Духоўныя святыні Гродзенскай епархіі

Уваход у царкву абараняўся цяжкай жалезнай брамай, якая апускалася на ланцугах са сцянной нішы. Гэтая брама не захавалася, яна былі самачынна прысвоена памешчыкам Кастравіцкім. Пад царквою размяшчаліся два склепы.

Важнай падзеяй у гісторыі Мураванкаўскай царквы ў XV ст. было ахвяраванне ёй вялікай зямельнай уласнасці ад праваслаўнага роду памешчыкаў Мацкевічаў-Шкленскіх. Другімі вядомымі дабрачынцамі былі памешчыкі Шымкі. Яны ўстанавілі на карысць святара царквы дзесяціну жыта, пшаніцы і ячменю з маёнткаў Вялікага і Малога Мажэйкава, прызначылі на карысць царквы вялікія зямельныя надзелы, на якіх высявалася 25 бочак жыта і збіралася 30 вазоў сена.

Мураванкаўская царква мела поўны дабрабыт да канца XVI ст., пакуль уладары Мажэйкава былі праваслаўнымі.

У 1598 г. нашчадкі склалі раздзельны запіс, дзе пацвердзілі недатыкальнасць царкоўных уладанняў і выказалі жаданне, каб царква засталася праваслаўнай і не была перададзена ў абвешчаную ў 1596 г. унію. Аднак абставіны склаліся так, што хутка Мураванка перайшла ў рукі уніятаў, адбылося гэта не пазней 1636 г.

У час уніі ўнутраная будова царквы была скажона лацінскімі новаўвядзеннямі: каля 1660 г. у царкве пастаўлены адкрытыя алтары паводле лацінскага ўзору, акрамя галоўнага. З’явіліся іконы Іясафата Кунцэвіча, Ігнація Лаёлы, іншых каталіцкіх і уніяцкіх святых, а таксама каталіцкае царкоўнае начынне. Дакументы 1647 г. сведчаць, што Мураванкаўская царква ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай была абрабавана, пасля чаго ў царкве засталіся толькі уніяцкія святарскія рызы, тры срэбраныя пазалочаныя з прыборамі чашы, срэбраны крыж, старадаўняе рукапіснае Евангелле і некалькі богаслужбовых кніг. Старадаўнія дакументы па гісторыі царквы згарэлі ў полымі каміна дома пана Кастравіцкага ў канцы XVIII ст.

Мураванкаўскую царкву заўважыў у час праезду з Вільні ў Гродна імператар Аляксандр І. Ён пажадаў яе агледзець. Царква ўразіла цара сваім занядбалым выглядам і ён загадаў адрамантаваць яе, даручыўшы нагляд за работай слонімскаму памешчыку Юндзілу. Імператарскі загад быў выкананы, аднак, толькі праз 5 год.

У 1863 г. настаяцелем быў прызначаны святар Леў Савіцкі, выпускнік Літоўскай духоўнай семінарыі. Пры ім старадаўняя Мураванкаўская царква набыла сучасны прыгожы выгляд, было складзена яе апісанне, надрукаванае ў “Літоўскіх епархіяльных ведамасцях” за 1873 г. Апошні рамонт царквы быў у 1906 г. на сродкі Віленскага Свята-Духавага брацтва. У Мураванкаўскай царкве знаходзіліся дзве шанаваныя іконы Божае Маці: адна мясцовая, па левы бок ад царскай брамы, другая, у асобным ківоце, была перанесена з ліквідаванай Волчыкаўскай царквы, некалі прыпісной да Мураванкаўскай.

З 1864 г. у прыходзе дзейнічала царкоўнапрыходская школа, якая размяшчалася спачатку па хатах святароў, а пазней прыхаджане пабудавалі на свае сродкі будынак вучылішча на царкоўнай зямлі.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў прыходзе дзейнічалі тры царкоўнапрыходскія школы: у вёсках Мажэйкава, Шпількі і Агароднікі. У іх навучалася каля 150 чалавек.

У 1928 г. Мураванкаўская царква польскімі ўладамі пераабсталявана пад касцёл і перададзена каталіцкай абшчыне.

У жніўні 1993 г. будынак царквы вернуты праваслаўным. Мураванка застаецца цэнтрам прыхода, які аб’ядноўвае 8 навакольных вёсак. Пры храме маецца царкоўны дом, працуе нядзельная школа.

+ + +

Каложская ікона Божае Маці. Знаходзілася ў старажытнай гродзенскай Барыса-Глебскай царкве, размяшчалася ў алтары ў разьбяной пазалочанай раме. Згодна з паданнем, гэтую ікону насіў з сабой адзін вандроўнік, які аднойчы ў сне атрымаў загад паставіць вобраз у Каложскім Барыса-Глебскім храме.

Выява Божае Маці з Дзіцяткам на руках невялікая, напісана яна на меднай дошцы і змешчана ў кіпарысавую аправу. Упрыгожана была срэбным, з пазалотай і 14 гранатамі, акладам. Лік Багародзіцы, як сведчылі відавочцы, быў асабліва выразны і спагадлівы. Мноства веруючых па малітвах да Божае Маці перад цудадзейным Яе вобразам атрымлівалі ацаленне. Гэтыя выпадкі былі зафіксаваны ў рукапісных кнігах, якія захоўваліся да рэвалюцыйных падзей пачатку XX ст.

Пасля таго як царкоўны будынак пацярпеў ад разліву Нёмана, у 1853 г. ікону перанеслі ў галоўны храм перамешчанага Барыса-Глебскага манастыра, дзе яна знаходзілася да Першай сусветнай вайны. У час эвакуацыі 1915 г. ікону вывезлі ў Маскву і больш у Гродна яна не вярнулася. Па некаторых дадзеных, у пачатку 1930-хгг. ікона знаходзілася ў Румянцаўскім музеі ў Маскве. Далейшы лёс святыні невядомы. Святкаванне іконы адбываецца 24 мая (н. ст.).

Вастрабрамская ікона Божае Маці — адна з галоўных святынь Беларусі і Літвы, глыбока шануецца як праваслаўнымі, так і католікамі. Згодна з паданнем, ікона была прывезена вялікім князем ВКЛ Альгердам з горада Карсуні пасля ваеннага паходу ў Крым 1363 г. Яго жонка Юльянія перадала ікону ў Віленскі манастыр Святой Троіцы. Пазней яна была перанесена ў праваслаўную капліцу над Вострай Брамай. З 1609 г. капліца, як і Троіцкі манастыр, стала належаць уніяцкаму ордэну базыльян, а затым падпарадкавана каталіцкаму ордэну кармелітаў. Цуды, якія адбываліся па малітвах да Божае Маці перад Яе святой іконай, апісаны ў рукпісных кнігах, ёй прысвечаны духоўныя песні (выдаваліся ў 1852 г.). Копіі з Вастрабрамскай іконы распаўсюджаны па многіх храмах Гродзеншчыны. Святкаванне іконы адбываецца штогод 8 студзеня (н. ст.).

Ракавіцкая ікона Божае Маці —галоўная святыня Шчучынскага краю. Яна асабліва ўшаноўваецца жыхарамі Шчучына і суседніх раёнаў, прыцягвае таксама да сябе паломнікаў з розных куткоў Беларусі. Ікона праславілася шматлікімі цудамі ацаленнямі хворых, якія пакутавалі ад хвароб цялесных і душэўных. Адным з праяў апекі Божае Маці мясцовыя жыхары лічаць той факт, што Ракавіцкі храм выстаяў, не быў зачынены ў часы польскай і нямецкай акупацый і ў часы багаборчага ХХ стагоддзя. У вёсцы і ваколіцах захоўвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне традыцыя пакланення Божае Маці перад Яе цудатворнай іконай. І сёння да Ракавіцкай святыні зноў адноўлены паломніцкія маршруты, ідуць вернікі, каб узнесці свае малітвы да Заступніцы роду Хрысціянскага. Дзень святкавання іконы — 10 жніўня (н. ст).

Волчыкаўская ікона Божае Маці. Святар Леў Савіцкі даведаўся з дакументаў, што ў XIX ст. у Волчыках знаходзілася ікона Божае Маці ў срэбранай рызе з адлюстраваннем месяцовага паўкружжа пад лікам Богамаці. Мясцовыя людзі расказвалі, што хворай жанчыне з’явілася Багародзіца і прамовіла: “Памаліся іконе Божае Маці, што была раней у капліцы ў Волчыках, а цяпер у цёмным і смуродным месцы, — і ачуняеш”. Словы жанчыны прымусілі мясцовага святара неадкладна пайсці да памешчыка з просьбай выдаць ікону, якая была ўзята з Волчыкаўскай царквы, але памешчык адказаў, што ў яго іконы няма.

Праз два гады, у 1868 г., памешчык здаў свой маёнтак у арэнду аднаму шляхціцу. Паводле чутак, ікона знаходзілася ў клеці работніка. Паклікаўшы двух прыхаджан, айцец Леў Савіцкі адправіў іх у маёнтак, быццам бы для агляду клеці, што прадавалася на злом. Работнік адчыніў клець, — там і была знойдзена ікона, дакладна такая ж, як апісана ў дакументах. Ікону з належнай пашанай перанеслі ў Мураванкаўскі храм. Там яна знаходзілася да канца XIX ст. Далейшы лёс яе невядомы.

+ + +

Ваўкавыск. Ваўкавыскае Евангелле, рукапісны кніжны помнік XVI ст. Месца напісання яго невядома. Знаходзілася ў “церкви Волковицкой” згодна з запісам 1751 г. прасвітара Іаана Савіча. У XIX ст. трапіла ў Віцебскі Маркаў манастыр, адкуль А. Рачынскі вывез яго ў Віленскую публічную бібліятэку. Евангелле — узор беларускай рукапіснай кнігі рэнесансавага стылю. Яно ўпрыгожана шматколернымі расліннымі ініцыяламі і застаўкамі. Цяпер знаходзіцца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы ў Вільнюсе.


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.