаўскага манастыра. Шасцігадоваму Гаўрыілу былі ўласцівыя незвычайныя ў яго ўзросце якасці душы: удумлівасць, схільнасць да малітвы і адзіноты.

Аднойчы, калі маці Гаўрыіла панесла абед мужу, які араў поле, у дом увайшоў арандатар і выкраў хлопчыка. Дзіця было тайна вывезена ў Беласток і аддадзена на жорсткія мучэнні. Праз пэўны час цела замардаванага Гаўрыіла было знойдзена на ўскрайку лесу, але заставалася непашкоджаным ні звярмі, ні птушкамі. Бацькі і ўсхваляваныя вяскоўцы пахавалі дзіцятка на могілках у Звярках. Там цела мучанініка спачывала каля 30 гадоў.

На пачатку XVIII ст. усю тэрыторыю цяперашняй Беласточчыны ахапіла эпідэмія, ахвяраю якой зрабіліся тысячы людзей, у тым ліку са Звяркоў. На могілках, у час чарговага пахавання, выпадкова была зачэплена і прыадчынена труна дзіцяткі. Цела мучаніка аказалася нятленным. Вестка пра гэта імгненна разнеслася па наваколлі, і мошчы дзіцяткі Гаўрыіла былі перанесены ў асобную крыпту Звяркоўскага храма. У 1746 г. храм згарэў, аднак мошчы засталіся непашкоджанымі.

У цяжкія для праваслаўных жыхароў Беласточчыны гады мошчы святога мучаніка Гаўрыіла былі перавезены ў Слуцкі Свята-Троіцкі манастыр. У час Першай сусветнай вайны эвакуіраваны ў Маскву, знаходзіліся ў саборы Васілія Блажэннага на Краснай плошчы. Пасля яны пераносіліся ў Мінск і ў Гродна. У 1992 г. мошчы святога Гаўрыіла ўрачыста перанесены ў Беласток (Польшча) і змешчаны ў кафедральным саборы ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца.

У Гродне, у Свята-Пакроўскім саборы, захоўваецца часцінка святых мошчаў. Дзень памяці мучаніка Гаўрыіла — 3 мая. Паводле пераканання вернікаў, дзіцятка Гаўрыіл з’яўляецца малітоўным заступнікам хворых і пакінутых дзяцей.

+ + +

Гродна. Гродзенская Ніжняя царква. Пабудавана ў XII ст. з цэглы-плінфы як саборная на тэрыторыі Старога замка. Гэта была першая мураваная пабудова ў старажытнай Гародні. Храм быў шасцістоўпны, трохнефны, з трыма апсідамі. Згодна з Іпацьеўскім летапісам, у 1183 г. адбыўся пажар, які прывёў царкву да разбурэння. У XIII—XIV стст. на рэштках Ніжняй царквы пабудавана Верхняя, якая існавала як замкавая да апошняй чвэрці XVI ст. і была разабрана ў час будаўніцтва замка Стэфана Баторыя.

Гродна. Манастыр у гонар святых Барыса і Глеба —самы старажытны на Гродзеншчыне. Манашаскае жыццё вакол царквы ў гонар першых рускіх святых Барыса і Глеба, што да сёння стаіць на правым беразе Нёмана, зарадзілася вельмі даўно. Царква была ўзведзена ў XII ст. князем Мсціславам Усеваладавічам і ўяўляе сабой помнік у стылі візантыйскага і старажытнарускага дойлідства з мясцовымі архітэктурнымі асаблівасцямі. Храм аднакупальны, трохнефны, на пяці слупах. Быў аздоблены фрэскавым роспісам, які не захаваўся да нашага часу. З левага боку размяшчаўся ўваход у склеп-пахавальню. Скляпенні і верхняя частка сцен былі знішчаны пры асадзе Гродна каралём Карлам XII у час Паўночнай вайны.

 Мужчынскі манастыр пры царкве заснаваны каля 1480 г. Захавалася дакументальнае сведчанне, што ў гэтым годзе вялікі князь літоўскі Аляксандр з жонкай Аленай падаравалі манастыру сад каля Каложы. Вялікія зямельныя надзелы ахвяраваў манастыру шляхціц Богуш Богавіцінавіч, пра што сведчаць пісьмовыя дакументы. Ён грунтоўна аднавіў царкву святых Барыса і Глеба ў пачатку XVIст. пасля разбурэння яе крыжакамі. Паводле завяшчання, быў пахаваны у гэтай жа царкве каля алтарнага слупа. Значную падтрымку манастыру аказвалі вялікі князь Аляксандр і кароль ЖыгімонтI Стары. Глыбока ўшаноўвалася вернікамі цудадзейная Каложская ікона Божае Маці, якая знаходзілася ў Барыса-Глебскай царкве. У другой палове XVI ст., карыстаючыся правам патранату, манастыром кіравалі свецкія людзі. У дакументах гаворыцца, што яны разганялі манахаў, растрачвалі манастырскую маёмасць. Пастановай сейма 1635 г. манастыр быў падпарадкаваны уніятам і перададзены “віленскім базыльянам”.

Знішчальныя войны XVII ст. давялі манастыр да заняпаду. Маскоўскія войскі Івана Васілевіча выкарыстоўвалі Барыса-Глебскую царкву як артылерыйскі плацдарм для абстрэлу гродзенскага замка. У 1839 г. пасля скасавання уніі манастыр вернуты ў праваслаўе. На той час у манастыры знаходзілася 15 манахаў. Манаскія келлі былі драўляныя, размяшчаліся вакол Барыса-Глебскай царквы. З XVIII ст. над царквой навісла пагроза абвалу сцен з прычыны падмыву берагоў Нёмана. Таму ў 1843 г. яна была закрыта. У 1853 г. паўднёвая сцяна і частка заходняй абваліліся ў Нёман. З гэтага часу манастыр быў пераведзены ў будынкі былога каталіцкага манастыра бернардзінак, туды ж перанесена і цудадзейная ікона Божае Маці.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.