Супрацоўніцтва з дзяржавай

Супрацоўніцтва з дзяржавайСферамі супрацоўніцтва дзяржавы і Царквы з'яўляюцца духоўнае, маральнае, патрыятычнае выхаванне і адукацыя дзяцей і моладзі; міратворчасць; справы міласэрнасці і дабрачыннасці; клопат пра ўмацаванне маральнага і фізічнага здароўя людзей; падтрымка інстытута сям’і, мацярынства і дзяцінства; ахова, аднаўленне і памнажэнне гістарычнай і культурнай спадчыны; захаванне навакольнага асяроддзя; апека над воінамі і асобамі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.

Сацыяльна значную дапамогу неабароненым слаям грамадства аказваюць праваслаўныя сястрынствы, колькасць якіх дасягнула шасцідзесяці. Сёстры арганізуюць педагагічную, медыцынскую, псіхалагічную, рэабілітацыйную і матэрыяльную дапамогу хворым, інвалідам, састарэлым, малазабяспечаным, а таксама шматдзетным сем'ям. Каардынацыю іх дзейнасці здзяйсняе Саюз сястрынстваў міласэрнасці Беларускага Экзархата.

Пры ўдзеле ЮНЭСКА ўзведзены "Цэнтр духоўнай асветы і міласэрнасці Беларускага Экзархата" пры прыходзе ў гонар іконы Божай Маці "Усіх тужлівых Радасць". Ён стаў месцам плённага супрацоўніцтва з дыяканічнымі арганізацыямі Германіі. Пры садзеянні дзяржавы і пры падтрымцы замежных партнёраў пабудаваны "Дом міласэрнасці" прыхода ў гонар Усіх Святых г. Мінска, пры якім дзейнічае рэабілітацыйны цэнтр "Элеос". "Дом міласэрнасці" дзейнічае таксама ў Пінску, дыяканічныя станцыі — у Брэсце, Гродне, Віцебску, Маладзечне. Здзяйсняецца шэраг міжнародных праектаў, адбываецца абмен вопытам з харытатыўнымі арганізацыямі Заходняй Еўропы і ЗША. Моладзь штогод удзельнічае ў праграмах сацыяльнага абмену, навучаецца на аб'ектах замежных дыяканічных арганізацый.

ФестивальУ вобласці культуры супрацоўніцтва адбываецца ў штогадовых сумесных урачыстасцях, прысвечаных памяці святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, настаўнікаў славян, прымеркаваных да Дзён славянскай пісьменнасці і культуры, "Днях беларускага друку", выставах-кірмашах "Беларусь Праваслаўная", "Пакроўскі кірмаш", "Вербны кірмаш" і інш. Шырокую вядомасць атрымаў Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў, фестываль сучаснай хрысціянскай музыкі "Дабравесце", фестываль "Спявайце Богу нашаму, спявайце" (Брэст), а таксама навукова-творчая экспедыцыя "Дарога да святыняў" з благадатным агнём ад Гроба Гасподняга і інш.

Сталі традыцыйнымі Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія, Свята-Еўфрасіннеўскія педагагічныя чытанні, Свята-Панцеляіманаўскія медыка-педагагічныя чытанні, Свята-Міхайлаўскія, Свята-Афанасьеўскія, Куцеінскія і Мінскія епархіяльныя чытанні.

12 чэрвеня 2003 года падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой, якое заклала падмурак далейшага супрацоўніцтва Царквы і дзяржавы. Рэалізуюцца праграмы супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы з Міністэрствамі адукацыі, культуры, інфармацыі, працы і сацыяльнай абароны, унутраных спраў, абароны, па надзвычайных сітуацыях, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, спорту і турызму, Нацыянальнай Акадэміяй навук Беларусі, Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Дзяржаўным камітэтам пагранічных войскаў, Камітэтам па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Камітэтам па авіяцыі, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй, шасцю абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Мінскім гарвыканкамам.

Асаблівую значнасць набываюць сёння такія сферы супрацоўніцтва як грамадская маральнасць, адукацыя і выхаванне. У межах Дамовы аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім Экзархатам здзяйсняецца духоўна-адукацыйны праект "ЛОГАС" для азнаямлення навучэнцаў з духоўнымі асновамі культуры. У Мінску, Жодзіне, Барысаве, Віцебску, Оршы, Гомелі, Бабруйску рэалізуецца эксперыментальны праект "Духоўна-маральнае выхаванне дашкольнікаў і малодшых школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа". Сумесна з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі праводзяцца педагагічныя чытанні, курсы павышэння кваліфікацыі, семінары, канферэнцыі для педагагічных работнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі.

У межах супрацоўніцтва з Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь Праваслаўная Царква здзяйсняе духоўную апеку над воінскімі фармаваннямі, прымае ўдзел у патрыятычным выхаванні вайскоўцаў і дапрызыўной моладзі. На тэрыторыі шэрагу воінскіх частак збудаваны палкавыя храмы, аформлена больш за 40 малітоўных пакояў. Пастаянна дзейнічае круглы стол, праводзяцца семінары з удзелам прадстаўнікоў Узброеных сіл і аддзела па ўзаемадзеянні з Узброенымі сіламі БПЦ.

У папраўчых установах святарамі аказваецца духоўная дапамога асуджаным, дзейнічаюць дамовыя цэрквы і малітоўныя пакоі, ствараюцца бібліятэкі духоўнай літаратуры, аўдыё- і відэатэкі, аказваецца матэрыяльная дапамога. У Мінскай епархіі дзейнічае Цэнтр сацыяльнай рэабілітацыі асобаў, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і патрабуюць дапамогі на перыяд адаптацыі да нармальнага жыцця. У рамках Беларускага Экзархата створана і актыўна працуе аддзяленне Міжнароднай арганізацыі "Хрысціянскае служэнне асуджаным".

З 1997 года дзяржаўная прэмія "За духоўнае адраджэнне" прысуджаецца за лепшыя творы літаратуры і мастацтвы, чынную падзвіжніцкую дзейнасць у гуманітарнай сферы, скіраваную на развіццё прагрэсіўных мастацка-маральных традыцый, якія садзейнічаюць сцвярджэнню духоўных каштоўнасцяў, ідэй сяброўства і братэрства паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Сярод Лаўрэатаў — святары, а таксама прыхаджане — дзеячы на ніве праваслаўнай асветы і культуры.

Для журналістаў, якія асвятляюць царкоўнае жыццё ў Беларусі, арганізуюцца круглыя сталы, практычныя семінары, штогадовыя Ражджэственскія сустрэчы. На курсах павышэння кваліфікацыі ў Інстытуце вышэйшых кіруючых кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь выкладчыкі Мінскіх духоўных школ перыядычна чытаюць лекцыі для кіраўнікоў рэдакцый мясцовых газет, гарадскога і раённага радыё. На Міжнароднай спецыялізаванай выставе СМІ у Беларусі (2006) былі прадстаўлены каля 10 царкоўных выданняў. На ўсіх тэлевізійных каналах, якія вяшчаюць на тэрыторыі Беларусі, ёсць праграмы, што рыхтуюцца сумесна з Беларускім Экзархатам. Практычна ва ўсіх газетах, адрасаваных падлеткам і дзецям, выходзяць палосы, прысвечаныя пытанням духоўнага жыцця, знаёмству з гісторыяй Праваслаўя. Па рашэнні Св. Сінода створана "Інфармацыйнае агенцтва БПЦ" для падрыхтоўкі і распаўсюджвання відэапрадукцыі, якая адлюстроўвае жыццё і сучасны стан БПЦ.

Афіцыйны сайт Беларускай Праваслаўнай Царквы www.church.by створаны і дзейнічае з 2003 года, мае наступныя раздзелы: афіцыйныя дакументы; Сінод і яго дзеянні; падзеі; мастацтва; навучальныя ўстановы; святыні; багаслоўе; епархіі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.