Дабраверны князь Канстанцін Васілій Астрожскі. Да 400-годдзя памяці

Ікана прп. Фёдара АстрожскагаУ 2008 г. спаўняецца 400 гадоў з дня праведнага спачыну князя Канстанціна, у святым Хрышчэнні Васілія, Астрожскага славутага асветніка, царкоўнага і грамадскага дзеяча. Род князёў Астрожскіх — адзін з найбольш знатных і багатых родаў на землях былога Вялікага княства Літоўскага. Ён даў многа славутых мужоў, якія праславіліся не толькі на палях бітваў, дзяржаўнай службе, але і падзвіжніцтвам на духоўнай ніве.

РАДАВОД

Першым вядомым прадстаўніком роду быў Даніла Астрожскі, які жыў на Валыні ў сярэдзіне XIV стагоддзя. Сын яго Фёдар Данілавіч (?–2-я пал. XV ст.) — князь Уладзмірскі і Цвярскі, удзельнік Грунвальдскай бітвы і Гусіцкіх войнаў, у канцы жыцця стаў інакам Кіева-Пячэрскай лаўры з імем Феадосій. За набожнае і падзвіжніцкае жыццё яшчэ ў XVI ст. ён быў праслаўлены Царквою і далучаны да ліку святых. Нятленныя мошчы прападобнага і цяпер пакояцца ў Дальніх пячорах Кіева-Пячэрскай лаўры. У 2002 г. прападобны Фёдар Астрожскі далучаны да Сабору беларускіх святых. У яго гонар асвячона капліца ў царкоўным доме "Кінанія" ў Калодзішчах, што пад Мінскам.

князь Канстанцін Іванавіч АстрожскіСлаўны след у гісторыі пакінуў князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1460?–1530), найвышэйшы гетман Вялікага княства Літоўскага, кашталян Віленскі, ваявода Троцкі. Ён шырока праславіўся дзяржаўнымі справамі, вайсковымі перамогамі і адначасова быў вядомы як руплівец праваслаўнай асветы, заснавальнік шматлікіх храмаў і манастыроў. Князь Канстанцін Іванавіч фундаваў мураваны сабор у Навагрудку, цэрквы Прачысценскую і ў гонар свяціцеля Мікалая ў Вільні, храмы ў Смалявічах, Дзятлаве і інш. За заслугі перад дзяржавай, як выдатны военачальнік і дыпламат, князь Канстанцін Іванавіч атрымаў ад караля шматлікія маёнткі і зямельныя ўгоддзі, яму належалі Тураў, Дзятлава, Копысь, Глуск, Барань, Гальшаны, Тарасава пад Мінскам, Ахонава і селішча з возерам Свіцязь у ваколіцах Навагрудка, двор у Мінску і інш. Трэба ўлічваць, што гэта быў час, калі пры выбары кандыдатур на высокія і ганаровыя дзяржаўныя пасады перавага аддавалася католікам.

Князь Канстанцін Іванавіч здзіўляў сучаснікаў сціплым і пабожным ладам жыцця. Спачыў ён у 1530 г. ў Вільні, а пахаваны быў ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе ёсць надмагілле з яго выяваю.

СЛУЖЭННЕ БОГУ І БАЦЬКАЎШЧЫНЕ

Духоўныя сілы, асаблівая місія роду Астрожскіх найбольш выразна праявіліся ў дзейнасці сына найвышэйшага гетмана — князя Канстанціна (у хрышчэнні Васілія) Астрожскага (1526–1608). Ад бацькі ён атрымаў у спадчыну не толькі каласальнае багацце, воінскую доблесць, але і гарачую любоў да праваслаўнай веры і свайго народа. Нарадзіўся князь Канстанцін, у святым хрышчэнні Васілій, у Тураве, які належаў Астрожскім з пачатку XVI стагоддзя. Пасля смерці бацькі малады князь выхоўваўся маці — Аляксандрай Сямёнаўнай з роду князёў Слуцкіх Алелькавічаў. У бацькоўскім доме князь Канстанцін Васілій атрымаў добрую адукацыю і выхаванне ў духу адданасці роднай веры і свайму народу. Дасягнуўшы паўналецця, князь Канстанцін ажаніўся з княжной Сафіяй, дачкой галіцкага магната графа Тарноўскага. У 27 гадоў ён займаў пасаду Уладзімірскага старасты, у 32 гады стаў Кіеўскім ваяводам. У 1563/1564 г. уступіў у непасрэднае кіраванне Туравам, з фальваркамі і сёламі ў яго ваколіцах.

З узростам князь стаў свядомым і глыбока перакананым прыхільнікам Праваслаўя, быў першым сярод тых нямногіх магнатаў, якія глыбока ўсведамлялі каштоўнасць Праваслаўя, непарыўную сувязь традыцыйнай усходняй хрысціянскай веры з этнічнай самабытнасцю ўсходніх славян. Хоць афіцыйна вышэйшым ктытарам у Кіеўскай мітраполіі лічыўся кароль, на справе Астрожскі быў найбольш значнай асобай сярод міран у справе ўладкавання Праваслаўнай Царквы. Ад бацькі князю Канстанціну перайшоў абавязак патранату, апекі над Праваслаўнай Царквой і яе паствай. Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія II, высока ацэньваючы пабожныя памкненні князя ў адносінах да Царквы, у сваіх граматах называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве на ўсіх паўднёва-заходніх землях Вялікага княства Літоўскага. У сваіх уладаннях Астрожскі заснаваў больш чым 600 цэркваў і 20 манастыроў, пры многіх з іх дзейнічалі шпіталі і школы. На беларускіх землях фундаваў і апякаў цэрквы ў Тураве, Слуцку, Дзятлаве, пры Віленскім Свята-Духавым манастыры ўзвёў мураваную званіцу, якая захавалася да нашага часу, першым ініцыяваў будаўніцтва мураванага храма Віленскага Свята-Духава манастыра, ахвяраваўшы на гэтую справу ў 1604 г. даходы з свайго маёнтка.

 Нягледзячы на высокае грамадскае становішча і заможнасць, князь Канстанцін вёў строгі і пабожны лад жыцця, шмат часу аддаваў рэлігійнай практыцы. У Вялікі пост ён аддаляўся ўманастыр, апранаўся ў бедную вопратку, праводзіў дні і ночы ў роздуме і малітве.

Князь К.К. Астрожскі быў найбольш аўтарытэтным сярод абаронцаў Праваслаўнай Царквы ва ўмовах падрыхтоўкі і заключэння царкоўнай уніі з Рымам. Пра сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай Рэчы Паспалітай ён неаднойчы заяўляў на сейме Польска-Літоўскай дзяржавы, звяртаўся з пасланнямі да караля, жыхароў Рэчы Паспалітай, да праваслаўных епіскапаў. Ёнбыў арганізатарам і актыўным удзельнікам праваслаўнага сабора 1596 г., які праходзіў у Брэсце адначасова з уніяцкім пад кіраўніцтвам свяшчэннамучаніка Нікіфара Кантакузіна – пасланніка Канстанцінопальскага патрыярха. Пасля падпісання уніі князь працягваў нялёгкую барацьбу ў абарону правоў і годнасці праваслаўных; у самыя цяжкія часіны праваслаўнае насельніцтва адчувала выразную маральную і матэрыяльную падтрымку князя.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.