Мучанікі Віленскія — Антоній, Іаан і Яўстафій

Святыя мучанікі Антоній, Іаан і Яўстафій цярпелі за Хрыста пры Вялікім князі літоўскім Альгердзе.

Два родныя браты, прыдворныя князя Няжыла і Кумец, прынялі ад святара Нестара святое Хрышчэнне і атрымалі імёны Антоній і Іаан. Праз нейкі час князь абвінаваціў братоў у вераадступніцтве, дапытаў іх, і яны вызналі сябе хрысціянамі. Князь загадаў пасадзіць іх у вязніцу. Натоўпы народу прыходзілі да вязніцы, каб пачуць пропаведзі мучанікаў, і шмат каго святыя браты звярнулі да Хрыста. Напалоханыя жрацы патрабавалі пакарання братам. Раніцой 14 красавіка (27 красавіка па н.ст.) 1347 года мучанік Антоній быў павешаны на дубе. 24 красавіка быў задушаны святы Іаан, а цела яго было павешана на тым самым дубе.

Трэцім мучанікам за веру Хрыстову стаўся Круглец. Пры Хрышчэнні святар Нестар даў яму імя Яўстафій. Аднойчы ён прылюдна вызнаў сябе хрысціянінам і адмовіўся есці мяса з прычыны посту. Яго жорстка катавалі, пасля чаго павесілі на тым самым дубе, дзе раней прынялі мучаніцкую смерць святыя Антоній і Іаан. Адбылося гэта 13 снежня 1347 года.

На месцы пакарання смерцю святых мучанікаў па жаданню жонкі князя Альгерда Юльяніі была пабудавана капліца, а затым князем Канстанцінам Астрожскім быў пабудаваны храм у імя Святой Тройцы. У 1374 годзе Віленскія мучанікі былі кананізаваны Усяленскім Патрыярхам Філафеем.

У XVI ст. мошчы св. Антонія, Іаана і Яўстафія пераносяць у Свята-Духаў манастыр і змяшчаюць у крыпце. Падчас 2-й сусветнай вайны святыя мошчы былі эвакуяваны ў Маскву. Вяртанне іх адбылося 26 ліпеня 1946 года. Гэты дзень штогод святкуецца ў Віленскім Свята-Духавым манастыры.

Мучанікі Віленскія не ўваходзяць у Сабор Беларускіх Святых, але паўсюдна шануюцца на Беларусі.

Перанясенне часціцаў святых мошчаў мучанікаў Віленскіх Антонія, Іаана і Яўстафія

24 — 26 ліпеня (н.ст.) 1993 года адбылася значная падзея ў жыцці праваслаўных вернікаў Беларусі. У гэтыя дні з Віленскага Свята-Духава манастыра ў Мінскі Свята-Петра-Паўлаўскі сабор былі перанесены часткі мошчаў святых Віленскіх мучанікаў. Мошчы былі закладзеныя ў ікону трох Віленскіх мучанікаў, напісаную смаленскім іканапісцам Сяргеем Кульманавым. 25 ліпеня пры перанясенні іконы з часткамі святых мошчаў адбыліся ўрачыстыя сустрэчы і хросныя ходы ў Ашмянах (на Гродзеншчыне) і ў Ракаве (на Міншчыне). У Мінску Мітрапалітам Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі быў адслужаны ўрачысты малебен перад іконай з мошчамі на старажытным Мінскім Замчышчы. Пасля чаго ікона была ўстаноўлена для пакланення ў кафедралыіым Свята-Духавым саборы Мінска. На наступны дзень 26 ліпеня ікона са святымі мошчамі была ўрачыста перанесена ў Мінскі Свята-Петра-Паўлаўскі сабор на пастаяннае месца знаходжання.

Ініцыятарам і арганізатарам перанясення часціцаў мошчаў было Беларускае Праваслаўнае Брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў, якое са студзеня 1992 года дзейнічае пры Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы. Кожную сераду перад іконай са святымі мошчамі адбываецца малебная багаслужба з Акафістам святым мучанікам Антонію, Іаану і Яўстафію з удзелам брацкага хору.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.