Заўсёды верны Праваслаўю

Свята-Ануфрыеўскі манастыр у Яблычыне паўстаў у пачатку XIV ст. над р. Бугам (у 30 км на поўдзень ад Тэраспаля, на Паўднёвым Падляшшы), у дакументах упершыню ўпамінаецца пад 1498 г. Легенда падае, што аднойчы рыбакам з'явіўся сам Ануфрый Вялікі і прамовіў: "Тут будзе ўслаўлена імя маё", і праз нейкі час да берагу прыстала ікона святога. Для цудадзейнай іконы спачатку была пабудавана капліца, потым беларускі магнацкі род Заберазінскіх пабудаваў храм і пры ім заснаваў манастыр. Яблычын і манастыр па чарзе пераходзілі ва ўладанне і апеку беларускіх праваслаўных родаў Іллічаў, Багавіцінавічаў, Пронскіх, але заўсёды падзвіжнікі святой абіцелі карысталіся пашанай і падтрымкай.

Цяжкія выпрабаванні для манастыра пачаліся пасля Берасцейскай уніі (1596 г.). Ен знаходзіўся ва Уладзімірскай епархіі, епіскапам якой быў адзін з галоўных творцаў і насаджальнікаў уніі Іпацій Пацей, у далейшым уніяцкі мітрапаліт. Але ні ён, ні наступныя уніяцкія мітрапаліты і епіскапы не здолелі зламаць вернай праваслаўю яблычынскай браціі. Яна аб'ядналася з такімі ж манастырамі ў Драгічыне, Бельску, Заблудаве і разам яны склалі бастыён праваслаўя на Падляшшы… У Яблычынскай абіцелі скрытна жыў і кіраваў Холмскай епархіяй да сваёй смерці ў 1633 г. епіскап Паісій, якога ў 1620 г. патаемна высвяціў патрыярх Феафан. На абіцель наязджалі збройна, рабавалі маёмасць і дакументы, здзекваліся з святыні і манахаў, але брація вытрымала ўсё. Калі ў 1875 г. уніяты Паўднёвага Падляшша і Холмшчыны вярнуліся ва ўлонне Праваслаўя, манастыр адыграў значную ролю ў адраджэнні і ўмацаванні веры продкаў. 3 пачаткам 1-й сусветнай вайны Яблычынскаму манастыру настала сапраўдная Галгофа: яго разганялі, рабавалі, палілі, забівалі манахаў. Асабліва цяжка было ў 1938 г. падчас разбурэння праваслаўных цэркваў, у нямецкую акупацыю, у пасляваенныя гады этнічнай чысткі (акцыя "Вісла") у Паўднёвым Падляшшы праваслаўнага насельніцтва. Праваслаўнай Царкве ў Польшчы ледзь удалося ўратаваць манастыр. Ён пачаў станавіцца на ногі толькі ў 60-я гады.

Ад свайго заснавання і па сённяшні дзень Свята-Ануфрыеўскі манастыр верны Праваслаўю. Штогод 24-25 чэрвеня яго храм, манстырскія збудаванні, капліцы і ўсё наваколле запаўняюць паломнікі з Падляшша, усяе Польшчы і розных краін свету. Прыходзяць, каб пакланіцца святыні, памяці той браціі, што бараніла яе і ўжо адышла да Усявышняга, як і той, што сёння нясе свой нялёгкі манаскі подзвіг у яе мурах.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.