Духоўная адукацыя і асвета

Мінская Духоўная СемінарыяМінская Духоўная Акадэмія імя свяціцеля Кірыла Тураўскага заснавана ў 1996 годзе для падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Асноўны змест навучання складаюць спецыяльныя багаслоўскія, царкоўна-гістарычныя і царкоўна-практычныя дысцыпліны, а таксама гуманітарныя і спецыяльныя курсы. У 2006/2007 навучальным годзе навучалася 49 студэнтаў, паспяхова абаронены 12 дысертацый на суісканне навуковай ступені кандыдата багаслоўя. Адміністрацыйная і прафесарска-выкладчыцкая карпарацыя Акадэміі складаецца з 32 чалавек, з іх 25 з навуковай ступенню. З 2003 года дзейнічае царкоўна-археалагічны кабінет Мінскай Духоўнай Акадэміі. Рэктар — доктар багаслоўя, прафесар Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Адрас: 231822 Гродзенская вобл., Слонімскі р-н, пас. Жыровічы, вул. Савецкая, 59.

Мінская Духоўная Семінарыя імя Усяленскіх Настаўнікаў і Свяціцеляў Васілія Вялікага, Грыгорыя Багаслова і Іаана Залатавуста заснавана 15 верасня 1785 года ў Слуцку, з 1840 пераведзена ў Мінск. У 1918 годзе зачынена на падставе Дэкрэту савецкай улады аб аддзяленні Царквы ад дзяржавы. Яе дзейнасць удалося аднавіць у 1947 годзе шляхам пераўтварэння пастырскіх курсаў пры Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры. У 1963 годзе Мінская Духоўная семінарыя зноў зачынена распараджэннем свецкіх улад.

1 верасня 1989 года пачаўся сучасны этап адраджэння семінарыі. Цяпер гэтая вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова, якая рыхтуе святароў для прыходаў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Тэрмін навучання 5 гадоў. Пры МнДС маецца Сектар завочнага навучання і Рэгенцкая школа. У 2006/2007 навучальным годзе на стацыянарным і завочным аддзяленнях навучалася 378 студэнтаў. Рэктар — дацэнт архімандрыт Леанід (Філь).

Адрас: 231822 Гродзенская вобл., Слонімскі р-н, пас. Жыровічы, вул. Савецкая, 59.

Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага універсітэта заснаваны ў 1993 годзе як багаслоўскі факультэт Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. У 2006 годзе ўвайшоў у склад Белдзяржуніверсітэта, выпускнікі атрымліваюць дыплом дзяржаўнага ўзору. Інстытут рыхтуе кваліфікаваных спецыялістаў у галіне праваслаўнага багаслоўя, гісторыі Царквы, сучаснага рэлігіязнаўства для работы ў навукова-даследчых установах, выдавецтвах, СМІ, сацыяльных, грамадскіх і дабрачынных арганізацыях. З 2001 года адчынена магістратура па спецыяльнасці "тэалогія". Выпускнікі працуюць у сістэме вышэйшай і сярэдняй дзяржаўнай адукацыі, у катэхізатарскіх, царкоўнапрыходскіх і нядзельных школах, рэдакцыях царкоўных выданняў. У 2006/2007 навучальным годзе навучалася 92 студэнты і 11 магістрантаў. Цэнтрам духоўнага жыцця Інстытута з'яўляецца дамовая царква ў гонар святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла. Настаяцель яе — кандыдат багаслоўя протаіерэй Сергій Гардун. У Інстытуце дзейнічаюць: студэнцкая рада самакіравання, рада па якасці адукацыі, літаратурна-гістарычны клуб, клуб аматараў царкоўнаславянскай мовы, царкоўны хор і хор Інстытута тэалогіі, дыскусійны багаслоўскі клуб, мастацкая галерэя, нядзельная школа. Рэктар Інстытута — доктар багаслоўя прафесар Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт (Вахрамееў), Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Адрас: 220030 г. Мінск, праспект Незалежнасці, 24.

У сістэму духоўнай адукацыі Беларускага Экзархата ўваходзяць духоўныя вучылішчы — Мінскае, Слонімскае і Віцебскае (з філіялам у г. Оршы). У Мінскай, Гродзенскай і Гомельскай епархіях адкрыты курсы катэхізатараў. У некаторых прыходах і манастырах маюцца іканапісныя школы і майстэрні. У Мінскай і Віцебскай епархіях створаны школы званароў. 31 жніўня 2007 года адбылося адкрыццё праваслаўнай гімназіі ў горадзе Бабруйску.

Прафесарска-выкладчыцкі склад духоўных школ уключае не толькі вядучых беларускіх багасловаў, але і аўтарытэтных у хрысціянскім свеце архіерэяў і прафесараў, навукоўцаў і даследчыкаў з Маскоўскай і Санкт-Пецярбургскай Духоўных Акадэмій, прадстаўнікоў навуковага свету іншых Цэркваў. Лепшым выпускнікам Акадэміі, Семінарыі і Інстытута тэалогіі даецца магчымасць працягваць вучобу ў навучальных установах Грэцыі, Італіі, Швецыі, Германіі і іншых краін. Выкладчыкі і студэнты ўдзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях і форумах, друкуюцца ў часопісах "Труды Минской Духовной Академии", "Ступени", замежных выданнях. Працуе студэнцкае навуковае таварыства. Шэраг навукова-багаслоўскіх і навучальна-метадычных праектаў арганізаваны пры садзеянні Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла" (заснаваны ў 1996) — штогадовыя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, летні багаслоўскі лагер, міжнародныя канферэнцыі, дабрачынныя і экалагічныя праграмы. Цэнтр развівае кантакты з вядучымі хрысціянскімі арганізацыямі ў СНД і за мяжой у вобласці адукацыі, сацыяльнага служэння і экалогіі. З 1997 года аб'яднанне штогод прысуджае Ражджэственскія прэміі "Хрысціянскія традыцыі ў культуры і адукацыі" лепшым педагогам сярэдніх агульнаадукацыйных школ, выкладчыкам вышэйшых навучальных духоўных і свецкіх навучальных устаноў.

Развіццю сувязей паміж царкоўнымі навучальнымі ўстановамі памесных Праваслаўных Цэркваў паслужылі візіты ў Беларусь прадстаяцеляў Антыяхійскай, Польскай, Чэшскай і іншых Праваслаўных Цэркваў, якім у Мінскай Духоўнай Акадэміі ўручаны дыпломы Ганаровых членаў.

Мінскае духоўнае вучылішча рыхтуе спецыялістаў па царкоўных спевах (пеўчых, псаломшчыкаў, рэгентаў) для праваслаўных прыходаў. Пры МЕУ дзейнічаюць школы катэхізатараў і званароў.


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.