Дабраверны князь Канстанцін Васілій Астрожскі. Да 400-годдзя памяці

ПАМЯЦЬ НАШЧАДКАЎ

Дабраверны князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі дажыў да глыбокай старасці і спачыў 13 (26) лютага 1608 г. Апошнія гады ён жыў у родавых замках Крупы і Дубна на Украіне. Пасля спачыну яго цела было перавезена ў Астрог і пахавана каля Богаяўленскай замкавай царквы. Смерць дабравернага князя выклікала глыбокі смутак усіх праваслаўных, і нават у нядобразычліўцаў светлы вобраз змагара за веру бацькоў выклікаў міжвольную павагу.

У сваім завяшчанні князь, акрамя клопату пра двух сыноў, паміж якімі ён раздзяліў свае ўладанні, значную колькасць земляў і паселішчаў завяшчаў архіерэйскім кафедрам, манастырам і прыходскім цэрквам.

Як пры жыцці, так і пасля смерці імёны князёў Астрожскіх заставаліся сімвалам патрыятызму і адданасці веры бацькоў, непахіснасці ў адстойванні парушаных правоў. Ім прысвячаліся панегірыкі, пахвальныя словы, прадмовы да кніг. Надзвычай высока ацэньвалася роля роду Астрожскіх як адказных перад Богам за лёс Царквы і свайго народа ў канцы XVI – пач. XVII ст. Гэта было звязана з ускладненнем грамадска-палітычнага і царкоўна-канфесійнага становішча і разам з тым— абвостраным усведамленнем грамадскасцю ўласных гістарычных каранёў, пошуку шляхоў выхаду з крызісу. "Парасткам Уладзіміра Вялікага, які рускую зямлю ахрысціў" называў князя Канстанціна Астрожскага ў1598 г. тагачасны епіскап Уладзімірскі Іпацій Пацей. Пісьменнік Герасім Сматрыцкі ў вершы, які завяршаў прадмову да Астрожскай Бібліі, падкрэсліваў не толькі кроўную, але і духоўную пераемнасць Астрожскіх са святым Уладзімірам:

Владимир бо свой народ Крещением просветил,

Константин же благоразумия Писанием осветил…

Вядомы пісьменнік-палеміст і царкоўны дзеяч Стэфан Зізаній да свайго перакладу з грэчаскай "Казанья святого Кириллла патріаръхи іерусалимъскаго…" (Вільня, 1596) склаў прадмову, прысвечаную князю К.К. Астрожскаму.

Нават ідэолаг езуітаў Пётр Скарга, прысвяціў Астрожскаму, як чалавеку "першаму ў тым грэцкім законе і нараджэннем ад вялікіх продкаў і найбольшаю заможнасцю", палемічны трактат "Пра еднасць Божае царквы" (1577), уніяцкі мітрапаліт Іпацій Пацей у сваіх лістах называў яго "цвярдыняй і красой рускай царквы".

У 1908 г. у заходніх епархіях Рускай Праваслаўнай Царквы ўрачыста адзначалася 300-я гадавіна памяці князя К.К. Астрожскага. У Мінскай епархіі да гэтай даты было прымеркавана адкрыццё Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага Камітэта. Па благаславенню Праасвяшчэннага Міхаіла (Цемнарусава), епіскапа Мінскага і Тураўскага, на акце адкрыцця быў заслуханы даклад А.М. Панова, прысвечаны падзвіжніцкай дзейнасці князя К.К. Астрожскага на карысць Царквы і Бацькаўшчыны. Актывам Камітэта былі распрацаваны прапановы па правядзенні ўрачыстасцяў да юбілею:

урачыста адслужыць у цэрквах Мінскай епархіі літургіі і паніхіды па князю;

арганізаваць сходы, дзе пазнаёміць грамадскасць з яго жыццём і дзейнасцю;

правесці хрэсныя ходы з удзелам праваслаўных брацтваў;

вызваліць вучняў, асабліва духоўных школаў, ад вучэбных заняткаў;

выдаць кароткае апісанне жыцця князя і распаўсюдзіць у тысячах экземпляраў па гарадскіх і вясковых прыходах.

З нагоды 300-годдзя дня спачыну князя Праасвяшчэнны абавязваў духавенства епархіі ўпершую пасля 13 лютага нядзелю ва ўсіх цэрквах прачытаць жыццяпіс і распавесці народу пра вялікія заслугі і дзейнасць князя Астрожскага на карысць Праваслаўя і адправіць па ім паніхіды; падрыхтаваць брашуры з апісаннем жыцця і дзейнасці князя для бясплатнай раздачы ў цэрквах і для рассылкі.

Астрожская Біблія, 1581 г.Урачыстасці ў гонар юбілею адбыліся таксама ў Літоўска-Віленскай, Гродзенскай і Магілёўскай епархіях. Памяць дабравернага князя ў тым годзе ўшаноўвалася таксама на Украіне і ў Расіі. 13 лютага 1908 г. адбылося ўрачыстае пасяджэнне Галіцка-рускага дабрачыннага таварыства, на якім прафесар П.М. Жуковіч зачытаў гістарычнае паведамленне "Князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі ў барацьбе з царкоўнай уніяй". У выступленні быў дадзены адказ тым гісторыкам і ідэолагам уніі, якія залічвалі Астрожскага да свайго лагера, нагадваючы, што быў час, калі Астрожскі цікавіўся пытаннем аб злучэнні Усходняй і Заходняй цэркваў. Але, як гаварылася ў выступленні, сам Канстанцін Астрожскі, пачынаючы з моманту першых задумаў уніі епіскапамі, усім сваім наступным жыццём даказваў, што з задуманаю і ажыццёўленаю польскім урадам і заходнерускімі епіскапамі уніяй не меў нічога агульнага". У гэтым жа, юбілейным 1908 г., пабачылі свет выданні Ф.І. Цітова (Кіеў), протаіерэя Канстанціна Лявіцкага (Жытомір), А.М. Панова (Мінск), прысвечаныя Астрожскаму.

У Вільні па ініцыятыве Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў 1908 г. быў закладзены, а ў 1913 г. дабудаваны і асвячоны храм-помнік да 300-годдзя памяці князя Канстанціна Васілія Астрожскага. На мемарыяльнай дошцы Канстанціна-Міхайлаўскага храма і сёння можна прачытаць надпіс-прысвячэнне: "У памяць рупліўца і абаронца праваслаўнай народнасці".

Праз 90 гадоў у Беларусі стала магчымым ушанаваць сярод верных сыноў Царквы і Бацькаўшчыны імя дабравернага князя Астрожскага. Да 390-й гадавіны яго памяці з благаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта ў Мінску быў праведзены ўрачысты сход прадстаўнікоў Царквы і грамадскасці, у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска была адслужана ўрачыстая паніхіда, выдавецкі аддзел Брацтва ў гонар святых Віленскіх мучанікаў надрукаваў жыццяпіс князя і распаўсюдзіў у сотнях экземпляраў. Да гэтай даты былі прымеркаваны і навукова-багаслоўскія епархіяльныя чытанні з удзелам духавенства, царкоўных гісторыкаў, навукоўцаў, журналістаў. На радзіме Канстанціна Астрожскага, у Тураве, намаганнямі Брацтва быў устаноўлены і асвячоны памятны знак (скульптар М. Інькоў, архітэктар М. Сальнікаў). Удзельнікі навукова-багаслоўскіх чытанняў здзейснілі паломніцтва па месцах, звязаных са слаўным родам Астрожскіх па гарадах Мінск — Тураў — Астрог, у час якога змаглі наведаць замак Астрожскіх, ушанаваць месца спачыну князя Канстанціна (Васілія) каля Богаяўленскага сабора, пакланіцца мошчам прападобнага Фёдара Астрожскага.

Заслугі Канстанціна Канстанцінавіча і сёння ўшаноўваюцца ўдзячнымі нашчадкамі. На працягу апошніх 10-ці гадоў па ініцыятыве Брацтва ў гонар святых Віленскіх мучанікаў у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска штогод 26 лютага адпраўляецца паніхіда ў памяць дабравернага князя і праводзяцца Астрожскія царкоўна-асветніцкія чытанні.

У Беластоку (Польшча) заснаваны фонд імя князя Астрожскага. За значны ўклад у справу нацыянальнага і духоўнага Адраджэння медалём і ганаровай прэміяй імя Канстанціна (Васілія) Астрожскага кожны год узнагароджваюцца рупліўцы на ніве праваслаўнага асветніцтва.


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.