Прападобны Марцін Тураўскі

Адзін з першых беларускіх святых — блажэнны Марцін Тураўскі. Аб ягоным жыцці можна даведацца толькі з жыццяпісу святых дабраверных князёў Барыса і Глеба, замучаных у 1015 годзе. Там нічога не гаворыцца аб ягоным паходжанні і маладосці. Сказана толькі, што ён быў манахам і служыў у Тураўскіх епіскапаў: "Некто старец, именем Мартын быв преж повар епископом Туровским: Симеону, Игнатію, Іоакиму. Сего епископ Георгий свободи старости ради". Пачатак епіскапства Георгія — гэта адзіная падзея, якая можа служыць для азначэння апошніх гадоў жыцця прп. Марціна.

Марцін, кінуўшы кухарства, з дазволу Георгія пайшоў у епіскапскі манастыр святых мучанікаў Барыса і Глеба, які знаходзіўся за горадам на востраве між Прыпяццю і яе прытокам. Тады манастыры былі малалюднымі, але ў манастыры Барыса і Глеба не было зусім нікога. Прп.Марцін жыў у ім адзін.

Згаданы жыццяпіс святых Барыса і Глеба апавядае аб адным выпадку. Стары Марцін цяжка захварэў і ляжаў адзін у сваёй келлі. Хвароба апанавала манаха якраз падчас веснавога разводдзя, калі да вострава цяжка было дабрацца. На трэці дзень бездапаможнага ляжання ў келлю з'явіліся два маладыя князі. Прп.Марцін распавёў ім аб сваёй хваробе і дадаў: "Няма каму даць мне нават напіцца". Тады малодшы з князёў прынёс ваду, а старэйшы напаіў хворага. "Хто вы такія?" — занытаў Марцін. Яму адказалі, што яны "браты Ярославовы". Прападобны падумаў, што яны браты Менскага князя і трэба іх пачаставаць. Ён сказаў: "Вазьмеце хаця хлеба". Незнаёмцы адказалі яму: "Няхай хлеб застаецца табе, а мы пойдзем. У нас ёсць справа ў Канстанцінопалі. Ты больш не хварэй…" Госці зніклі, а старац паправіўся. Пазней прп.Марцін зразумеў, што да яго ў келлю з'яўляліся святыя мучанікі Барыс і Глеб. Аб цудоўным здарэнні манах Марцін апавёў свайму духоўнаму айцу і, мабыць, тады была запісана гэтая падзея. Пасля таго выпадку прп. Марцін жыў яшчэ цэлы год.

Як зразумець гэты фрагмент жыцця святых Барыса і Глеба? Напэўна, не толькі як паказальнік цудадзейнага выздараўлення. Дарога першых рускіх святых Барыса і Глеба ў Канстанцінопаль – гэта прадказанне кананізацыі прп. Марціна. Блажэннага Марціна пачалі шанаваць як святога адразу пасля ягонае смерці. У наступным стагоддзі Тураў заняпаў ад татарскага наезду. Разам з тым загінулі звесткі з жыцця тураўскіх святых XII стагоддзя: Марціна, Лаўрэнція і Кірылы.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.