1015 гадоў Праваслаўнай Царкве ў Беларусі

Памятны крыж да 1000-годдзя Тураўскай епархіі. Скульптар М.М. ІнькоўБеларуская Праваслаўная Царква пад знакам Крыжа Господня ідзе шматцяжкім, але слаўным шляхам ужо 1015 гадоў. Больш за тысячу гадоў прайшло з тых даўніх пор, калі апостальскае слова аб збаўленні ўпершыню прагучала ў нашай Бацькаўшчыне. Сувязі са знешнім светам спрыялі распаўсюджванню хрысціянскай веры ў буйных гарадах задоўга да пастаўлення першых епіскапаў. Паводле летапіснага падання, яшчэ ў часы апостальскія з хрысціянскай місіяй праз нашы землі падарожнічаў шляхам "з вараг у грэкі" святы апостал Андрэй Першазванны, а роўнаапостальная княгіня Вольга ў 974–976 гадах заснавала замак і цэрквы ў Віцебску. Іх годнымі паслядоўнікамі сталі першыя вядомыя нам свяціцелі Міна, Дзіянісій і Сімяон — епіскапы Полацкія, Фама, епіскап Тураўскі, якія паклалі пачатак царкоўнаму ўладкаванню на Беларускай зямлі. Іх працай у Полацку (992), а затым у Тураве (1005) былі заснаваны першыя епіскапскія кафедры.

Асвеце і ўмацаванню веры нашых продкаў годна паслужылі святыя зямлі Беларускай — прападобная Еўфрасіння (†1167), ігумення Полацкая, якая паводле Жыція, "як промень сонечны" асвяціла нашую зямлю, свяціцель Кірыл (†1183), епіскап Тураўскі — яшчэ пры жыцці названы за мудрасць і набожнасць "рускім Залатавустам".

Узнікненне старажытных духоўных цэнтраў з'явілася найважнейшай падзеяй не толькі царкоўнай, але і грамадзянскай гісторыі епархіяльныя гарады, храмы і манастыры станавіліся таксама цэнтрамі палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця. Полацкі епіскап быў у XII стагоддзі агульнапрызнаным, у тым ліку і княжай уладай, старэйшым прадстаўніком усёй Полацкай зямлі.

Сафійскі сабор у Полацку. Рэканструкцыя.У 90-я гады Х стагоддзя пачалі засноўвацца першыя манастыры, якія дасягнулі асаблівага росквіту ў Полацку, дзе ў XII стагоддзі былі вядомы чатыры, а ў XVI — больш за дзесяць, і Тураве, які меў, па некаторых звестках, 50 храмаў і манастыроў. У 1000 годзе ад Ражджаства Хрыстовага княгіняй Рагнедай-Анастасіяй, дачкой полацкага князя Рагвалода, жонкай роўнаапостальнага князя Уладзіміра, быў заснаваны Заслаўскі манастыр — самы старажытны ў Мінскіх землях. Першым манахам былі ўласцівыя вялікая сіла волі, самаадрачэнне, вынослівасць і пакора. З'яўляючыся асяродкам малітоўнага подзвігу, манастыры, былі таксама цэнтрамі дабрачыннасці і асветы, манашаская малітва спалучалася ў іх з самаадданым служэннем людзям і зямной Бацькаўшчыне. Менавіта ў манастырах паўсталі першыя арыгінальныя творы пісьменства, багаслоўска-філасофскія гурткі, бібліятэкі, скрыпторыі, іканапісныя майстэрні, фармаваліся спеўныя традыцыі. У манастырах зарадзілася і беларускае летапісанне.

Прыняцце Хрысціянства і яго ўмацаванне садзейнічала развіццю і росквіту культуры іадукаванасці Белай Русі, далучэнню да візантыйскай культуры, самай развітай і дасканалай на той час. Усходне-хрысціянская традыцыя, якая ўзыходзіць да святых роўнаапостальных Мяфодзія (885) і Кірыла (865), настаўнікаў славянскіх, дала нашаму народу пісьменства, Святое Пісанне на зразумелай славянскай мове, богаслужэбныя кнігі, багатую хрысціянскую літаратуру. Кірыла-Мяфодзіеўская традыцыя прадугледжвае захаванне і развіццё нацыянальнай культуры і мовы, што пацвердзіў сваёй перакладніцкай і выдавецкай працай беларускі першадрукар Георгій-Францыск Скарына.

Своеасаблівай праявай хрысціянскага веравучэння з'явілася царкоўнае мастацтва — храмабудаванне, кніжнасць, іканапіс, манументальны жывапіс і музыка. Як сінтэз візантыйскай традыцыі і творчасці мясцовых майстроў на беларускіх землях паўсталі самабытныя школы храмавай архітэктуры (Полацкая, Віцебская, Гродзенская, Палеская), іканапісу, мастацтва кнігі, разьбярства. Гэтыя віды мастацтва, увасабляючы ідэалы духоўнасці, вышэйшыя дасягненні творчай думкі таго часу, захоўвалі і свой мясцовы нацыянальны каларыт.

Хрысціянская вера, мірна і без прымусу распаўсюджваючыся на Беларускай зямлі, паступова мяняла душу і свядомасць народа, сілкуючы з Божага Адкравення яго дух, фармуючы новы светапогляд, філасофію і мараль. Так закладаліся хрысціянскія асновы духоўных сіл народа, гартаваліся яго здольнасці да пераўтварэння духу, ахвярнага падзвіжніцтва, захавання Богам дадзенай чысціні.


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.