Дабраверны князь Канстанцін Васілій Астрожскі. Да 400-годдзя памяці

АСТРОЖСКАЯ АКАДЭМІЯ

князь Канстанцін Іванавіч АстрожскіКнязь Канстанцін Астрожскі разумеў, што поспеху ў справе адстойвання і захавання праваслаўный веры нельга дасягнуць без пастаяннага клопату пра павышэнне адукаванасці насельніцтва, у тым ліку духавенства. Астрожскі глыбока ўсведамляў, што адукацыя павінна мець нацыянальны характар, не толькі даваць веды, але выхоўваць людзей, адданых сваёй традыцыйнай Царкве і Бацькаўшчыне. Праваслаўныя свяшчэннаслужыцелі ў Рэчы Паспалітай не мелі магчымасці атрымліваць духоўную адукацыю. Не маючы агульных і багаслоўскіх ведаў, яны не маглі садзейнічаць асвеце народа. У той час, калі каталіцкая царква праз ордэн езуітаў актыўна прапагандавала і распаўсюджвала на беларускіх землях сваю сістэму адукацыі, якая была правадніком іх ідэалогіі, праваслаўныя мелі толькі школы пачатковай пісьменнасці пры асобных манастырах і храмах.

Існавала вострая патрэба ў такіх школах, з якіх выходзілі б падрыхтаваныя да свайго служэння свяшчэннікі і духоўныя настаўнікі. Таму князь Астрожскі аказваў пастаянную падтрымку школам, якія сталі ўзнікаць у канцы ХVI ст. пры праваслаўных брацтвах; асабліва цесныя стасункі ў яго склаліся з Львоўскай і Віленскай брацкімі школамі. Вядома, што ён заснаваў школы ў Тураве і Слуцку, Уладзіміры-Валынскім і Львове.

Але найбольш праславілася на ўсіх усходнеславянскіх землях школа, заснаваная каля 1576 г. на сродкі князя ў яго родавым памесці Астрог. Астрожская школа, ці акадэмія, як яе называлі сучаснікі, мела трохступенны характар, злучала ў сабе элементарную (пачатковую) і сярэднюю школы, з пачаткамі вышэйшай. У аснову праграмы навучання была пакладзена заходнееўрапейская сістэма "сямі вызваленых навук", вывучаліся граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка. Галоўная ўвага надавалася вывучэнню грэчаскай і царкоўнаславянскай моваў, выкладаліся таксама філасофія і багаслоўе.

Падручнікі для навучання рыхтавалаіся і друкаваліся ў Астрожскай друкарні. Непасрэдна пры школе і друкарні князь стварыў гурток адукаваных людзей, якія займаліся перакладамі, рыхтавалі і выдавалі вучэбную, богаслужэбную, павучальную літаратуру. Да гуртка належалі вядомы друкар Іван Фёдараў, пісьменнік Герасім Сматрыцкі, перакладчыкі і выдаўцы Васіль Суражскі і Цімафей Міхайлавіч; браты Дзям’ян і Ігнацій Налівайкі. У Астрог часта наведваліся вучоныя грэкі — Дзіянісій Палеалог, будучы Канстанцінопальскі патрыярх Кірыл Лукарыс, патрыяршы экзарх свяшчэннамучанік Нікіфар Кантакузін. Усе гэтыя высокаадукаваныя людзі прымалі ўдзел у навучанні, што сведчыць пра яго высокі ўзровень.

Са сцен Астрожскай акадэміі выйшлі вядомыя царкоўныя і грамадска-культурныя дзеячы— пісьменнікі-палемісты і перакладчыкі. Сярод іх: Клірык Астрожскі — аўтар пісьмаў-адказаў Іпацію Пацею; Мялецій Сматрыцкі — епіскап і вядомы пісьменнік-палеміст; Захарыя Капысценскі— пісьменнік-палеміст; Іаў Барэцкі — Кіеўскі мітрапаліт, перакладчык і пісьменнік; Стэфан Зізаній— педагог і царкоўны прапаведнік; Андрэй Рымша — вядомы беларускі паэт, заснавальнік панегірычнага жанру. Па ўзору Астрожскай школы дзейнічалі брацкія школы ў Вільні, Бярэсці, Мінску, Магілёве, Бельску, Пінску, у Куцейне пад Оршай, Полацку і інш.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.