Дабраверны князь Канстанцін Васілій Астрожскі. Да 400-годдзя памяці

 АСТРОЖСКАЯ БІБЛІЯ

Разумеючы, што самая надзённая патрэба для праваслаўнага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага заключаецца ў духоўнай асвеце, веданні Бібліі, князь Канстанцін Канстанцінавіч прыклаў тытанічныя намаганні, каб зрабіць славянскі біблейскі тэкст поўным і агульнадаступным і распаўсюдзіць яго ў друкаваным выглядзе. Ёнбыў перакананы, што толькі слова Божае зможа навярнуць грамадства на шлях пабожнасці і высокай маральнасці. Разам з тым, як чалавек адукаваны, ён хацеў выдаць тэкст Бібліі ў найбольш дакладным выглядзе. Пад час падрыхтоўкі Бібліі князь Канстанцін Канстанцінавіч неаднаразова звяртаўся да Патрыярха Канстанцінопальскага Іераміі з просьбай даслаць "добре исправленныя и безпорочныя греческия и словенския рукописи" і "людей способных". Князь атрымаў копію Генадзіеўскай Бібліі з Масквы, адправіў давераных людзей у грэчаскія, сербскія, балгарскія манастыры для збору спіскаў Бібліі. Выкарыстоўваючы ўжо існуючыя славянскія пераклады, у тым ліку зробленыя Ф.Скарынам, складальнікі Бібліі ажыццявілі параўнаўчы аналіз і рэдагаванне розных тэкстаў. Некаторыя часткі Бібліі былі дадаткова перакладзены з грэчаскай мовы. Даследчыкі Астрожскай Бібліі адзначаюць галоўную вартасць яе тэксту — надзвычай уважлівае стаўленне перакладчыкаў і рэдактараў да старажытных спіскаў і клопат пра адпаведнасць пераклада грэчаскаму арыгіналу. Нават у Заходняй Еўропе, дзе філалагічная навука была даволі развітай, у той час падобнай работы ніхто не выконваў. Першае пробнае выданне пабачыла свет 12 ліпеня 1580 г. і ўключала Новы Запавет іПсалтыр. Другое — асноўнае выданне — выйшла 12жніўня 1581 г. і ўключала поўны біблейскі звод і ўсе прадмовы да кнігі.

Астрожская Біблія, 1581 г.Астрожская Біблія стала вялікім духоўным скарбам усяго славянскага і хрысціянскага свету. Вядомы чэшскі філолаг і гісторык, класік славяназнаўства Ёзаф Добраўскі (1753–1829) адзначаў: "Я аддаў бы палову сваёй бібліятэкі за Астрожскую Біблію!" Выдатны прапаведнік іпалеміст XVII ст. Міхаіл Андрэла-Арасвігоўскі сцвярджаў, што за адну старонку гэтай кнігі ён аддаў бы Чэхію, Англію, нямецкую веру, Прусію, Польшчу, Фландрыю з іх духоўнымі традыцыямі, а ісціну яму адкрыла толькі гэтая кніга.

Астрожская Біблія, у падрыхтоўцы і рэдагаванні якой чынна ўдзельнічаў сам князь, стала першым друкаваным выданнем поўнага біблейскага зводу на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Яна была афіцыйна прызнана Маскоўскім Патрыярхатам і забяспечвала літургічныя патрэбы праваслаўнага славянства на працягу чатырох стагоддзяў. Першае маскоўскае выданне Бібліі 1663 г. было перадрукам Астрожскай Бібліі, яно было пакладзена ў аснову Елізавецінскага выдання 1751 г.

У Астрожскай друкарні, якая праіснавала 34 гады, былі надрукаваны дзесяткі кніг – вучэбных, павучальных, апалагетычных і асветніцкіх. Можна сцвярджаць, што выдавецкая дзейнасць Астрожскага і яго друкарні паспрыяла ажыўленню ўсёй выдавецкай справы ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, а падрыхтоўка і выданне Астрожскай Бібліі безумоўна станоўча паўплывала на развіццё асветы і багаслоўскай думкі ў Праваслаўнай Царкве.

Пры тыражы каля 1000–1500 экземпляраў да нашага часу дайшло больш за 260 асобнікаў Астрожскай Бібліі, якія захоўваюцца ў музеях, бібліятэках, архівах Украіны, Расіі, Беларусі, Польшчы, Літвы, Румыніі, Ватыкана, Грэцыі, Сербіі і іншых краін.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.