Праведная дзева Юльянія, князёўна Альшанская

Імя Юльянія было даволі распаўсюджанае сярод беларускіх свецкіх жанчын, як імя Еўфрасіння сярод манахіняў. Бацькі абіралі такое імя сваім дочкам, мабыць, таму, што яно ўвасабляла праведнасць, мудрасць беларускіх жанчын. Папулярнасць гэтага імені ўзрасла пасля кананізацыі ў палове XVII ст. Юльяніі, князёўны Альшанскай, і развіцця культу святых Юльяніі Вяземскай і Юльяніі Лазараўскай.

3 канца XIV ст. у Кіеве набываюць уладу праваслаўныя беларускія магнаты Альшанскія. На пачатку XVI ст. памерла з невядомых прычын дачка князя Грыгорыя Альшанскага 16-гадовая Юльянія. Яе цела было пахавана ў пячэрах Кіева-Пячэрскай лаўры. Мы нічога не ведаем пра зямное жыццё князёўны Юльяніі, апрача таго, што яна была глыбокае веры і мудрасці. 3 Божае волі больш чым праз сто год, падчас пахавання адной паважанай і заслужанай для царквы жанчыны, была парушана магіла Юльяніі Альшанскай. Яе цела аказалася нятленным, яна ляжала ў пячэры быццам жывая, апранутая ў багаты строй. Манахі перанеслі цела князёўны ў Вялікую царкву Кіева-Пячэрскай лаўры, але спачатку не лічылі за мошчы. Аднак, праз колькі год праведная Юльянія з'явілася ўва сне кіеўскаму мітрапаліту Пятру Магіле, папракала за малую ўвагу да яе астанкаў і загадала ўшаноўваць свае мошчы. Па загаду мітрапаліта манахі перанеслі мошчы ў каштоўную раку і пачалі служыць пры іх акафісты. Ад таго часу распачаліся пры мошчах цудадзейныя з'явы.

Аднойчы злодзей пранік у царкву і зняў з рукі святой князёўны каштоўны пярсцёнак. Выйшаўшы з царквы, ён голасна ўскрыкнуў і памёр…

Аднойдзенне мошчаў пазначана ў календары датаю 19 ліпеня (н. ст.).

Мошчы праведнаіі князёўны захоўваліся ў Пячэрскай царкве, аднак загінулі падчас пажару (1718 г.).

Культ святой князёўны Юльяніі адыграў важную ролюва ўмацаванні рэлігійнай свядомасці праваслаўных жыхароў беларускіх зямель. Многія прынялі цудадзейныя здарэнні пры мошчах святой як знак Божы, які загадваў ім стаяць за веру сваіх продкаў нават у самыя цяжкія для праваслаўя часіны. Да сённяшніх дзён праведная Юльянія, князёўна Альшанская, — узор жыцця і служэння Богу для хрысціянскіх жанчын на Беларусі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.