Святая гара

Знаходзіцца яна на Пабужжы ў 11 км на ўсход ад невялікага гарадка Сямяцічы, у 3 км ад чыгуначнай станцыі Сычы. Святая гара Грабарка — усеагульна шанаваная праваслаўнымі вернікамі святыня ў Польшчы.

Археалагічныя даследаванні і летапісы сведчаць, што перашапачатковай на гэтых землях была хрысціянская рэлігія ўсходняга абраду, праваслаўная. Ужо ў ІХ-Х ст.ст. сюды даходзілі місіянеры з Вялікамараўскай дзяржавы, вучні і паслядоўнікі святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія. На Сярэднім Пабужжы галоўнымі цэнтрамі духоўнага жыцця былі Бярэсце (Брэст), Драгічын і Мельнік, які месціцца ў 12 км на поўдзень ад св. гары Грабаркі. У Мельніку знаходзілася адна з першых на Пабужжы Свята-Багародзіцкая царква, а ў ёй — услаўленая цудамі ікона Спаса Збавіцеля. Пра гэтую святыню ў Іпатаўскім летапісе пад 1259 годам гаворыцца, што, выправіўшы брата Васілька са сваім войскам да татараў, якія кіраваліся на Літву, кароль Даніла Галіцкі "помолився Богу, святому Спасу Избавнику, яже есть икона яже есть в городе Мелнице во церкви святое Богородице и ныне стоить в велице чести". Да цудатворнай іконы звяртаўся народ у цяжкія хвіліны жыцця, у пераломныя моманты гісторыі.

Ікона Спаса Збавіцеля была перанесена ў глыб Мельніцкай пушчы на гару Грабарку, на якой, магчыма, тады знаходзіўся скіт манаха-пустэльніка. У якіх акалічнасцях і калі гэта адбывалася, дагэтуль не высветлена. Відаць, здарылася тое падчас вялікай небяспекі, якая пагражала святыні. Такая пагроза часта навісала: у XIII ст. з боку татараў, у XIV — крыжакоў, у ХVІ-ХVІІ ст. падчас жорсткіх праследаванняў праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. На жаль, ікону не ўдалося захаваць, але памяць пра яе і глыбокая пашана да месца, дзе яна апошнім часам знаходзілася, праваслаўны люд захаваў і перанёс праз стагоддзі.

У легендах дайшла да нас памяць пра ўратаванне на св. гары Грабарцы жыхароў Сямяцічаў і навакольных мясцін падчас цяжкай эпідэміі халеры, якая пустошыла край у 1910 г. Таксама ў цяперашнія часы тут Гасподзь часта яўляе Сваю ласку.

Сёння на святой гары знаходзіцца праваслаўны жаночы манастыр свв. Марфы і Марыі. Ён быў заснаваны ў 1947 г., і з таго часу на Грабарцы штодзённа адбываюцца набажэнствы. Найбольш урачыстыя ў маі, калі сюды прыбывае шматтысячнае Маладзёжнае агульнапольскае паломніцтва з удзелам моладзі з многіх краінаў, у тым ліку і Беларусі, а таксама ў свята Ператварэння Гасподняга 19 жніўня (н.ст.) і напярэдадні яго. Тады тут з'яўляецца 50-70 тысяч паломнікаў з Польшчы і ўсяго свету, а набажэнствы ўзначальваюць члены Свяшчэннага Сінода Праваслаўнае Царквы ў Польшчы. Паломнікі прыносяць і ставяць ахвяравальныя крыжы рознай велічыні, іх тут стаіць некалькі тысяч.

У 1990 г. злачынец спаліў царкву на святой гары Грабарцы, але яна ўжо адбудаваная, перш за ўсё коштам ахвяраванняў праваслаўных вернікаў Польшчы і свету.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.