Свяціцель Лаўрэнцій, затворнік Пячэрскі, епіскап Тураўскі

Аб жыцці і дзейнасці прападобнага Лаўрэнція мы даведваемся з жыццяпісу святых Кіева-Пячэрскай лаўры. Сваё манаскае жыццё прп. Лаўрэнцій пачаў у Кіева-Пячэрскім манастыры. Вялікае ўражанне на яго зрабілі словы Збавіцеля, Які сказаў: "Калі ты молішся, зайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве" (Мф. 6:6). Лаўрэнцій вырашыў жыць у затворніцтве — у адзіноце, воддаль іншых манахаў, у пячэры. Аднак згоды ігумена манастыра на гэта малады манах не атрымаў. Тады Лаўрэнцій пайшоў у манастыр святога вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, што знаходзіўся побач Кіева-Пячэрскае лаўры. Дзімітрыеўскі манастыр, заснаваны князем Ізяславам, з 1128 года быў падначалены Пячэрскаму архімандрыту. Там Лаўрэнцій жыў зноў жа ў затворніцтве, прызначыўшы сабе самы суровы рэжым манаскага жыцця. Дзякуючы шчырай малітве, подзвігу ды Божае міласці, ён пачаў лячыць людзей ад цялесных і душэўных хваробаў. Прп.Лаўрэнцій праславіўся сваёй здольнасцю ацаляць.

Аднаго разу прывялі да яго чалавека, апанаванага нячыстым. Доўгі час апанаваны знаходзіўся пры манаху Лаўрэнціі, але не ацаляўся. Прападобны не адмовіўся ад хворага і павёў няшчаснага ў Пячэрскі манастыр шукаць там для яго збаўлення. Дужа шалеў хворы па дарозе да манастыра, баяўся ўвайсці ў святую Лаўру, поўную манахаў і падзвіжнікаў. Але, ледзь увайшоўшы ў манастыр ды стаўшы перад іконай Божае Маці Пячэрскае, ён цалкам пазбавіўся нячыстае сілы. 3 таго часу прп.Лаўрэнцій стаў служынь пры Кіева-Пячэрскім манастыры.

Глыбокая вера й адданасць Царкве манаха Лаўрэнція звярнулі ўвагу кіеўскага мітрапаліта, які ў 1182 годзе прызначыў Лаўрэнція ўладыкам на Тураўскую кафедру, дзе ён стаў пераемнікам святога Кірылы Тураўскага. У Тураве прп. Лаўрэнцій, нягледзячы на сваё становішча, працягваў свой подзвіг — даючы прыклад служэння Богу і Царкве.

Уладыка Лаўрэнцій займаў Тураўскую кафедру да 1194 года. 3 прычыны старасці й нямогласці ён прасіў дазволу мітрапаліта вярнуцца ў Пячэрскі манастыр. Там прп. Лаўрэнцій знайшоў месца свайго вечнага спачынку (1194 г.). Паводле мясцовага Тураўскага падання, нятленныя мошчы святога былі перанесеныя з былога Тураўскага Барысаглебскага манастыра ў Кіеў ды змешчаны ў той самай пячэры, дзе адбываў сваё затворніцтва святы Лаўрэнцій пры жыцці.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.