Праваслаўныя святыні

Жыровіцкая ікона Божай МаціНарод Беларусі з глыбокай павагай ставіцца да сваіх святыняў — старажытных і новазбудаваных храмаў, цудатворных ікон, святых мошчаў, паклонных і мемарыяльных крыжоў, святых крыніц.
Жыровіцкі вобраз Божай Маці, які з'явіўся ў маёнтку баярына Аляксандра Солтана ў 1470 годзе, — адзін з найстаражытных і найболей шанаваных на землях Беларусі. Для пакланення ёй з блізкіх і далёкіх паселішчаў сцякалася вялікае мноства багамольцаў — простага народу і прадстаўнікоў знакамітых і шляхецкіх родаў. Вывезены падчас першай сусветнай вайны за межы Беларусі, вобраз у 1924 годзе ўрачыста вярнуўся ў родны манастыр. Цяпер Жыровіцкая ікона Прасвятой Багародзіцы Замілаванне знаходзіцца ў іканастасе каля Царскай брамы манстырскага Успенскага сабора. Не толькі 20 мая — у дзень яе свята, але і ў працягу ўсяго года прыходзяць у Жыровічы паломнікі з Беларусі, блізкіх і далёкіх краін, каб дакрануцца да святыні, прынесці ўдзячныя малітвы Прасвятой Багародзіцы за Яе невычэрпную духоўную дапамогу.
Знамянальнай падзеяй у жыцці беларускага народа стала ўзнаўленне старажытных святыняў — духоўнага сімвала Беларусі — Крыжа прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, і яе срэбнай ракі. У 1161 годзе Крыж па блаславенню святой князёўны-ігуменні быў выраблены Лазарам Богшам, лепшым майстрам-ювелірам Кіеўскай Русі, і займаў асаблівае месца ў царкве Спаса Полацкага манастыра. У гісторыі і свядомасці народа Крыж Еўфрасінні Полацкай стаў не толькі святыняй і унікальным помнікам мастацтва, але і вобразам прымірэння ўсіх перад Богам і запаветам сучасным пакаленням ствараць свой дом на ідэях міру і дабра.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.