Заступніца Мінска

Гэтая ікона, што размяшчаецца з левага боку ад галоўнага іканастаса Мінскага кафедральнага Свята-Духавага сабора, адразу прыцягвае да сябе ўвагу. Багатае ўбранства, святло лампадаў, безліч свечак на падсвечніках, мноства вернікаў, жадаючых ёй пакланіцца — усё гаворыць аб выключным яе шанаванні.

Мінская ікона Божае Маці… Расказ аб яе шматвяковай гісторыі не можа не стаць аповедам і аб таямнічым промысле Божым, звязаным з гэтай святыняй.

Паводле царкоўнага падання яна была напісана апосталам ад 70-ці, евангелістам Лукой і шмат гадоў знаходзілася ў Візантыі. Адтуль ікона трапіла ў Крым, у горад Корсунь, калі сястра візантыйскіх імператараў царэўна Ганна, якая выйшла замуж за кіеўскага князя Уладзіміра, у ліку многіх царкоўных рэліквій прывезла яе на Русь. Святы роўнаапостальны князь Уладзімір змясціў абраз у знакамітай Кіеўскай Дзесяціннай царкве. 3 таго часу мінула больш за тысячу гадоў…

Кіеў неаднойчы разбураўся качэўнікамі. Ад згаданай Дзесяціннай царквы засталіся адны руіны. Аднак Гасподзь захаваў ікону Сваёй Маці.

Падчас узяцця Кіева крымскім ханам Менглі-Гірэем, адзін з татараў садраў з іконы каштоўную аправу, упрыгожанні, а сам абраз кінуў у Днепр. I зноў Гасподзь захаваў святыню ад гібелі. Праз некаторы час яна была знойдзена ў нашым горадзе. Ікона плыла па рацэ Свіслачы, прыстала да берага і свяцілася незвычайным святлом. Урачыста перанеслі яе ў царкву Нараджэння Найсвяцейшае Багародзіцы на Замчышчы. Было гэта 13 жніўня (с.ст.) 1500 года.

На пачатку XVII стагоддзя, пасля далучэння многіх праваслаўных цэркваў да уніі, ікона была перанесена ў Свята-Духаву царкву, што месціцца ў Мінску на тэрыторыі сучаснай плошчы Свабоды. Тады ж, мабыць, уніяты зрабілі і частковае паднаўленне іконы, намагаючыся надаць ёй некаторыя заходнія рысы, адначасова павялічылі фармат абраза за кошт дадатковых дошак.

3 канца XVIII стагоддзя Мінская ікона Божае Маці знаходзілася ў Петрапаўлаўскім саборы (раней царква Святога Духа).

Шмат чаго пабачыў горад за гэтыя гады. Няма цяпер у Мінску царквы Нараджэння Багародзіцы, у 1937 годзе быў разбураны кафедральны Петрапаўлаўскі сабор. Мноства царкоўнай маёмасці і абразоў незваротна загінула пры гэтым, але зноў Гасподзь захаваў цудадзейную ікону.

Пасля 1936 года і да самай Айчыннай вайны ікона знаходзілася ў дрывяным складзе непадалёк ад акруговага Дома афіцэраў, захоўвалася ў непрыстасаваных для гэтага ўмовах, магла лёгка прыйсці ў нягоднасць, улічваючы яе старадаўнасць. Аднак і на гэты раз промысел Божы не дапусціў гібелі святыні. Падчас вайны набожная праваслаўная жыхарка Мінска Варвара Васільеўна Слабко звярнулася да нямецкіх акупацыйных уладаў з хадайніцтвам аб перадачы царкве маёмасці, што знаходзілася у згаданым дрывяным складзе. Дазвол быў атрыманы. I вось пад слоем пылу жанчына ўбачыла дзівосны лік Прасвятой Багародзіцы. Так зноў была знойдзена ікона. Спатрэбілася руплівая рэстаўрацыя яе мастаком і іканапісцам Г.Віэрам, якая цалкам пацвердзіла старадаўняе паходжанне абараза. Затым ікона была перададзена ў толькі што адкрытую Свята-Кацярынінскую (у той час Петрапаўлаўскую) царкву, дзе знаходзілася да снежня 1944 года, г.зн. да закрыцця гэтай царквы. У 1945 годзе яна была перанесена ў кафедральны Свята-Духаў сабор, дзе знаходзіцца да сённяшняга дня.

Якая глыбока павучальная для нас гісторыя гэтай цудадзейнай святыні… Колькі разоў Мінская ікона Божае Маці магла загінуць, але кожны раз аказвалася недасяжнаю для агню, ворагаў і ўсепаглынаючага часу. Кожны раз промысел Божы таямніча зберагаў святы абраз для нашага ўратавання і павучання. Так Маці Божая, заступніца нашага горада (нездарма ж яна змешчана ў акружэнні анёлаў на старажытным гербе Мінска) праз сваю ікону відавочна прымала і прымае малітвы і спадзяванні шматлікіх пакаленняў мінчанаў. I ў наш нялёгкі смутны час несупынна ідуць і ідуць да яе людзі, моляцца, ставяць свечкі, просяць дапамогі і заступніцтва за ўсіх нас з несумненнаю верай у выратавальны Божы промысел.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.