Прападобнамучанік Афанасій, ігумен Брэсцкі

Нарадзіўся прмч. Афанасій каля 1597 г. у пабожнай хрысціянскай сям'і Філіповічаў. Ён атрымаў грунтоўную адукацыю, ведаў багаслоўскую і гістарычную літаратуру, валодаў польскай, лацінскай, грэцкай, славянскай мовамі. Афанасій займаўся навучаннем моладзі ў сем'ях беларускіх шляхціцаў і нейкі час жыў пры двары Літоўскага канцлера Льва Сапегі.

У 1627 годзе Афанасій прыняў манаскі пострыг ад ігумена Іосіфа ў Віленскім Свята-Духаўскім манастыры. У 1632 годзе быў рукапакладзены ў іераманаха і прызначаны намеснікам у Дубойскі манастыр (каля Пінска).

У 1640 годзе прп. Афанасій абраны ігуменам Берасцейскага Сімяонаўскага манастыра. Ён актыўна збірае матэрыялы аб прыгнечаным стане праваслаўных, аб жорсткім уціску з боку уніятаў і каталікоў. У той час Беларусь уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. Таму, каб шукаць законнай абароны правоў праваслаўных, прп. Афанасію давялося ехаць у Варшаву і звярнуцца да караля. Але выніку гэта не дало. Не знайшоў падтрымкі прп. Афанасій нават сярод праваслаўных епіскапаў і архімандрытаў, што ў той час знаходзіліся ў Варшаве і лічылі за лепшае займацца сваімі прыватнымі справамі. Затое Маці Божая не прамінула паслаць сваю падтрымку. Перад ад'ездам з Варшавы, падчас чытання Акафіста Божае Маці, ён пачуў голас: "Афанасій! Падавай прашэнне на сойм праз вобраз мой Купяціцкі, на крыжы напісаны, і напомні каралю і ўсёй Рэчы Паспалітай аб праведным судзе Божым, калі яны не апамятаюцца і не адменяць унію".

У 1643 годзе прп. Афанасій выступае на сойме ў Варшаве, выкрывае уніятаў. Прамова ўразіла сойм, але польскія паны пасадзілі яго пад хатні арышт, і ён вырашыў змагацца за праўду сродкам "дзеля Хрыста юродзівых". Прп. Афанасія асудзілі, выслалі з Варшавы ў Кіеў, дзе ён правёў тры месяцы ў вязніцы. Вярнуўшыся ў Бярэсце, у свой Сімяонаўскі манастыр, прападобны зноў вырашае дамагацца ад караля і сойма адмены уніі. I зноў па прыездзе ў Варшаву яго пад вартай вяртаюць у Кіеў. Прп. Афанасій не пакідае змагання супраць уніі за абарону правоў праваслаўных. У дні паўстання Багдана Хмяльніцкага, падчас Літургіі ў Сімяонаўскім манастыры, ігумена Афанасія арыштавалі. Дарэмна іезуіты ўгаворвалі прападобнага адмовіцца ад праваслаўя… Ігумена катавалі, а пасля застрэлілі (1648 г.). Нятленнае цела святога Афанасія інакі перанеслі ў манастыр і праз некалькі дзён з пашанай пахавалі ў галоўным храме. У 1815 годзе драўляная манастырская царква згарэла, але знайшлі ацалелыя астанкі мошчаў, якія пазней, будучы змешчаныя ў драўляны каўчэг, былі пастаўлены для пакланення. Гасподзь дараваў цудатворную сілу гэтым мошчам прападобнамучаніка Афанасія.

Аднойдзенне мошчаў пазначана ў календары датаю 2 жніўня (н. ст.).

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.