Прападобны Аўрамій Смаленскі

Нарадзіўся прп. Аўрамій у другой палове XII ст. у Смаленску ў сям'і заможных бацькоў, якія перад ім мелі 12 дачок і малілі Бога аб сыне. 3 дзяцінства ён рос пабожным, наведваў царкву і меў магчымасць вучыцца па кнігах. Бацькі спадзяваліся, што іх адзіны сын возьме шлюб і будзе прадаўжальнікам заможнага роду, але той прагнуў іншага жыцця. Па смерці бацькоў, раздаўшы ўсю маёмасць манастырам, цэрквам ды бедным, ён хадзіў па горадзе, апрануты ў рыззё і маліў Бога указаць шлях уратавання. Аўрамій прыняў пострыг у манастыры Прасвятой Багародзіцы, што ў месцы Селішча за 5 вёрстаў ад Смаленска. Выконваючы ў ім розныя паслушэнствы, прападобны старанна займаўся перапісваннем ды збіраннем кніг, здабываючы сабе духоўнае багацце. Смаленскі князь Раман Расціслававіч заснаваў у горадзе вучылішча, у якім навучаліся не толькі па славянскіх, але і па грэцкіх ды лацінскіх кнігах. Сам князь меў вялікі збор кніг, якімі карыстаўся прп. Аўрамій. Больш за 30 год падвізаўся ён у абіцелі, калі ігумен пераканаў яго прыняць у 1198 годзе сан прасвітара. Кожны дзень ён служыў Літургію і выконваў паслушэнства духаўніка не толькі для браціі, але і для міранаў. Хутка прападобны стаў шырока вядомы. Гэта выклікала зайздрасць сярод браціі і ігумена, і праз 5 год прападобны мусіў перайсці ў Крыжаўздзвіжанскі манастыр, што ў Смаленску. На ахвяраванні багамольцаў ён аздабляў саборны храм беднага манастыра іконамі, завесамі і свечкамі. Сам ён напісаў дзве іконы на самыя хвалюючыя для яго тэмы: аб Страшным судзе і аб пакутах за грахі.

Святы быў строгі да сябе і да сваіх духоўных дзяцей. Ен нястомна прапаведваў у царкве, павучаў тых, хто прыходзіў да яго ў келлю, размаўляючы роўна з багатымі і беднымі. Гарадская знаць і духавенства патрабавалі ў епіскапа Ігнація учыніць суд над прападобным, вінавацячы яго ў пералюбе, а таксама ў пераманьванні духоўных дзяцей. Але яшчэ цяжэйшымі былі абвінавачванні ў ерасі і чытанні забароненых кніг. За гэта нават прапаноўвалі спаліць альбо ўтапіць падзвіжніка. Але на судзе князя і епіскапа прападобны адвёў усе ілжывыя абвінавачванні. I ўсё ж, не гледзячы на гэта, яму забаранілі служыць і перавялі ў манастыр Прасвятой Багародзіцы, дзе ён падвізаўся раней. Страшная засуха была пакараннем за неправедны суд. Калі епіскап Ігнацій папрасіў прабачэння ў прападобнага Аўрамія і дазволіў яму служыць ды прапаведваць, дождж напаіў Смаленскую зямлю. Свяціцель Ігнацій пабудаваў новы манастыр у гонар рызы Прасвятой Багародзіцы і даручыў у ім настаяцельства прп. Аўрамію, ды і сам, пакінуўшы па старасці епархію, пасяліўся ў гэтым манастыры. Шмат было людзей, якія жадалі служыць пад кіраўніцтвам прп. Аўрамія, але ён прымаў іх вельмі разборліва пасля адпаведных выпрабаванняў, таму ў манастыры было толькі 17 братоў. Прп. Аўрамій пасля смерці свяціцеля Ігнація, які быў яго духоўным сябрам, павучаў брацію памятаць аб смерці і маліцца ўдзень і ўночы аб тым, каб не быць асуджаным на Судзе Божым. Памёр прп. Аўрамій каля 1224 года, пражыўшы ў манастве 50 год. Ужо напрыканцы XIII ст. яму была складзена служба.

Нягледзячы на тое, што прападобны Аўрамій не ўваходзіць у Сабор Беларускіх Святых, яго імя вельмі шануецца на Беларусі. Дзень памяці святога — 3 верасня (н.ст.).

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.