Акружное пасланне Кіеўскага ваяводы князя Канстанціна Астрожскага

Што можа быць бессаромней і беззаконней за тое, калі шэсць або сем зланораўных чалавек, па-зладзейску змовіўшыся і ад пастыраў сваіх, свяцейшых патрыярхаў, якімі пастаўлены былі, адмовіўшыся, усіх нас прававерных, быццам за жывёл бясслоўных лічачы, па сваёй волі намагаюцца ад ісціны адарваць і з сабой разам у пагібель весці? Таму якая карысць нам такіх мець? Іх жа і Сам Гасподзь называе, кажучы: “Вы ёсць святло свету,” — то гэтыя замест святла — цемра і спакуса ўсім. І яшчэ сказана: “Вы ёсць соль зямлі, калі ж соль страціць сілу, то чым асоліцца? Ні да чаго іншага не будзе годная, як толькі высыпаць яе вон на патаптанне людзям”. І калі татарамі, якія мала ведаюць Бога, і нявернымі іудзеямі, супраціўнікамі Божымі, таксама армянамі і іншымі, у дзяржаве яго каралеўскае міласці, гаспадара нашага, звычаі без ніякага парушэння захоўваюцца, то ці не больш намі, хрысціянамі па веры, яны павінны быць захаваныя, калі толькі ўсе, разам між сабою аб’яднаўшыся, заадно дбайна стаяць будзем. А я за ўсё жыццё маё і да гэтага часу па абавязку свайму хрысціянскаму, да памнажэння дасканалага закону адзінае ісціннае веры Святое Усходняе Царквы як памнажэннем Святых Пісанняў і кніг, так і іншымі набожнымі справамі дзеля славы Святога Імя Божага багаццем сваім паслужыў і да канца, калі Бог дапаможа мне, дзеля найбольшай перамогі ўсімі маімі сіламі на карысць бліжніх усіх прававерных хрысціян, братоў маіх, абяцаю служыць і разам з вашай міласцю, усімі прававернымі, быць у набожнасці хачу, дакуль мне хопіць сілы. Бо мы не паветра ці вецер сцеражом, але ісцінную веру, трымаючыся яе, захоўваем; ёю ўсе праведнікі і выбраннікі Божыя жывуць, як і пішацца: “Праведны вераю жыць будзе”. І ад злых бязбожнікаў пакутуючы, разнастайныя беды і смерць з падзякай прымаючы, веру непарушна захоўваем, бо і апостал Павел, які больш за іншых у бедах і напасцях вытрываў, кажа: “Шлях жыцця я прайшоў і веру захаваў”. Веру, якая не прыдуманая, як іншыя многія, чалавечым мудраваннем створаныя, але ад Самога Бога, яшчэ на пачатку свету разам са стварэннем першага чалавека была дадзеная, і з той пары праз усіх святых абраннікаў Божых дзейнічае і непарушна захоўваецца. Бо яшчэ ад родапачынальніка, праайца нашага, у адным з першародных сыноў Адамавых яна была, як апостал сведчыць, кажучы: “Верай большую за Каінаву ахвяру Авель прынёс Богу, дзеля якой была засведчана яго праведнасць, якая сведчыла пра дары яго Богу, з-за якой ён і смерць прыняў, і дагэтуль успамінаюць яго”, таму што “у вечнай памяці будзе праведнік,“ — і яшчэ: “Праведнікі ўвек жывуць”, як і іншыя богаўгодныя людзі, яшчэ да закону і ў законе, гэтай адзінай ісцінай веры трымаючыся, беззаганнай яе захоўвалі, чакаючы прышэсця абяцанага ад пачатку вякоў, Таго, у Якога веравалі — Іісуса Хрыста, Спасіцеля ўсіх нас, як і Сам Гасподзь гаворыць: “Ніхто не ўзыходзіў на неба, толькі Сын Чалавечы, Які, будучы на небе, сышоў з неба; як і Маісей узняў змея ў пустыні, так належыць быць узнятым Сыну Чалавечаму, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае”. “Амінь, кажу вам, веруючы ў Мяне мае жыццё вечнае; … хто веруе ў Мяне, калі і памрэ, будзе жыць; і кожны, хто жыве і веруе ў Мяне, не памрэ давеку”. Тым жа і ўсе праведныя, якія да закону і ў законе жылі, гэта прадбачыўшы духоўнымі вачыма, як апостал сведчыць, кажучы: “У веры памерлі ўсе гэтыя, не атрымаўшы абяцанага, але толькі здалёк глядзелі і радаваліся…”. Гэтай адзінай верай, ісціннай ад пачатку свету і да сканчэння, усе святыя і атрымлівалі апраўданне, як гаворыць апостал: “Бо апраўдаўшыся верай, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Іісуса Хрыста, праз якога і атрымалі па веры прывядзенне ў гэтую благадаць”. Бо тыя, што да закону і ў законе жылі, верай вызнавалі, што павінен прыйсці Той, каго чакалі, гэта значыць Хрыстос, каб выратаваць ўсіх. І калі прыйшоў, то ўсё прадбачанае святымі і абвешчанае прарокамі ў Іерусаліме, Сабой Сам абнавіў і, справай здзейсніўшы, адкрыта паказаў. Тыя ж, што і пасля прышэсця Хрыстовага і да гэтых часоў у адноўленай благадаці заззялі, вераю вызнаюць, што Ён ужо прыйшоў і ўсё выканаў. Таму ўсе яны адзінай верай выратоўваюцца, і тыя, што не атрымалі ўсёй узнагароды, абяцанай за працу і подзвігі іх, але з радасцю чакаюць, каб у судны дзень атрымаць кожнаму па справах іх. Дык з гэтага вынікае, што акрамя адзінай веры, ад пачатку свету абвешчанай, Самім Госпадам нашым Іісусам Хрыстом у Іерусаліме пачатай і адкрытай, няма іншай ісціннай веры: бо ўсе набожныя народы, якія паўсюль жывуць і насяляюць зямлю, з Іерусаліма яе ўдзельнікамі спадобіліся быць. І адтуль прасвяціліся Божым словам Святога Пісання, пра што немагчыма ў гэтым лісце вытлумачыць; але болей у Пісанні пра гэта, ваша міласць, знойдзеце і, са стараннасцю прачытаўшы, Божай дапамогай умацаваўшыся, лягчэй зразумець зможаце. Бо калі ад пачатку свету і да гэтай пары вораг і супраціўнік наш дыявал не перастае паўставаць супраць ісціннае веры, разнастайнымі дзеямі ўзбройваючыся, то тым болей і да нас, якія спяць, як гаворыць Гасподзь, прыходзіць вораг, каб сеяць плевелы паміж пшаніцай, як і цяпер праз саміх ілжэпастыраў нашых. Але нам не трэба гэтым спакушацца, а, моцна ўзброіўшыся, не адкрываючы спіны ворагу, прасіць у Бога, каб Ён сакрушыў сатану пад ногі нашы. Бо ўсё гэта з-за грахоў нашых сталася па папушчэнню Божаму. Абуджаючы нас ад сну і ў духоўную бадзёрасць прыводзячы, Ён правярае і выпрабоўвае, каб багалюбцы выявіліся, а слодычалюбцы былі выкрытыя і зняслаўленыя. Бо якое незлічонае мноства святых за гэтую ісцінную веру кроў сваю пралілі і вялікія мукі наваджэннем дыявалавым ад бязбожных людзей па-пакутніцку вытрымалі, як раней і Сам Спасіцель наш Іісус Хрыстос ад няўдзячных іудзеяў. Гэтага нам трымацца трэба ва ўсім, як і апостал раіць: з цярплівасцю ісці на належны нам подзвіг, “гледзячы на Начальніка і Здзяйсняльніка веры Іісуса, Які замест належнай Яму радасці прыняў крыж, пагарджаючы ганьбаю”. Бо хоць і думаюць некаторыя неразважлівыя, што могуць быць розныя веры, аднак кожны, хто ў Божым Пісанні выхаваны, разумее, што такія разнастайныя веры, створаныя чалавечымі намаганнямі, толькі часова трымаюцца, а не сілай Божай. Некаторых багаццем і славай гэтага свету спакушаюць, адрываючы ад добрага, а іншых мукамі прымушаюць, як тое і даўнейшыя мучыцелі ўчынялі. Сам Божы апостал Павел, які пра веру святых піша, і пра сябе самога сведчыць, што раней, чым адкрыта яму было Госпадам і ён быў пакліканы і абраны, да таго, знаходзячыся ў памрачэнні духу іудзейскага, ён больш за іншых быў старанным раўніўцам сваёй іудзейскай спакусы. Колькім святым ён шкоды ўчыніў, звязаўшы і мучыўшы іх, і ў цямніцах замыкаючы, таксама і ў кровапраліцці блажэннага першамучаніка Сцяфана саўдзельнікам ён быў. Так і астатнія іудзеі, калі ўладай гвалтоўнай сваю няправедную задуму выканаць у чымсьці не здолелі, то, багаццем спакушаючы, срэбрам улагоджвалі, як учынілі і воінам, калі хацелі ўтаіць Уваскрасенне Хрыстовае. Так робяць і астатнія ўсе, да іх падобныя вынаходнікі сваіх вераў, мудраваннем свету гэтага заганарыўшыся.

Толькі ў адзінай ісціннай веры, ад Начальніка і Здзяйсняльніка яе, Госпада нашага Іісуса Хрыста, перададзенай і з Іерусаліма Божымі вучнямі Яго паўсюль рассеянай і прапаведанай, якая моцна і непахісна прававернымі захоўваецца, ніхто не можа сказаць і сведчыць, каб калі-небудзь кагосьці прынявольвалі і мучылі дзеля навяртання. Але самі ад злаверных па наваджэнні ворага мукі і пакуты з удзячнасцю Богу цярпелі, ускладаючы ўсю надзею на праведнага Суддзю, як напісана: “Мой суд, Я і спытаю, — кажа Гасподзь”. Дзеля гэтага і Божы апостал, калі ва ўсведамленне і пазнанне адзінае веры прыйшоў, ужо жадаў не мучыць, а самому быць умучаным, як і казаў: “Яны ішлі з судовага сходу, радуючыся, што за імя Госпада Іісуса спадобіліся ганенне перанесці”, бо ўсе, “хто хоча набожна жыць у Хрысце Іісусе, будуць цярпець ганенні”. Падобна, і нам ён кажа: каб вера ваша “была не ў мудраванні чалавечым, але ў сіле Божай”. Бо ад гэтага і прававернымі называемся. Таму носім імя прававерных, што не ад чалавечых прыдумак, мудраваннем свету гэтага складзенных розных вер, але ад Самога Госпада нашага Іісуса Хрыста перададзенай нам адзінае ісціннае веры з усіх сіл трымаемся, старанна молячыся Яму, каб не было нам папушчана вышэй нашых сіл быць выпрабаванымі, але каб заўсёднай благадаццю чалавекалюбства Свайго падаў нам руку дапамогі Сваёй і спадобіў нас у подзвігу добрым удасканаліцца, дарогу жыця прайсці да канца, веру непарушна захаваць і вечных дабротаў спадкаемцамі быць. Амінь.

У лета ад Стварэння Свету 7104, ад нараджэння Хрыстовага па плоці 1595, месяца чэрвеня 24 дня гэта напісана.

 Пераклад Алеся Караля

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.