Свяціцель Георгій Каніскі, Архіепіскап Магілёўскі і Беларускі

Архіепіскап Магілёўскі і Беларускі Георгій паходзіць са старажытнага набожнага роду ўкраінскіх дваран. Нарадзіўся будучы свяціцель 30 лістапада (с.ст.) 1717 года і ў хрышчэнні названы Грыгорыем. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай Акадэміі, якую скончыў "з асабліваю пахвалою".

Ва ўзросце 27 год прыняў манаскі пострыг з імем Георгій, а з 1745 года ён — выкладчык, а затым і рэктар роднай яму Акадэміі ў сане архімандрыта Кіева-Брацкага манастыра. I хаця гэтае служэнне яго было надзвычай паспяховым, ён дае сваю згоду заступіць на Беларускую кафедру. Гэта быў самаахвярны крок у найцяжэйшы для праваслаўнай Беларусі час. Калі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, якое ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, заставалася толькі адна праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве, у афіцыйных колах Польска-Літоўскай дзяржавы ўжо абмяркоўвалася пытанне аб ліквідацыі і гэтай епархіі. I вось 9 студзеня (с.ст) 1755 года архімандрыт Георгій быў абраны Сінодам на епіскапа Беларускага. Нават радасная і ўрачыстая сустрэча доўгачаканага епіскапа магілёўскаю пастваю не схавала ад вачэй свяціцеля Георгія жахлівага заняпаду, які быў выкліканы доўгімі гадамі прыгнёту і ганенняў на Праваслаўе. Змрочная рэчаіснасць не напалохала епіскапа Георгія. Ён рашуча і адважна ўзышоў на вялікі подзвіг апостальскага служэння, абаронцы Праваслаўя, у чым абапіраўся на сваю мужную волю, энергічны характар, цудоўнае веданне польскай і беларуска-літоўскай гісторыі, грамадзянскага права і судовай справы, а таксама на дасканалае валоданне польскай моваю.

Найбольшую ўвагу свяціцель Георгій надае духоўнай адукацыі святароў і народа. У 1757 годзе ў заснаванай ім друкарні перавыдае скарочаны "Катихизис" у сваім перакладзе, выдае свой "Сборник поучительных слов".

У 1759 годзе свяціцель заснаваў пры Магілёўска-Брацкім Спаскім манастыры школьныя класы, а затым і Духоўную Семінарыю. Рашуча змагаецца за правы праваслаўных у Польска-Літоўскай дзяржаве.

У 1768 годзе зноў пачалося пераследаванне праваслаўных, і перадусім ганінелі-каталікі запланавалі забіць епіскапа Георгія. Ён вымушаны быў ад'ехаць у Смаленск і перабываў у выгнанні да 1772 года, падтрымліваючы актыўную сувязь са сваёй пастваю.

Пасля першага падзелу Польшчы епіскап заступае на Магілёўскую кафедру, у склад якой увайшлі далучаныя да Расіі правінцыі Беларусі — Магілёў, Орша, Мсціслаўль і Рагачоў. У 1773 годзе ён быў узведзены ў сан Архіепіскапа і ўвайшоў у склад Свяцейшага Сінода.

Свяціцель Георгій спачыў 26 лютага (н.ст.) 1795 года і быў пахаваны ў асвечаным ім Спаскім саборы Магілёва.

Незадоўга да сваёй смерці архіпастыр склаў запавет, у якім адлюстраваліся ягоныя клопаты аб богаслужэнні, царкоўным добраўпарадкаванні, аб манастве, аб Семінарыі і справах епархіі, аб кліры і пастве, аб дабрачыннасці.

Паводле рашэння Святога Сінода Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы Архіепіскап Георгій Каніскі далучаны ў 1993 годзе да ліку мясцова ўшанаваных святых Беларускай Праваслаўнай Царквы. Святкаванне царкоўнай памяці свяціцеля пастаноўлена праводзіць 26 лютага (н.ст.) — у дзень яго праведнага спачыну і 6 жніўня — у дзень яго праслаўлення.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.