Духоўныя святыні Гродзенскай епархіі

У пачатку XX ст. у манастырскім комплексе налічваліся тры храмы: мураваны Барыса-Глебскі (1612) з цудадзейнай Каложскай іконай Божае Маці, дамовы ў гонар свяціцеля Мітрафана Варонежскага (1859) і трапезны ў імя святога Афанасія Брэсцкага (1893). Пры манастыры дзейнічаў прытулак для малалетніх сірот і царкоўнапрыходская школа.

У новых будынках пры манастыры знаходзілася рэзідэнцыя Брэсцкіх епіскапаў. Пры епіскапе Іосіфе (Сакалове) была пабудавана новая царква ў гонар святога Афанасія, ігумена Брэсцкага. Дзякуючы намаганням епіскапа пачалася адбудова старажытнай Барыса-Глебскай Каложскай царквы. У 1915 г. з пачаткам Першай сусветнай вайны манастыр эвакуіравалі ў глыб Расіі. Манахі забралі з сабой і цудадзейную ікону. Назад у Гродна яны ўжо не вярнуліся. Страчаны след і цудатворнай святыні.

Старажытная Барыса-Глебская царква ў савецкі час была закрыта, у 1948 г. перададзена гісторыка-археалагічнаму музею. У 1990-я гг. вернута Царкве, тут адноўлены праваслаўны прыход. Пры ім дзейнічае брацтва, якое займаецца асветніцкай і сацыяльнай дзейнасцю.

Гродзенскі жаночы манастыр Нараджэння Багародзіцы. У XVI ст. у Гродне была праваслаўная царква Нараджэння Багародзіцы (Прачысценская), заснаванне якой адносіцца да XII ст. У 1565 г. пры ёй былі адкрыты шпіталь і прытулак для бедных. У 1633 г. пры царкве пасяліліся віленскія базыльянкі. У 1642 г. уніяцкі мітрапаліт Анастасій Сялява перадаў базыльянкам зямельныя надзелы “аж да каралеўскага замка”. У час пажару 1647 г. Прачысценская царква згарэла, пасля чаго пачалася адбудова новай драўлянай царквы і манастырскіх памяшканняў. Але і яны ў 1728 г. пацярпелі ад стыхіі агню. З 1720 г. на сродкі уніяцкага мітрапаліта Льва Кішкі вялося будаўніцтва новай мураванай царквы, закончанае ў 1751 г. Пасля скасавання уніі пры ёй жылі дзве манашкі-базыльянкі.

У 1843 г. па прапанове Магілёўскага архіепіскапа Ісідара сюды было пераведзена 11 манахінь з праваслаўных манастыроў Магілёўшчыны. У 1845 г. манастыру была перададзена царква з былога манастыра баніфратраў, асвячоная як Прачысценская. У 1864 г. пры манастыры заснаваны прытулак для дзяўчат-сірот, якія паходзілі з сем’яў духавенства і беднага чыноўніцтва. У 1866 г. пабудавана яшчэ адна царква, асвячоная ў гонар прападобнага Сергія Раданежскага, заснавана бібліятэка.

Асабліва шанаванай святыняй манастыра была Уладзімірская ікона Божае Маці, якая праславілася шматлікімі цудамі ацаленняў тых, хто з малітвай звяртаўся да Божае Маці за дапамогай і заступніцтвам.

У 1901 г. у сувязі з тым, што да сцен манастыра ўшчыльную падступалі дзве тытунёвыя фабрыкі, ён быў перанесены ў будынкі былога дамініканскага кляштара ў Краснастоку (цяпер Беласточчына, Польшча). У Гродне засталіся і працягвалі жыць некалькі манахінь. У 1914 г. у час першай сусветнай вайны манастырская царква згарэла, у 1927 адноўлена. У 1959 г. тут жыло 58 насельніц. У 1960 г. манастыр закрыты ўладамі, а насельніцы выселены ў Жыровічы. У манастырскіх будынках у 1977–1992 размяшчаўся музей гісторыі рэлігіі.

Аднаўленне дзейнасці Гродзенскага манастыра ў гонар Нараджэння Багародзіцы адбылося ў 1992 г. У 2008 г. тут пражывала 16 насельніц. Пры манастыры дзейнічаюць дзіцячая нядзельная школа і сястрынства ў гонар велікамучаніцы Елізаветы.

Гродна. Гродзенскі Сафійскі сабор. У 1804 г. фарны касцёл Вітаўта, апусцелы пасля пажару, быў асвячоны як праваслаўны храм. З 1807 г. ён стаў кафедральным саборам у гонар святой Сафіі. Пасля перабудовы 1870-х і 1890-х гг. храм набыў рысы праваслаўнага ў руска-візантыйскім стылі. Гэта быў дзевяцікупальны будынак са званіцай. Унутраную прастору ўпрыгожваў дубовы разны з пазалотай іканастас. Пры саборы дзейнічала восем царкоўнапрыходскіх школ для дзяцей, чатыры гарадскія вучылішчы, Сафійскае брацтва.

У 1919 г. будынак сабора прыстасаваны польскімі ўладамі пад каталіцкі гарнізонны касцёл. Пасля пажараў 1923 і 1925 гг. перабудаваны ў стылі неаготыкі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны не дзейнічаў, а ў 1961 г. узарваны па загаду бязбожнай улады. Цяпер на тым месцы сквер на Савецкай плошчы.

Зэльвенскі раён, в. Сынковічы. Царква ў гонар архістраціга Міхаіла згодна з гістарычнымі дакументамі пабудавана ў XV ст., але паданне адносіць яе заснаванне да ранейшых часоў. Царква нагадвае сярэднявечныя крэпасці, уяўляе трохнефную, трохапсідную пабудову зальнага тыпу з прытворам, які быў узведзены не пазней за XVI ст. Архітэктура Сынковіцкай царквы сведчыць, што яна прызначалася не толькі для малітвы, але служыла сховішчам мясцоваму насельніцтву ў час спусташальных войнаў і рабаванняў.

Будынак Сынковіцкай царквы складзены з трывалай цэглы чырвонага колеру, кладка ў некалькі слаёў стварае разам са старой вапнай адну суцэльную вельмі трывалую масу. Па кутках будынка — чатыры вежы, у якія з царквы вядуць асобныя хады са спецыяльнымі мураванымі лесвіцамі. У падвойных сценах знаходзіўся таемны ход з адтулінамі ў сценах, які ішоў вакол усяго будынка і вёў да кожнай з чатырох кутавых вежаў. З-за вялікай таўшчыні сцен і вострага даху з велізарным гарышчам грандыёзная звонку царква не вельмі ўмяшчальная ўсярэдзіне. Царкоўныя скляпенні абапіраюцца на чатыры квадратныя слупы. Алтаром царква павернута на ўсход. Прастол у ёй адзін, асвячоны ў гонар архістраціга Міхаіла. Дзякуючы рупліваці святароў і дапамозе вернікаў храм падтрымліваўся на працягу стагоддзяў у добрым стане.

У канцы XIX ст. у прыходзе дзейнічалі брацтва, царкоўнапрыходскае апякунства (з 1870), дзве царкоўныя школы пісьменнасці ў вёсках Хадзевічы і Ярнева; адно народнае вучылішча ў Казловічах.

У XIX ст. у царкве знаходзіўся спісак цудатворнай Чанстахоўскай іконы Божае Маці з мноствам, яшчэ з даўніх часоў, прывесак — знакаў асаблівай пашаны вернікаў, якія звярталіся за дапамогай. Памерам ікона была вялікая, напісаная на палатне, наклееным на дубовай тоўстай дошцы вагой да двух пудоў.

У 1904 г. настаяцелем царквы Канстанцінам Нікольскім былі адкрыты яшчэ два вучылішчы, у якіх навучалася 158 вучняў. У 1947 г. настаяцель Мікалай Сыантовіч склаў летапіс Сынковіцкага храма, выдадзены Маскоўскім археалагічным таварыствам у 1890-х гг.

30 сакавіка 1959 г. улады зачынілі Сынковіцкі храм, нібы з-за “поўнай нягоднасці” будынка. Прыход у Сынковічах быў адноўлены ў 1992 г. Сынковіцкая царква захавалася да нашага часу, лічыцца помнікам архітэктуры сусветнага значэння.

Шчучынскі раён. в. Мураванка. Царква ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, вядомая як Мураванкаўская, знаходзіцца на ўскрайку невялікай вёскі Мураванка, якая амаль поўнасцю злілася з чыгуначнай станцыяй Скрыбаўцы. Царква была пабудавана 10 мая 1407 г. Паводле дакументаў, заснавальнікам яе быў набожны памешчык Шымка Мацкевіч-Шкленскі, які надзяліў царкву дзесятаю капою ад ураджаю жыта, ячменю і пшаніцы са свайго маёнтка Мажэйкава.

Мураванкаўская царква ў сваіх асноўных рысах — сцены, скляпенні, вежы — захавалася да нашых дзён. Па архітэктуры яна адносіцца да цэркваў абарончага тыпу. Будынак царквы складзены з цэглы ў некалькі метраў таўшчынёй. Вокны ўмацаваны жалезнымі кратамі.

Па кутах будынка ўзведзены чатыры круглыя вежы, унутры якіх былі спіралевідныя каменныя лесвіцы, часткова знішчаныя ў 1817 г. разам з патаемным ходам і адтулінамі-пячорамі ў сценах. Звонку сцены вежаў аздоблены атынкаванымі нішамі, а таксама архітэктурнымі ўпрыгожаннямі ў выглядзе складзеных з цэглы крыжоў. Мясцовыя жыхары расказваюць, што на заходніх вежах у час уніі размяшчаліся жалезныя постаці анёлаў: адзін з трубой, другі з мячом, якія мянялі сваю паставу ў залежнасці ад напрамку ветру.

Грандыёзная звонку, царква здаецца невялікай унутры з-за ўнушальнай таўшчыні сцен. Царкоўныя скляпенні абапіраюцца на чатыры васьмікутныя калоны. Алтар размешчаны ва ўсходняй частцы. Прастол адзін — каменны, квадратнай формы, асвячоны ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Ахвярнік раней быў убудаваны ў нішу, падобную на невялікую пячору.

У царкве да нашых дзён захаваліся дзве мармуровыя пліты, — адна з іх умуравана ў паўднёвую сцяну і знаходзіцца над труной заснавальніка царквы з наступным надпісам на лацінскай мове: “Найвялікшаму і наймілейшаму Богу. Пасмяротныя астанкі Шымкі Лундзіловіча, тут ад 1884года пахаванага. Фундатар гэтай царквы Казімір Кастравіцкі, спадчыннік, паставіў яму гэты помнік у адрэстаўраванай святыні. 1808 год”.

Другая пліта, большага памеру, размяшчаецца крыху вышэй за першую. На ёй адлюстраваны старадаўнія воінскія даспехі і зброя польска-літоўскага войска. На ёй наступны надпіс: ”Найвялікшаму і наймілейшаму Богуі ў Яго славу паставіў гэты помнік у гэтай царкве на вечную памяць Казімір з Кастрова Кастравіцкі, дзедзіч у Мажэйкаве Лідскага павету і ў Падоллі Слонімскага павету. Гэтую царкву ён па-новаму аднавіў і фундаваў алтар рымскага абраду для жалудоцкіх кармелітаў. 1822 год”.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.