Свяціцель Кірыла, епіскап Тураўскі

Свц.Кірыла, епіскап Тураўскі, нарадзіўся ў 30-х гадах XII ст. у горадзе Тураве, што на Прыпяці, у сям'і багатых бацькоў. 3 дзяцінства ён старанна чытаў свяшчэнныя кнігі, глыбока асэнсоўваючы іх сутнасць. Настаўнікамі яго былі грэкі. Дасягнуўшы самастойнага ўзросту, Кірыла адмаўляецца ад спадчыны бацькоў і прымае пострыг у Тураўскім Барыса-Глебскім манастыры. Прабываючы ў посце і малітве, ён навучаў манахаў быць у поўным паслушанні ігумена: манах, які не знаходзіцца цалкам у паслушанні ігумена — не выконвае свайго манаскага абавязку, таму ён не можа атрымаць уратавання. Праз пэўны час святы Кірыла прымае затворніцтва, дзе ўмацоўваецца ў подзвігу і "многа Божественна Писания изложи". Шмат людзей звярталася да яго па духоўныя парады. Святасць жыцця і высокая адукаванасць святога Кірылы прыцягваюць да яго і манахаў, і простых вернікаў. Яго абіраюць на Тураўскую кафедру. Свц.Кірыла піша ў гэты перыяд шмат пасланняў да святога князя Андрэя Багалюбскага, у якіх выкрывае ерась епіскапа Фёдара, заняўшага Уладзіміра-Суздальскую кафедру і спрабаваўшага аддзяліцца ад Кіеўскай мітраполіі. Схільны да адзіноцтва, свц.Кірыла пакідае епіскапскую кафедру і цалкам прысвячае сябе напісанню духоўных твораў. Лічыцца, што ён напісаў "Словы" на ўсё гадавое кола Гасподніх святаў. Але не ўсё напісанае захавалася. Павучэнні свяціцеля Кірылы змяшчаліся ў зборніках побач са старажытнымі святаайчыннымі творамі.

Як багаслоў свц.Кірыла Тураўскі бачыў сваю задачу ў тым, каб выяўляць сапраўдны, дабравесны сэнс таго альбо іншага тэксту Свяшчэннага Пісання.

Спачыў свц.Кірыла 28 красавіка (с.ст.) 1183 г. Сучаснікі называлі яго рускім Златавустам. Аб сабе свяціцель сціпла казаў: "Я не жнец, а збіраю каласы; я не мастак у кніжных справах". I разам з тым ён заўжды ўсведамляў вышыню свяціцельскага служэння, на якое яго паставіў Гасподзь: "Калі б я казаў ад сябе, вы рабілі б добра, не прыходзячы ў храм. Але я спавяшчаю вам Слова Госпада, чытаю вам грамату Хрыстову… Я раздаю словы Божыя, даражэйшыя за золата і каштоўныя камяні, саладзейшыя за мёд і соты, і вы страчваеце іх, не прыходзячы ў царкву… але тых, хто прыходзіць, хвалю і благаслаўляю".

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.